Беларуска Анастасія Шкурдай стала прызёрам чэмпіянату свету па плаванні на кароткай вадзе, які завяршыўся ў Будапешце.

Увечары нядзелі Шкурдай у фінале на сваёй кароннай дыстанцыі 200 м на спіне праплыла дыстанцыю за 2 хвіліны 00,56 секунды і фінішавала трэцяй. Чэмпіёнкай свету з сусветным рэкордам стала амерыканка Рэган Сміт. Таксама ўдзел у фіналах на 50 метраў брасам прынялі Ілля Шымановіч і Аліна Змушко. У вырашальным заплыве Шымановіч справіўся за 25,64 секунды і заняў пятае месца, а ў жаночым фінале Змушко паказала вынік 29,56 секунды і дакранулася да борціка сёмай.
Гандбалісты СКА абгулялі “Машэку” у SEHA-лізе
Гандбалісты менскага СКА святкавалі другую перамогу ў матчах SEHA-лігі. У сваім чацвёртым паядынку папярэдняй групы B армейцы разграмілі на хатняй арэне гандбалістаў магілёўскага “Машэкі” – 35:17. Для магіляўчан гэта пятая параза ў пяці праведзеных сустрэчах.
“Алімпія” дагнала баскетбалістак “МІНСКА”
Баскетбалісткі гарадзенскай “Алімпіі” святкавалі другую запар выязную перамогу ў матчах жаночага чэмпіянату Беларусі. Пасля вікторыі над чэмпіёнкамі Беларусі баскетбалісткамі “МІНСКА” 68:50 падначаленыя Вікторыі Дацун таксама ў сталіцы ўпэўнена перайгралі “Гарызонт-2-РЦАП” з лікам 76:27. Пасля гэтай перамогі “Алімпія” набрала 25 ачкоў, столькі ж у “МІНСКА”, наперадзе толькі “Гарызонт”, у якога 27 заліковых балаў. Турнірную табліцу мужчынскага першынства ўзначальваюць баскетбалісты “Гродна-93”, у якіх 25 ачкоў, на адзін бал менш у магілёўскага “Барысфена”, дзейны чэмпіён краіны “МІНСК” набраў 23 ачкі, у віцебскага “Рубона” зараз 22 балы.
Беларусы разграмілі зборную свету КХЛ і занялі другое месца на Кубку Першага канала
Зборная Беларусі па хакеі стала срэбраным прызёрам Кубка Першага канала па хакеі, які завяршыўся ў Санкт-Пецярбургу. У заключным матчы турніру падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава сустракаліся са зборнай свету КХЛ, складзенай з замежных гульцоў Кантынентальнай хакейнай лігі і перамаглі з буйным лікам 6:1. У складзе беларускай зборнай шайбы закінулі Ягор Борыкаў, Уладзімір Алістраў, Сяргей Кузняцоў і Раман Гарбуноў. Дубль аформіў Андрэй Бялевіч. Беларускія хакеісты з дзвюма перамогамі ў трох матчах занялі другое месца на турніры.
“Манчэстар Сіці” вёў у дэрбі з “Ман Юнайтэд”, але зноў прайграў
“Манчэстэр Сіці” на хатняй арэне прайграў “Манчэстэр Юнайтэд” у матчы 16-га тура чэмпіянату Англіі — 1:2. На 36-й хвіліне ў гаспадароў вызначыўся абаронца Ёшка Гвардыёл. На 88-й паўабаронца гасцей Бруну Фернандэш рэалізаваў пенальці, зраўняўшы лік, а праз дзве хвіліны Дыяла прынёс “МЮ” перамогу. «Гараджане» ў апошніх 11 паядынках ва ўсіх турнірах дамагліся толькі адной перамогі. “Ман Сіці” з 27 ачкамі займае пятае месца ў табліцы. «МЮ» з 22 баламі на 12-м радку. Сенсацыйна прайграла на хатнім стадыёне “Барселона”. У матчы 17-га тура чэмпіянату Іспаніі каталонцы саступілі “Леганесу” — 0:1. Адзіны мяч на чацвёртай хвіліне забіў абаронца гасцей Серхіа Гансалес. “Барса” з 38 ачкамі лідыруе ў табліцы, апярэджваючы “Атлетыка”, які правёў на гульню менш, па дадатковых паказчыках. У “Рэала”, які таксама мае сустрэчу ў запасе, 37 балаў.
Беларускае Радыё Рацыя






