Учора, 26 лютага, на футбольных палях Еўропы былі згуляныя матчы ў адказ 1/16 фіналу ў асноўных футбольных еўракубках.

У Лізе Еўропы сербская «Црвена Звезда» ў дадатковы час саступіла французскаму «Лілю» з лікам 0:2. Тут лік у гульні адкрыў 39-гадовы Аліўе Жыру. У першым матчы перамаглі сербы з лікам 1:0, але па суме двух матчаў далей праходзяць французы.
Чэшскай «Вікторыі» і грэцкаму «Панацінайкасу» для гэтага спатрэбілася серыя пасляматчавых пенальці. У першым матчы яны згулялі 2:2. Учора ў асноўны і дадатковы час 1:1. А вось у латэрэі 11-метровых удараў больш фартовымі аказаліся – грэкі.
Венгерскі «Ферэнцвараш» прайшоў балгарскі «Лудагорац». Тыдзень таму лік быў 1:2, а ўчора 2:0.
Нямецкі «Штутгарт» учора саступіў 0:1 шатландскаму «Сэлтыку». Гол забіў Мак’Донаван ужо на 1 хвіліне гульні. Але дзякуючы папярэдняй перамозе з лікам 4:1, далей крочаць немцы.
Італьянская «Балонія», як і тыдзень таму, з лікам 1:0 перайграла нарвежскі «Бран», і прайшла далей.
Гішпанская «Сельта» тыдзень таму з лікам 2:1 перамагла грэцкі «ПАОК», а ўчора з лікам 1:0 і крочыць далей.
Ангельскі «Нотынгэм» учора саступіў турэцкаму «Фенербахчэ» з лікам 1:2. Але дзякуючы папярэдняй перамозе з лікам 3:0 праходзіць далей.
І бельгійскі «Генк» у дадатковым часе здабыў сабе праход у 1/8 фіналу ў двубоі з харвацкім «Дынама». Тыдзень таму яны згулялі 3:1. Учора ўжо ў асноўны час абмяняілся лікам 1:3 на карысць харватаў. Але ў дадатковых авертаймах бельгійцы зрабілі лік 3:3, што дало ім магчымасць крочыць далей.
У Лізе канферэнцый славенскі «Цэле» пад кіраўніцтвам беларускага галоўнага трэнера Івана Маеўскага прайшоў касаварскую «Дрыту». Як тыдзень таму, так і ўчора каманда беларуса перамагла з аднолькавым лікам 3:2.
Харвацкая «Рыека» з лікам 3:1 учора і 1:0 тыдзень таму прайшла кіпрыёцкую «Амонію».
Турэцкі «Самсунспор» таксама двойчы перамогшы македонскую «Шкендыю» з лікам 1:0 раней і 4:0 учора прайшоў далей.
З такім самым лікам 4:0 нідэрландскі «АЗ» учора перамог армянскі «Ноа», чым рэабілітаваўся за папярэднюю паразу з лікам 0:1 і праходзіць далей.
Ангельскі «Крыстал Пэлас» тыдзень таму ў Босніі і Герцагавіне згуляў 1:1 са «Зрыньскі». А ўчора «крыштальныя» перамаглі ў Лондане 2:0 і прайшлі далей.
Швайцарская «Лазана» пасля нічыёй 1:1 учора саступіла з лікам 1:2 чэшскай «Сігме» і прапусціла тую ў 1/8 фіналу.
Пазнаньскі «Лех» па суме дзвюх перамог 2:0 і ўчора 1:0 прайшоў далей фінскі «КюПС».
Беластоцкая «Ягелонія» ледзь не стварыла ўчора гістарычную сенсацыю для сябе і гісторыі польскага футбола. Нагадаю, што тыдзень таму пры даволі такі сімпатычнай гульні «Ягелонія» ў Беластоку прайграла італьянскай «Фіярэнтыне» з лікам 0:3.
Здавалася б усе шансы на праход далей ужо былі страчаныя яшчэ на стадыёне пры вуліцы Сланечная. Але хлопцам з Беластоку было, што сказаць.
19-гадовы польскі атакуючы паўабаронца «Ягелоніі» Барташ Мазурэк вызначыўся хет-трыкам у асноўны час у Фларэнцыі.
Спачатку ён аформіў дубль у першым тайме: адкрыў лік на 23-й хвіліне, а потым на 3-й кампенсаванай хвіліне падвоіў перавагу «Ягелоніі». Затым у гаспадароў адбылася замена брамніка. Замест Лукі Ледзерыні з пачатку другой паловы на поле выйшаў Давід дэ Хеа.
Але і яму Мазурэк забіў менш чым праз 4 хвіліны пасля пачатку другой паловы гульні – лік стаў 3:0 на карысць «думы Падляшша».
Дзякуючы гэтаму хет-трыку Барташ зараўняў лік па суме двух матчаў і па суме двубоя. З тым каманды і сышлі ў дадатковыя 30 хвілін гульні.
Там ужо на 107 хвіліне гульні «фіялкі» адзін мяч адквіталі 1:3. Затым на 114 хвіліне мяч у браму Абрамовіча адскочыў ад капітана «Ягі» Тараса Раманчука, які цягам 120 хвілін паказваў высокаякасную гульню, і лік стаў ужо 2:3. Пасля чаго на 118 хвіліне гэтага звышдраматчынага двубою Хесус Імаз ударам здалёк адквітаў гол – 2:4. Каб перавесці сыход матча ў серыю пенальці беластачанам не хапіла ўсяго аднаго гола і некалькі хвілін для гэтага. Але, на жаль, «Ягелонія» вяртаецца ў Беласток ужо вырашаць унутраныя пытанні і змагацца за другое сваё чэмпіёнства. Ужо ў нядзелю звышпрынцыповы матч з варшаўскай «Легіяй».
А вось для ўраджэнца падляшскага Граева Барташа Мазурэка ўчора ў Фларэнцыі быў першы хет-трык у прафесійнай кар’еры.
У бягучым сезоне да гэтага ён правёў 21 матч за першую каманду «Ягелоніі», забіў 1 мяч і аддаў 1 галявую перадачу.
Як паведамляе Opta, ён стаў першым гульцом, які нарадзіўся ў 2007 годзе ці пазней, якому ўдалося аформіць хет-трык у еўракубках. Дата нараджэння 19-гадовага гульца – 3 студзеня 2007 года.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Вашынгтон» на хатняй арэне абыграў «Філадэльфію» з лікам 3:1.
25-гадовы беларускі нападаючы «Вашынгтона» Аляксей Протас на 54-й хвіліне зрабіў асіст, а на 59-й – закінуў сваю 20-ю шайбу ў сезоне.
Протас правёў на лёдзе 15 хвілін 54 секунды за якія набраў 2 (1+1) выніковыя балы.
У бягучым сезоне НХЛ Протас правёў 57 матчаў, набраў 40 (20+20) ачкоў, мае паказчык карыснасці «+15» і 18 хвілін штрафнога часу.
Яго «Вашынгтон» займае дзявяты радок ва Усходняй канферэнцыі, на два адстаючы ад зоны плэй-оф.
«Ванкувер» Мікіты Талапілы саступіў у авертайме «Вініпегу» з лікам 2:3.
25-гадовы беларускі брамнік «Ванкувера» быў заяўлены на матч у ролі асноўнага галкіпера.
Ён правёў на лёдзе 61 хвіліну 16, адбіў 24 з 27 кідкоў суперніка, прапусціў 3 шайбы, скончыў матч з каэфіцыентам надзейнасці 3,00.
Яго прызналі другой зоркай матчу.
У бягучым сезоне НХЛ Талапіла правёў 10 матчаў, у якіх атрымаў 3 перамогі. Беларуса перыядычна выклікаюць у НХЛ з фарм-клуба.
«Ванкувер» з 43 баламі займае апошняе месца ў Заходняй канферэнцыі і ў агульнай табліцы НХЛ. Адставанне ад зоны плэй-оф — 20 балаў.
«Ліхай Вэлі» прайграў «Правідэнс» у матчы АХЛ з лікам 4:6.
24-гадовы беларускі брамнік «Ліхай Вэлі» Аляксей Коласаў быў заяўлены на матч у ролі асноўнага галкіпера.
Ён правёў на лёдзе 59:58 хв, адбіў 23 з 29 кідкоў суперніка, прапусціў шэсць шайбаў, скончыў сустрэчу з каэфіцыентам надзейнасці 6,00.
Апошні раз брамнік прапускаў шэсць шайбаў 2 лютага ў матчы з «Уілкс-Бэры».
У бягучым сезоне АХЛ Коласаў правёў 25 матчаў, атрымаўшы дзесяць перамог.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ «Хершы» дома аказаўся мацнейшым за «Юціку» з лікам 6:3.
Забітай шайбай вызначыўся беларускі форвард «Хершы» Ілля Протас, які зрабіў лік 4:1 на 26-й хвіліне паядынку.
Па выніку сустрэчы ён зарабіў 1 (1+0) выніковы бал і скончыў матч з паказчыкам карыснасці «+1».
Адзначым, што забітая шайба стала для Протаса 20-й у сезоне.
У бягучым сезоне АХЛ хакеіст згуляў 51 матч, набраў 41 (20+21) ачко, атрымаў 24 хвіліны штрафу і мае каэфіцыент карыснасці «+8».
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






