BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

СК пачаў крымінальную справу ў дачыненні да Паўла Шурмея

Следчы камітэт у Менску распачаў крымінальную справу ў дачыненні да ўдзельніка дзьвюх алімпіяд, экс-весляра зборнай Беларусі і камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Паўла Шурмея.

Ён абвінавачваецца па 13 артыкулах Крымінальнага кодэкса, уключаючы здраду дзяржаве, удзел у злачыннай ці экстрэмісцкай арганізацыі, садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і дэскрыдытацыю Рэспублікі Беларусь.

На фота: Павел Шурмей злева

Спецвытворчасць таксама распачатая супраць былога намесніка камандзіра Палка Каліноўскага, сёння прадстаўніка па абароне і нацыянальнай бяспецы ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Вадзіма Кабанчука, Аляксея Кавальчука, Аляксея Назарава і былога камандзіра ПКК Дзяніса Прохарава. Усім ім прапануюць з’явіцца ва ўпраўленне рэжымнага Следчага камітэта па горадзе Менску.

Учора прайшоў матч другога раунда жаночага Кубка Еўропы па футболе. «Мінск» згуляў на нейтральным полі ў Албаніі з нідэрландскім «ПСВ» і саступіў з лікам 0:2. Пераможца прайшоў у наступны раўнд еўракубка.

Польская плоцкая «Вісла» атрымала перамогу над французскім «ПСЖ»  з лікам 35:32 у матчы групавога этапу гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. Левы паўсярэдні зборнай Беларусі Кірыл Самойла адзначыўся адным дакладным кідком у складзе «Віслы». У пяці матчах «Вісла» набрала восем ачкоў і займае другое месца ў групе В. «ПСЖ» знаходзіцца на пятай пазіцыі з чатырма ачкамі.

А вось другі прадстаўнік французскага чэмпіяната «Нант» абыграў іншы польскі клуб «Кельцы» з лікам 35:27. Беларускі лінейны Арцём Каралёк вызначыўся сямю галамі ў гульні. Ён стаў самым карысным гульцом у складзе «Кельцаў». Пасля пяці гульняў «Кельцы» займае шостае месца ў групе А, у іх актыве два ачкі. «Нант» з шасцю баламі знаходзіцца на трэцім месцы.

Прайшлі чарговыя матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі з удзелам беларускіх гульцоў. «Калгары» Ягора Шаранговіча прайграў «Юце» (1:3). Нападаючы правёў на пляцоўцы 13:38 хвілін, зрабіў 1 кідок у створ і прайграў 1 укідванне пры паказчыку карыснасці «0». «Калгары» пацярпеў чацвёртую паразу запар і з двума ачкамі працягвае замыкаць табліцу Заходняй канферэнцыі.

«Чыкага» Арцёма Леўшунова разграміў «Сэнт-Луіс» (8:3). Абаронца адыграў 16:47 хвілін, нанёс 2 кідкі (1 з іх міма варот), ужыў 1 сілавы прыём, не адзначыўся дзейснымі баламі. Беларус завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «+3». Гэта найлепшая гульня Леўшунова ў НХЛ па карыснасці. «Чыкага» з 5 ачкамі падняўся на 7-е месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі. «Сэнт-Луіс» з 4 баламі займае 10-е месца.

А тым часам беларускі форвард «Вашынгтона» Аляксей Протас апярэдзіў легендарнага абаронцу Руслана Салея па колькасці галоў у рэгулярных чэмпіянатах НХЛ сярод беларусаў. На дадзены момант Протас мае ў актыве 46 забітых шайбаў у 249 гульнях, у той час як Салей згуляў 917 матчаў і забіў 45 шайбаў у паўночна-амерыканскай лізе. У гэтым сезоне ў Протаса стала 4 гульні, 5 (3+2) ачкоў, паказчык карыснасці «+5».

Топ-9 беларускіх хакеістаў у НХЛ па колькасці галоў у рэгулярных чэмпіянатах:
1. Міхаіл Грабоўскі – 125 галоў у 534 матчах
2. Андрэй Касціцын – 103 галы ў 398 матчах
3. Ягор Шаранговіч – 101 гол у 363 матчах
4. Уладзімір Цыплакоў – 69 галоў у 331 матчы
5. Сяргей Касціцын – 67 галоў у 353 матчах

6. Аляксей Протас – 46 галоў у 249 матчах
7. Руслан Салей – 45 галоў у 917 матчах
8. Канстанцін Кальцоў – 12 галоў у 144 матчах
9. Уладзіслаў Калячонак – 4 галы ў 74 матчах

18-гадовы беларускі гросмайстар Дзяніс Лазавік выйшаў у чвэрцьфінал чэмпіянату свету па хуткіх шахматах. У 1/8 фіналу беларус перайграў Арджуна Эрыгайсі з Індыі (12-9). Эрыгайсі займае чацвёртае месца ў рэйтынгу ФІДЭ па класічных шахматах і быў адным з фаварытаў турніру. У наступным матчы Лазавік сустрэнецца з пераможцам пары Ханс Німан (ЗША) – Дын Ліжэнь (Кітай). Апошні з’яўляецца 17-м чэмпіёнам свету па класічных шахматах. Прызавы фонд спаборніцтваў складае 250 000 даляраў.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя