BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Шкурдай стала фіналісткай Чэмпіната свету на кароткай вадзе

Беларуска Анастасія Шкурдай выйшла ў фінал чэмпіянату свету па плаванні на кароткай вадзе, які праходзіць у Будапешце.

Сёння, 11снежня, берасцейка будзе змагацца за медаль на дыстанцыі 100 м на спіне. Напярэдадні Шкурдай пераадолела папярэднюю стадыю з чацвёртым вынікам сярод 63 дзяўчат, а па выніках двух вячэрніх паўфіналаў прайшла ў вырашальны заплыў з агульным шостым часам 56,07 секунды. У сваім заплыве Анастасія фінішавала трэцяй. Таксама на старт мужчынскага фіналу на 50-метроўцы батэрфляем выйдзе  Рыгор Пякарскі.

Штангісты Ліхарад і Фралоў не патрапілі ў топ-10 на чэмпіянаце свету

Беларускія спартоўцы працягваюць выступы на чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы, які праходзіць у сталіцы Бахрэйна Манаме. Напярэдадні адбыліся спаборніцтвы ў катэгорыі да 81 кг у мужчын, дзе беларускую каманду прадставілі двое штангістаў: Вадзім Ліхарад і Андрэй Фралоў. У рыўку Ліхарад зафіксаваў вагу 155 кг і стаў восьмым, а ў другім практыкаванні штурхнуў 181 кг – гэты вынік апынуўся 16-м. Агульная сума ў 336 кг прынесла Вадзіму выніковае 11-е месца, Андрэй Фралоў з паказчыкам 327 кг (146 у рыўку +181 у штуршку) размясціўся 17-м сярод 32 удзельнікаў. Напярэдадні ў жаночым турніры ў вагавай катэгорыі да 59 кг Аліна Шчэпанава замкнула дзясятку наймацнейшых.

“Ліверпуля” здабыў шостую перамогу запар у Лізе чэмпіёнаў

Футбалісты ангельскага “Ліверпуля” працягнулі пераможную серыю ў матчах Лігі чэмпіёнаў. Сваю шостую вікторыю запар лідары Лігі чэмпіёнаў святкавалі ў гасцях у іспанскай “Жыроны” – 1:0. Пераможны мяч забіў егіпецкі форвард ліверпульскага клуба Махамед Салах, які рэалізаваў пенальці на 63-й хвіліне сустрэчы. Цяпер у актыве “Ліверпуля” 18 ачкоў з 18 магчымых. Дзеючы пераможца галоўнага кантынентальнага турніру – мадрыдскі “Рэал” адолеў у Бергама італьянскую “Аталанту” з лікам 3:2 дзякуючы галам Мбапэ, Вінісіўса і Белінгэма.  У харвацкай сталіцы заграбскае “Дынама” і шатландскі “Селтык” разышліся без забітых мячоў – нічыя 0:0. У нямецкім Леверкузене мясцовы “Баер” узяў верх над міланскім “Інтэрам” – 1:0. Футбалісты нямецкага “Лейпцыга” прайгралі шосты паядынак запар, саступіўшы англійскай “Астан Віле” – 2:3. У Гельзенкірхене мюнхенская “Баварыя” не пакінула шанцаў данецкаму “Шахцёру” – 5:1. Французскі “Брэст” выйграў у ПСВ – 1:0, бельгійскі “Бруге” перамог на сваім полі лісабонскі “Спортынг” – 2:1, а французскі “Пары Сен-Жэрмен” разграміў на выездзе футбалістаў аўстрыйскага “Зальцбурга” – 3:0.

Баскетбалісты “Барысфена” зноў выйшлі ў лідары чэмпіянату Беларусі

Баскетбалісты магілёўскага “Барысфена” зноў выйшлі ў лідары чэмпіянату Беларусі. На пляцоўцы магілёўскага спарткомплексу “Алімпіец” падначаленыя Андрэя Крываноса ва ўпартай барацьбе адолелі яшчэ аднаго фаварыта – “Гродна-93” з перавагай у пяць ачкоў – 79:74. Турнірную табліцу жаночага першынства ўзначальвае “Гарызонт”, у якога 25 ачкоў, на адзін бал менш у “МІНСКА”, гарадзенская “Алімпія” набрала 20 ачкоў.

 Беларускае Радыё Рацыя

Фота: betnews.by