Беларускі спецыяліст Сяргей Ясінскі прызначаны выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера “Віцебска”. Пра гэта паведамляюць сацсеткі каманды.

Да гэтага Ясінскі кіраваў дублюючым складам віцяблян. Раней у адстаўку з пасады галоўнага трэнера быў адпраўлены Аляксандр Паўлаў.
Ясінскі ў мінулым ужо ўзначальваў «Віцебск»: пры ім каманда перамагла ў 71 матчы са 180, 44 разы згуляла ўнічыю і 65 разоў саступіла. У якасці в.а. галоўнага трэнера Ясінскі кіраваў “Віцебскам” у 17 паядынках. “Віцебск” займае шостае месца ў табліцы вышэйшай лігі з 29 ачкамі.
Галкіпер зборнай Беларусі Фёдар Лапаўхаў пабіў “барадаты” рэкорд
Фёдар Лапаўхаў, які адыграў увесь матч супраць зборнай Балгарыі і захаваў браму «сухой», пабіў адзін з самых “старых” рэкордаў зборнай Беларусі – малады галкіпер зарабіў першы “сухар” у афіцыйным матчы нашай нацыянальнай каманды (гаворка ідзе пра паядынкі адборавых турніраў чэмпіянатаў свету і Еўропы), а таксама Лігі нацый) у 21 год 77 дзён. Тым самым упала дасягненне, якое належала дагэтуль Васілю Хамутоўскаму і ўсталявана ў пачатку 21-га стагоддзя. 6 чэрвеня 2001 года на выездзе ў Осла на легендарным стадыёне “Улевал” у матчы супраць зборнай Нарвегіі, які скончыўся з лікам 1:1, Васіль заняў месца ў браме беларускай дружыны пасля таго, як на 82-й хвіліне з поля быў выдалены Генадзь Туміловіч. У той дзень Хамутоўскаму было 22 гады 280 дзён. Дарэчы, з улікам чэрвеньскага таварыскага матча супраць зборнай Ізраіля, гульня з балгарамі стала толькі другой для Лапаўхава ў нацыянальнай камандзе Беларусі.
Раналду ў 39 гадоў забіў 900-ы мяч у кар’еры
Форвард зборнай Партугаліі Крышціяну Раналду вызначыўся ў матчы Лігі нацый супраць каманды Харватыі. Для 39-гадовага нападніка гол стаў 900-м у кар’еры. 769 мячоў Раналду забіў на клубным узроўні і 131 – за зборную. Раналду забіваў за “Спортынг” (5 галоў), “Манчэстэр Юнайтэд” (145), “Рэал” (450), “Ювентус” (101). Цяпер партугалец выступае за клуб “Аль-Наср”, за які забіў 68 галоў. У складзе нацыянальнай каманды Раналду правёў 213 матчаў.
Балівія разграміла Венесуэлу, а Аргенціна не пакінула шанцаў Чылі ў кваліфікацыі ЧС-2026
Мінулай ноччу ў паўднёваамерыканскай зоне адборачнага турніру чэмпіянату свету адбыліся два матчы. Зборная Балівіі не зведала праблем з камандай Венесуэлы — 4:0, а аргенцінцы забілі тры мячы ў браму чылійцаў — 3:0. Адзначым, што перад матчам у Буэнас-Айрэсе з паплечнікамі і заўзятарамі ўрачыста развітаўся Анхель Ды Марыя, які завяршыў міжнародную кар’еру. Яшчэ адзін лідар зборнай Аргенціны Ліянэль Месі прапускаў гульню, бо працягвае аднаўляцца пасля траўмы.
18-гадовы беларускі абаронца заняў восьмае месца ў рэйтынгу самых перспектыўных гульцоў НХЛ ва ўзросце да 23 гадоў.
Эксперт The Athletic Коры Пронман прадставіў рэйтынг лепшых гульцоў НХЛ ва ўзросце да 23 гадоў. Гэты рэйтынг закліканы паказаць, хто, на яго думку, зробіць найлепшую прафесійную кар’еру. 18-гадовы беларускі абаронца «Чыкага» Арцём Ляўшуноў заняў у спісе 8-е месца.
— Ляўшуноў быў найлепшым абаронцам «Вялікай дзясяткі» ў гэтым сезоне, і гэта важкая частка таго, чаму «Мічыган Стэйт» з’яўляўся топ-камандай. Ён вельмі дасведчаны і крэатыўны, як у ролі гульца, які валодае шайбай, так і ў ролі пасуючага. У яго рукі, як у атакуючага абаронцы, і ён вельмі ўпэўнена валодае шайбай. Ён добра катаецца і можа гуляць у тэмпавым стылі, атакуючы з дапамогай свайго майстэрства.
Часам ён занадта агрэсіўны і гуляе як форвард, што падабаецца некаторым скаўтам. У яго ёсць патэнцыял стаць ударным абаронцам НХЛ, які будзе набіраць ачкі на высокім узроўні, – мяркуе аўтар The Athletic.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: pressball.by






