
Ілля Шкурын, які выступае за каманду “Сталь” у наймацнейшай футбольнай лізе Польшчы, заняў 4-е месца ў галасаванні за найлепшага футбаліста Беларусі, паведамляе “Прессбол”. Як вядома, найлепшым футбалістам года ў Беларусі прызнаны Макс Эбонг, які гуляе ў казахстанскай “Астане”. Па выніках галасавання сярод футбольных спецыялістаў і спартовых журналістаў ён набраў 374 ачкі. У Шкурына 125 ачкоў. Больш за яго таксама набралі Уладзіслаў Марозаў з менскага “Дынама” і Павел Савіцкі з гарадзенскага “Нёмана”. Іллі Шкурыну, як і Максу Эбонгу, 24 гады. У 2020-м Шкурын адмовіўся выступаць за нацыянальную зборную Беларусі да таго часу, пакуль краінай кіруе Аляксандр Лукашэнка. Ён падпісаў ліст спартоўцаў за новыя выбары і супраць гвалту сілавікоў. У снежні 2020-га Іллю Шкурына выключылі са складу моладзевай і нацыянальнай зборных па футболе. Акрамя таго, у яго забралі льготу па адтэрміноўцы вайсковай службы. Ён жа паспяхова гуляе за мяжой.
Вакуліч і Бахар перайшлi ў тульскі «Арсенал» (Legalbet)
Беларускія паўабаронцы Іван Бахар і Аляксей Вакуліч сталі гульцамі тульскага «Арсенала» з другога расейскага дывізіёна. Пра гэта паведамляе Legalbet. Футбалісты далучацца да каманды на зімовых зборах. Бахар перайшоў у менскае «Дынама» з ізраільскага «Кір’ят-Шмона» летам. Ён забіў сем мячоў і аддаў восем голавых перадач у 17 матчах ва ўсіх турнірах. Вакуліч правёў 24 матчы, аформіў адзін асіст. Напярэдадні ён пакінуў менскае «Дынама».
Потэр можа ўзначаліць «Манчэстэр Юнайтэд» у выпадку звальнення Тэн Хага
Калі «Манчэстэр Юнайтэд» звольніць галоўнага трэнера каманды Эрыка тэн Хага, то ўзначаліць клуб можа былы коуч «Чэлсі» і «Брайтана» Грэм Потэр. 12 снежня «Юнайтэд» прайгралі «Баварыі» 0:1 у Лізе чэмпіёнаў і вылецелі з еўракубкаў, заняўшы апошняе месца ў групе, дзе таксама выступалі «Капенгаген» і «Галатасарай». За тры дні да гэтага каманда была разгромлена «Борнмутам» 0:3 у чэмпіянаце Англіі. Манчэстэрцы ідуць шостымі ў турнірнай табліцы АПЛ пасля 16 тураў. Адзначаецца, што пасля такіх вынікаў узмацніўся ціск на нідэрландскага спецыяліста. Калі тэн Хаг будзе адпраўлены ў адстаўку, то «МЮ» можа звярнуцца да паслуг Потэра, працай якога захапляецца Джым Рэткліф, які збіраецца неўзабаве завяршыць куплю мінарытарнай долі акцый «Манчэстэр Юнайтэд».
Пасля 16 паразаў запар галоўны трэнер “Мінска” пайшоў у адстаўку
Пасля 16 паразаў запар галоўны трэнер баскетбольнага клуба “Мінск” Расціслаў Вяргун пайшоў у адстаўку. Кантракт з ім скасавалі “па пагадненні бакоў”, паведамляе клубная прэс-служба. Вяргун працаваў з камандай з 2019 года. Сёлетні сезон у Адзінай лізе ВТБ стаў сапраўднай катастрофай — прайграныя ўсе матчы. І, відаць, у спартовых чыноўнікаў скончылася цярпенне. Выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера “Мінска” прызначаны Аляксей Сухавецкі, які раней уваходзіў у штаб каманды ў якасці асістэнта Расціслава Вяргуна.
Беларускі штангіст Зязюлін заваяваў бронзу на турніры Гран-пры ў Катары
У сталіцы Катара горадзе Доха завяршыўся турнір па цяжкай атлетыцы IWF Grand Prix II, які з’яўляўся кваліфікацыйным да Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Праграму турніру вянчалі спаборніцтвы ў самай цяжкай вагавай катэгорыі – звыш 109 кг у мужчын. У гэты вечар прадстаўнік нашай краіны Эдуард Зязюлін у першым практыкаванні – рыўку – паслядоўна справіўся са штангай вагой 180, 187 і 193 кг. Вынік Зязюліна змог перакрыць толькі армянін Вараздат Лалаян, таму наш штангіст стаў уладальнікам малога срэбранага медаля. У лепшай спробе ў штуршку Эдуард зафіксаваў 225 кг, дзякуючы чаму выйграў малую бронзу ў гэтым практыкаванні. У суме двубор’я Зязюлін набраў 418 кг і заваяваў бронзавую ўзнагароду. Такім чынам, усяго з Катара беларуская дэлегацыя прывязе 5 медалёў – 2 срэбраных і 3 бронзавых.
Томас Бах пракаментаваў допуск беларусаў і расейцаў да Алімпіяды-2024
Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томас Бах выступіў у абарону рашэння дазволіць спартоўцам з Беларусі і Расеі ўдзельнічаць у нейтральным статусе на Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе.
«Асобныя спартоўцы не могуць быць пакараныя за дзеянні сваіх урадаў. Гэта адна з 28 войнаў і канфліктаў у свеце, а ўсе астатнія спартоўцы спаборнічаюць мірна», – сказаў Бах. Таксама прэзідэнт МАК адхіліў пагрозы байкоту, заявіўшы, што краінам, якія не згаджаюцца, «дазволена мець розныя палітычныя погляды». Расейцы і беларусы змогуць выступаць на Гульнях у асабістых стартах, каманды не будуць дапушчаны да спаборніцтваў. Алімпіяда-2024 пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня.
Беларускае Радыё Рацыя






