BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Северсталь» трэці раз у сезоне абыграла менскае «Дынама»

На «Менск-Арэна» адбыўся чарговы матч рэгулярнага Чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі паміж «Дынама» і «Северсталлю». Перамогу ў матчы святкавалі чарапаўчане. Гол на шостай хвіліне матча забіў абаронца гасцей Крысціян Яраш. Чарапаўчане падвоілі перавагу на 15-й хвіліне дзякуючы дакладнаму кідку Міхаіла Ільіна. За некалькі секунд да канца першага перыяду менчукі скарацілі адставанне пасля гола Сяргея Кузняцова. «Северсталь» забіла два галы ў другім перыядзе – спачатку вызначыўся Мікіта Ражкоў, а затым Мікіта Сядоў. На старце трэцяга перыяду менчукі закінулі другую шайбу – вызначыўся Аляксандр Волкаў, але на большае гаспадароў не хапіла 2:4. «Северсталь» святкавала трэцюю перамогу ў трох матчах сезона з «зубрамі». За восем гульняў да заканчэння рэгулярнага чэмпіянату менчукі размяшчаюцца на 8-м месцы Заходняй канферэнцыі КХЛ, маючы ў актыве 59 балаў. Каб аформіць выхад у плэй-оф Кубка Гагарына, «Дынама» трэба набраць яшчэ чатыры ачкі або дачакацца паразаў у бліжэйшых матчах ад пераследнікаў – «Куньлуня» і «Сочы». Хатняя серыя «зуброў» завершыцца ў чацвер паядынкам супраць дзейных чэмпіёнаў КХЛ з ЦСКА.

Гандбалісты «Гомеля» прайгралі 8-ы матч у SEHA-лізе

Гандбалісты «Гомеля» без набраных ачкоў завяршылі выступы ў чэмпіянаце SEHA-лігі. У заключным паядынку папярэдняй групы А гамельчане прайгралі на выездзе «Пермскім мядзведзям» з лікам 28:31. Гэта восьмая параза «Гомеля» ў васьмі праведзеных сустрэчах. Чвэрцьфінальныя пары ўжо вызначыліся: «Машэка» – «Мяшкоў Брэст», «Віктар» – ЦСКА, «Зеніт» – СКА, «Пермскія мядзведзі» – «Чэхаўскія мядзведзі».

«Заглембе» пад кіраўніцтвам Хацкевіча прайграў камандзе Д3

«Заглембе» з Сасноўца, якім кіруе беларускі спецыяліст Аляксандр Хацкевіч, правёў чарговы таварыскі матч і саступіў у гасцях камандзе трэцяга польскага дывізіёна «Палоніі» Бытом – 0:1. Чэмпіянат Польшчы адновіцца 18 сакавіка. У 20-м туры каманда Аляксандра Хацкевіча прыме «Зніч». На гэты момант клуб з Сасноўца з 11 ачкамі займае апошняе месца ў турнірнай табліцы другога польскага дывізіёна.

Кісляк, Аляхновіч і Гардзяйчук падпісалі дамовы да новай фінансавай столі і будуць атрымліваць 6800 рублёў на месяц

Tribuna.com даведалася пра стан спраў з фінансамі ў берасцейскага «Дынама». Па некаторых звестках, фінансавыя ўмовы ў «Дынама» прапануюцца на ўзроўні серадняка вышэйшай лігі. Большасці маладых у Берасці будуць плаціць паўтары-дзве тысячы рублёў, хаця ёсць і выключэнні. А вось вопытныя Сяргей Кісляк, Эдгар Аляхновіч і Міхаіл Гардзяйчук (усе працягнулі кантракты) могуць разлічваць на максімальна магчымыя па лімітах заробкі. Пры гэтым дамовы з ветэранамі працягваліся да чарговага паніжэння столі заробкаў, і яны заскочылі на цягнік з ранейшымі лічбамі. Не для зборнікаў, якімі і з’яўляюцца берасцейскія лідары, яны знаходзіліся на адзнацы 6800 рублёў «бруднымі». Сярэднія ж лічбы па калектыве – 3-4 тысячы рублёў. У фінансавым плане справы ў Берасці выглядаюць куды больш надзейна, чым нават у леташняга срэбранага прызёра ЧБ «Нёмана». Гэта датычыцца як узроўню заробкаў (у Гародні ёсць стаўкі і менш як на тысячу рублёў), так і бюджэту агулам.

Трое гульцоў працягнулі кантракты са «Смаргонню»

Як паведаміла прэс-служба «Смаргоні», абаронца Ілля Коваль і паўабаронцы Максім Гаявы і Павел Селязнёў працягнулі кантракты з клубам. Коваль мае на сваім рахунку 21 матч за «Смаргонь», ён забіў 1 мяч. Гаявы згуляў у 23 матчах і таксама забіў 1 мяч. Селязнёў адзначыўся голам і асістам у 14 сустрэчах.

Іарданія ўпершыню ў гісторыі выйшла ў фінал Кубка Азіі

Вызначыўся першы фіналіст Кубка Азіі. У першым паўфінальным матчы турніру зборная Іарданіі перамагла Паўднёвую Карэю – 2:0. Іарданія ўпершыню ў гісторыі згуляе ў фінале Кубка Азіі. Папярэднім рэкордным дасягненнем каманды быў чвэрцьфінал у 2004 і 2011 гадах. Увогуле іарданцы толькі пяты раз гуляюць у фінальнай стадыі Кубка Азіі.

Беларускае Радыё Рацыя