BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Скончыліся гульні 2-га кваліфікацыйнага раўнда ў Лізе Еўропы

На еўрапейскіх футбольных палях скончыліся гульні другога кваліфікацыйнага раўнда ў Лізе Еўропы і Лізе канферэнцый. На жаль гарадзенскі «Нёман» не здолеў прыемна здзівіць сваіх заўзятараў і, як у мінулым годзе, расцягнуць свой аўтобусны футбольны еўратур. На нейтральным полі ў венгерскім Дз’ёры гульцы з берагоў Нёмана нічога не змаглі супрацьпаставіць румынскаму «ЧФР» і прайгралі з разгромным лікам 5:0. Такім чынам, сёлетні еўрасезон для гарадзенцаў закончаны.

У Лізе Еўропы таксама няўдала выступіў уладальнік Кубка Польшчы – кракаўская «Вісла», браму якой абараняе беларус Антон Чычкан. І калі тыдзень таму сваю хатнюю гульню кракавякі прагралі венскаму «Рапіду» з мінімальным лікам 1:2, то ў Вене атрымалі ў свае вароты 6 галоў супраць аднаго. Такім чынам каманда Антона Чычкана апускаецца ў Лігу канферэнцый, дзе згуляе са «Спартаком» са славацкай Трнавы.

Таксама вылятае, але з Лігі канферэнцый віленскі «Жальгірыс» зялёныя колеры якога абараняе беларускі абаронца Юрый Кендыш. Віленчукі не змаглі на выездзе ўтрымаць перавагу ў выглядзе мінімальнай хатняй перамогі над кіпрыётскім «Пафасам» і прайгралі ў дададзены час з лікам 3:0.

Адзіныя, хто змаглі парадаваць – гэта казахскі «Ардыбасы», у руля якога стаіць беларускі спецыяліст Аляксандр Сяднёў. Пасля выязной паразы ад люксембуржскага «Дзіферданжа», яны выдалі ў Шымкенце даволі вясёлы матч. Прапусціўшы першымі, здолелі выйграць асноўны час з лікам 3:2. Пасля ў дададзеныя паўгадзіны абмяняліся з супернікамі галамі і пасля гэтага вырашылі лёс далейшага праходу ў серыі пасляматчавых пенальці. І ў трэцім раўндзе Лігі канферэнцый «Ардыбасы» трапляе, дарэчы, на армянскі «Пюнік», якога з першага раўнда Лігі чэмпіёнаў выбіла менскае «Дынама».

Таксама далей па сетцы Лігі канферэнцый сінхронна прайшлі варшаўская «Легія» і вроцлаўскі «Шлёнск». Якія адолелі ў двубоях валійскі «Карнарвон» і латышскую «Рыгу». А ў трэцім раўндзе пазмагаюцца з дацкім «Брондбю» і швейцарскім «Сэнт-Галенам» адпаведна.

З транспамежнага футбола можна адзначыць чарговую перамогу «Нівы» з Долбізна ў Першай лізе беларускага чэмпіянату. На сваім хатнім стадыёне, што месціцца ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад беларуска-польскай мяжы і ад Чаромхі, каманда з камянеччыны перамгла 2:0 гомельскі «Лакаматыў» і тым самым умацавала свой намер на выхад у Вышэйшую лігу.

У алміпійскім жаночым тэнісным турніры выявілася другая фіналістка адзіночнага разрада. Харватка Дона Векіч без асаблівых праблем разабралася ў паўфінале са славачкай Аннай-Каралінай Шмідлавай 6:4, 6:0 і цяпер пазмагаецца за золата Алімпіяды з кітаянкай Сінвэнь Жэнь.

Заўтра ж адбудуцца паўфінальныя сустрэчы сярод мужчынаў. Дзе пасля сённяшніх чвэрцфіналаў вызначыліся наступныя пары – канадзец Фелікс Ожэ-Альясім супраць гішпанца Карласа Алькараса і серб Новак Джокавіч супраць італьянца Ларэнца Музеці.

А тым часам у алімпійскім медальным заліку адбылася ракіроўка. На першым месцы па-ранейшаму кітайцы з 11 залатымі медалямі, а вось на другое месца выйшлі атлеты з ЗША ў якіх ужо 9 медаляў вышэйшага гатунку, на трэцім месцы па-ранейшаму французы з 8 медалямі. Агульная колькасць камандаў у медальным заліку вырасла да 50 краін.

Беларускае Радыё Рацыя