
Беларуская спартоўка Анастасія Шкурдай не здолела заваяваць медаль чэмпіянату свету па плаванню на кароткай вадзе ў першым для сябе відзе праграмы. У Будапешце Шкурдай выступіла ў фінале на стомятроўцы на спіне. Беларуска праплыла дыстанцыю за 56,11 секунды і дакранулася да борціка пятай. Да трэцяй пазіцыі, якую заняла канадка Інгрыд Вільм, ёй не хапіла 0,36 секунды. Першае і другое месцы занялі амерыканкі Рэган Сміт і Кэтрын Беркоф. У фінале на 50 метраў батэрфляем Рыгор Пякарскі заняў шостае месца. Сёння барацьбу за медалі планетарнага форуму на дыстанцыі 100 м брасам павядуць Ілля Шымановіч і Аліна Змушко.
Штангіст Курловіч стаў дзевятым на чэмпіянаце свету ў Бахрэйне
Пяцёра з сямі беларускіх штангістаў завяршылі выступы на чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы, які праходзіць у сталіцы Бахрэйна Манаме. Напярэдадні адбыліся спаборніцтвы ў мужчын у вагавай катэгорыі да 89 кг, дзе беларускую каманду прадставіў бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы ў штуршку Юльян Курловіч. У рыўку беларус зафіксаваў штангу вагой 161 кг, а ў другім практыкаванні штурхнуў 195 кг. Агульная сума Курловіча склала 356 кг, што прынесла яму выніковае дзявятае месца. Чэмпіёнам свету стаў Карлас Насар з Балгарыі, які падняў 405 кг.
“Мяшкоў Брэст” выйграў 13-ты матч запар
“Мяшкоў Брэст” працягнуў сваю пераможную серыю ў чэмпіянаце Беларусі да 13 матчаў. Сваю чарговую перамогу берасцейцы здабылі на сваёй арэне ў матчы супраць гандбалістаў гарадзенскага “Кронана” з лікам 45:33. Віцэ-чэмпіёны краіны гандбалісты менскага СКА перамаглі свой фарм-клуб БДУФК-СКА-РГУАР 36:26. У Магілёве гандбалісты “Машэкі” былі мацней за спартоўцаў МОГК – 31:26. “Мяшкоў Брэст” набраў 26 ачкоў з 26 магчымых, у менскіх армейцаў 24 балы, у “Гомеля” і “Машэкі” па 15 ачкоў. Пасля 12 тураў жаночага першынства табліцу ўзначальваюць гандбалісткі “БНТУ-БелАЗа”, у якіх 23 ачкі, “Гомель” адстае на два балы, у актыве гарадзенскай “Гараднічанкі” 18 ачкоў.
“Барселона” абыграла “Барусію” і выйшла на другое месца ў Лізе чэмпіёнаў
Футбалісты іспанскай “Барселоны” выйшлі на другое месца ў табліцы агульнага этапа Лігі чэмпіёнаў. У гасцявым паядынку 6-га тура каталонская каманда вырвала перамогу ў дортмундскай “Барусіі” з лікам 3:2. Усе мячы ў гэтай сустрэчы былі забітыя ў другім тайме, у пераможцаў галявы дубль аформіў Феран Торэс, які выйшаў на замену Роберту Левандоўскаму. У складзе “Барусіі” двойчы вызначыўся Серху Гірасі. Лонданскі “Арсенал” разграміў “Манака” – 3:0, а ў Турыне італьянскі “Ювентус” перамог англійскі “Манчэстэр Сіці” – 2:0. Каманда Гвардыёла выйграла толькі адзін матч з апошніх дзесяці. Нямецкі “Штутгарт” не пакінуў шанцаў на поспех швейцарскаму “Янг Бойз” – 5:1. Мадрыдскі “Атлетыка” перамог славацкі “Слован” — 3:1. Дублем у гаспадароў адзначыўся Антуан Грызман. Французскі “Ліль” узяў верх над аўстрыйскім “Штурмам” — 3:2. “Феенорд” абыграў “Спарту” 4:2. “Мілан” мінімальна перамог “Црвену Звезду” 2:1, а “Бенфіка” і “Балоння” згулялі ўнічыю 0:0. Пасля шасці тураў табліцу ўзначальвае англійскі “Ліверпуль”, які набраў 18 ачкоў з 18 магчымых. У “Барселоны” на тры балы менш, па 13 ачкоў набралі “Баер”, “Астан Віла”, “Інтэр”, а таксама французскія “Брэст” і “Ліль”.
Беларускае Радыё Рацыя






