Бяспройгрышная серыя зборнай Беларусі, да якой мае дачыненне іспанскі трэнер Карлас Алос, складае ўжо восем матчаў — тры перамогі і пяць нічыіх. Ніколі раней нічога падобнага са зборнай не здаралася. Ранейшае дасягненне – 6 матчаў запар без «абаранкаў» – было ўсталявана восенню 2018 года ў Лізе нацый. Тады зборнай кіраваў Ігар Крывушэнка. На новым рэкордным адрэзку, які бярэ пачатак з леташняга кастрычніцкага хатняга матчу са зборнай Румыніі 0:0, беларусы толькі ў двух паядынках прапускалі галы — у апошняй гульні з Люксембургам 1:1 і драматычным леташнім выязным паядынку са Швейцарыяй 3:3. У наступным матчы беларусы згуляюць з паўночнаірландцамі 15 лістапада і ў выпадку поспеху выйдуць на першае месца.
Аргенціна з хет-трыкам Месі “знішчыла” Балівію
У Паўднёвай Амерыцы адбыліся матчы 10-га тура кваліфікацыі да Чэмпіяната свету-2026.
Аргенціна нечакана разграміла Балівію. Героем матча стаў Ліянэль Месі, які аформіў хет-трык і аддаў дзве выніковыя перадачы. Перамога 6:0 замацавала “альбіселесце” на вяршыні турнірнай табліцы – падначаленыя Скалоні набралі 22 ачкі і апярэджваюць бліжэйшага пераследніка – Калумбію – на 3 пункты. Нарэшце прарвала Бразілію. Пасля няўдач і сціплых перамог на адзін мяч “пентакампеоны” адарваліся на адным з аўтсайдараў – Перу. Дублем вызначыўся форвард Барселоны Рафінья. Бразільцы набралі 16 балаў і падняліся ў топ-4.
Беларускі форвард атрымаў узнагароду за трапленне ў зборную Экстракласы.
Польская футбольная асацыяцыя ўзнагародзіла беларускага нападніка мелецкай «Сталі» Іллю Шкурына. 25-гадовы гулец быў заахвочаны за трапленне ў сімвалічную зборную чэмпіянату Польшчы, якая была сфарміравана ў выніку апытання футбалістаў. Па выніках мінулага сезона Шкурын стаў другім снайперам Экстракласы з 16 галамі. Акрамя таго, ён запісаў у актыў 5 асістаў. У 10 матчах цяперашняга сезона на яго рахунку 2+1.
Томас Тухель – галоўны трэнер зборнай Англіі
Нямецкі спецыяліст Томас Тухель зацверджаны на пасадзе галоўнага трэнера зборнай Англіі. 51-гадовы настаўнік стаў трэцім не брытанцам на гэтай пасадзе пасля шведа Свена-Ерана Эрыксана і італьянца Фабіа Капэла. Ранейшы галоўны трэнер зборнай Англіі Гарэт Саўтгейт пайшоў у адстаўку ў ліпені, пасля паразы ад каманды Іспаніі ў фінале чэмпіянату Еўропы. Выканаўца абавязкаў галоўнага трэнера Лі Карслі застаецца на гэтай пасадзе на лістападаўскія матчы Лігі нацый са зборнымі Грэцыі і Ірландыі. Кантракт Тухеля пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2025 года.
Беларускае Радыё Рацыя






