
Славенскі футбольны клуб «Цэле» звольніў беларускага спецыяліста Івана Маеўскага з пасады галоўнага трэнера.
Новым трэнерам каманды стане 50-гадовы партугальскі спецыяліст Вітар Кампелуш.
Пасля 24 гульняў «Цэле» займае першае месца ў чэмпіянаце Славеніі. Пры Маеўскім каманда прайграла ў турніры 3 матчы з 5.
У першым матчы 1/8 фіналу Лігі канферэнцый «Цэле» разгромна саступіў грэцкаму АЕКу з лікам 0:4.
Дзеючы чэмпіён Беларусі па футболе віцебскі «МЛ» зрабіў бясплатным уваход на ўсе хатнія матчы ў сезоне-2026.
Бліжэйшым матчам каманды стане сустрэча ў адказ 1/4 фіналу Кубка Беларусі супраць берасцейскага «Дынама». Гульня адбудзецца заўтра на запасным полі ЦСК «Віцебскі» з умяшчальнасцю 1000 чалавек.
Нагадаем, што першы паядынак паміж камандамі скончыўся з лікам 2:0 на карысць клуба з Віцебска.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Калгары» ў гасцях абыграў «Нью-Джэрсі» з лікам 5:4.
27-гадовы беларускі форвард «Калгары» Ягор Шаранговіч выйшаў на левым фланзе трэцяга звяна разам з Раянам Строўмам і Віктарам Алафсанам.
На 36-й хвіліне Шаранговіч адзначыўся голам.
Усяго ён правёў на лёдзе 16:37 хв, набраў 1 (1+0) ачко і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «+1». Яго прызналі трэцяй зоркай сустрэчы.
У бягучым сезоне НХЛ Шаранговіч прыняў удзел у 61 матчы, у якіх набраў 24 (14+10) ачкі. Яго паказчык карыснасці складае «-19», на рахунку форварда 8 хвілін штрафнога часу.
«Вашынгтон» у гасцях абыграў «Бафала» з лікам 2:1.
25-гадовы беларускі форвард «Вашынгтона» Аляксей Протас згуляў на левым фланзе трэцяга звяна з Дыланам Строўмам і Раянам Леанардам.
На 58-й хвіліне сустрэчы Аляксей аддаў галявы пас на Джэйкаба Чыкрана, які магутным кідком здабыў вароты суперніка і ўсталяваў канчатковы лік.
Беларус правёў на лёдзе 16 хвілін 31 секунду. На рахунку Пратаса 1 (0+1) выніковы бал і паказчык карыснасці «+1».
Адзначым, што зароблены асістэнцкі бал стаў для Аляксея Пратаса 100-м у кар’еры ў НХЛ.
Ён стаў другім гульцом, абраным не ў першым раўндзе свайго драфта-2019, які дасягнуў адзнакі 100 выніковых перадач.
Протас-старэйшы стаў сёмым беларусам, які дасягнуў гэтай адзнакі.
У бягучым сезоне НХЛ Аляксей правёў 63 матчы, у якіх набраў 45 (21+24) ачкоў. Яго паказчык карыснасці складае «+17», на рахунку форварда 20 хвілін штрафнога часу.
«Ванкувер» дома па булітах абыграў «Нэшвіл» з лікам 4:3.
25-гадовы беларускі брамнік «Ванкувера» Мікіта Талапіла быў заяўлены як асноўны галкіпер. Ён згуляў 63:53 хв, прапусціў 3 шайбы, адбіў 16 з 19 кідкоў суперніка.
Адзначым, што ў серыі булітаў Талапіла справіўся з усімі трыма спробамі супернікаў.
Усяго ў бягучым сезоне НХЛ на рахунку Талапілы 14 праведзеных матчаў і пяць здабытых перамог. Яго каэфіцыент надзейнасці складае 3.25, а працэнт адбітых кідкоў – 89.9.
«Чыкага» Арцёма Леўшунова здабыла перамогу над «Ютай» з лікам 3:2 у авертайме.
Беларус правёў на лёдзе 18:04 хв, атрымаў 2 хвіліны штрафу і завяршыў гульню з паказчыкам карыснасці «-1».
І «Пітсбург» Іллі Салаўёва прайграў «Вегасу» з лікам 2:6.
Беларус правёў на лёдзе 12:55 хв. Ён не адзначыўся дзейснымі баламі і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-2».
У OHL «Ніягара» на хатняй арэне саступіла «Кінгстану» з лікам 1:2.
Беларускі брамнік «Ніягары» Уладзіслаў Ярмоленка быў заяўлены на матч у ролі асноўнага галкіпера. Ён згуляў 57:58 хв, прапусціў 2 шайбы, адбіў 19 кідкоў з 21 (90,5%) і быў прызнаны трэцяй зоркай сустрэчы.
У бягучым сезоне Ярмоленка правёў 43 матчы, займеўшы 18 перамог і аформіў адзін шатаўт.
Учора прайшлі першыя матчы 1/4 фіналу беларускай хакейнай Экстралігі. Гэты дзень быў няўдалым для камандаў з Гарадзеншчыны.
Юнацтва – Нёман – 2:1 (2:0, 0:0, 0:1)
Шайбы: 1:0 – Кучкін (08:14), 2:0 – Цютчаў (14:45), 2:1 – Паддубны (50:49)
Ліда – Славуціч – 2:4 (2:1, 0:1, 0:2)
Шайбы: 1:0 – Рэмезаў (07:51), 1:1 – Аўраменка (12:10), 2:1 – Рэмезаў (13:35), 2:2 – Казачок (37:25), 2:3 – Ракіцін (44:50), 2:4 – Ягораў (45:34)
Лік у серыі да чатырох перамог 0:1 не на карысць Ліды і Гародні.
Учора прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя Беларускай федэрацыі баскетбола.
Па выніку канферэнцыі Максім Рыжанкоў, які ўзначальваў БФБ з верасня 2014 года, быў зняты са сваёй пасады.
Новым кіраўніком Беларускай федэрацыі баскетбола стаў Сяргей Рутэнка, які раней узначальваў Беларускую тэнісную федэрацыю.
У Нідэрландах працягваюцца спаборніцтвы па скачках на батуце ў рамках этапа Кубка свету.
Беларуская батутыстка Яна Лебедзева была найлепшай у кваліфікацыі індывідуальных скачкоў сярод жанчын і заваявала золата ў фінале.
Яшчэ адна беларуска Злата Мініахметава заняла восьмае месца сярод фіналістак. Віялета Бардзілоўская завяршыла выступленне на 11-м радку ў паўфінале.
А вось двухразовы алімпійскі чэмпіён Іван Літвіновіч атрымаў срэбра ў фінале ў індывідуальных скачках. У фінале сінхронных скачкоў беларускія батутысты Іван Літвіновіч і Андрэй Буйлоў заваявалі золата.
На папярэднім этапе Кубка свету ў Баку спартоўцы таксама перамаглі ў сінхронных скачках.
Яшчэ адзін беларускі дуэт – Злата Мініахметава і Лэйла Аліева – заваяваў бронзавыя медалі ў сінхронных скачках сярод жанчын.
А таксама Іван Літвіновіч і Яна Лебедзева занялі першае месца ў фінале змешаных сінхронных скачкоў.
На папярэднім этапе КС у Баку пара Літвіновіч-Лебедзева узяла срэбра.
Па выніках турніру беларусы заваявалі пяць узнагарод, сярод якіх тры золаты, адно срэбра і адна бронза.
Зборная Латвіі па скелетоне адмовілася фатаграфавацца з «нейтральнымі» расейцамі на цырымоніі ўзнагароджання юніёрскага чэмпіянату свету ў каманднай гонцы.
Латвійцы не павіншавалі расейцаў падчас цырымоніі, а пасля выканання гімна Германіі (чэмпіёнаў у гэтым відзе) пакінулі подыюм.
Зборную Латвіі прадставілі Каміла Крусціна і Рэнарс Юмікіс. Яны заваявалі срэбра ў камандавай гонцы, апярэдзіўшы «нейтралаў» з Расеі, якія атрымалі бронзу.
Чэмпіянат свету па скелетоне сярод юніёраў прайшоў у нямецкім Альтэнбергу.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






