У сталіцы Катара горадзе Доха працягваецца чэмпіянат свету па водных відах спорту 2024 года, на якім у нейтральным статусе выступаюць беларускія спартоўцы. На «палцінніку» батэрфляем Анастасія Куляшова прабілася ў топ-16, паказаўшы чатырнаццаты час сярод 58 удзельніц. Беларуска праплыла басейн за 26:32 секунды. На дыстанцыі 200 м на спіне Анастасія Шкурдай зарэкамендавала сябе ў якасці адной з прэтэндэнтак на прызы: берасцейка заняла ў агульным пратаколе пятае месца з вынікам 2 хвіліны 11,34 секунды. Летась Анастасія выканала алімпійскі нарматыў на гэтай дыстанцыі. Паўфіналы з беларускім удзелам адбудуцца ў вячэрняй праграме.
Аляксандра Сасновіч не здолела пераадолець стартавы раунд кваліфікацыі турніру WTA-1000 у Дубаі
Беларуска ўступіла францужанцы Клары Бюрэль з лікам 6:3, 4:6, 4:6
Пасля выхаду ў плэй-оф КХЛ кантракт Квартальнава з менскім «Дынама» падоўжаны аўтаматычна
Кантракт расейскага спецыяліста Дзмітрыя Квартальнава аўтаматычна падоўжаны з менскім «Дынама». Як паведамляе расейскі журналіст Артур Хайрулін, здарылася гэта пасля выхаду каманды ў плэй-оф КХЛ. Менчане ў Заходняй канферэнцыі займаюць 8-е месца.
«Арыс» Аляксея Шпілеўскага прайграў галоўны матч зімы
Каманда ў матчы чэмпіянату Кіпра саступіла АПАЭЛ з лікам 0:1 і ўпусціла шанец замацавацца на першым месцы. На 80-й хвіліне на поле выйшаў Арцём Шуманскі, які аднавіўся ад траўмы. Праз 10 хвілін ён атрымаў жоўтую картку і іншымі паметкамі ў пратаколе не вызначыўся. Для Шуманскага гэта першае з’яўленне ў афіцыйных гульнях у 2024 годзе. «Арыс» перапыніў 8-матчавую пераможную серыю. Цяпер клуб з Лімасола адстае ад АПАЭЛ на 3 ачкі.
Экс-гулец БАТЭ і «Шахцёра» Грамыка можа перайсці ў менскае «Дынама»
27-гадовы беларускі паўабаронца Валерый Грамыка можа стаць гульцом мiнскага «Дынама». Пра гэта паведамляе расейскі журналіст Сяргей Ільеў. У пятніцу футбаліст пакінуў маскоўскае «Тарпеда», якое выступае ў другім дывізіёне. Раней паўабаронца выступаў у Беларусі за БАТЭ, «Мiнск» i «Шахцёр».
Найлепшы бамбардзір жаночага ЧБ-2023 Сураўцава перайшла ў венгерскі «Пушкаш»
21-гадовая беларуская футбалістка «Мінска» Мелана Сураўцава перайшла ў венгерскі «Пушкаш» з Фельчута з першага дывізіёна чэмпіяната Венгрыі. Пра гэта паведамляе football.by У мінулым сезоне Сураўцава з 57 галамі стала найлепшым бамбардзірам чэмпіянату. Яна таксама была прызнана найлепшай нападніцай па выніках 2023 года.
Заробак Мбапэ ў «Рэале» можа скласці 30 мільёнаў
Сталі вядомыя папярэднія ўмовы кантракту форварда «ПСЖ» Кіліяна Мбапэ з мадрыдскім «Рэалам». 25-гадовы француз будзе зарабляць у мадрыдскім клубе не больш, чым Джуд Белінгем і Вінісіус Жуніяр, паведамляе El Chiringuito TV. Кантракт з футбалістам будзе разлічаны на 5-6 гадоў. Падпісны бонус складзе менш за 50 мільёнаў еўра. Паводле інфармацыі Marcа, для пераходу ў «Рэал» нападнік павінен зрабіць некалькі крокаў, якія ад яго не патрабавалі летам 2022 года. Для пачатку гулец павінен публічна абвясціць, што ён сапраўды сказаў прэзідэнту французскага клуба Насеру Аль-Хелайфі, што летам пакіне каманду. Толькі пасля гэтага мадрыдцы прапануюць яму кантракт, з умовамі якога ён ужо азнаёмлены. «Рэал» настойвае, што кантракт павінен быць падпісаны на ўмовах іспанскага клуба, а не маці-агента Мбапэ. У «Рэале» хочуць захаваць парадак у распранальні і эканамічную стабільнасць пасля такога трансферу. У «Рэале» не хочуць падпісваць кантракт на ўзроўні таго, які ў яго ў «ПСЖ» – каля 100 мільёнаў еўра за сезон.
Беларускае Радыё Рацыя