Беластоцкая “Ягелонія” у чарговым матчы польскай футбольнай экстракласы ўчыніла разгром на хатняй арэне ЛКС Лодзь, які дагульваў матч у меньшасці.
Матч завяршыўся з лікам 6:0, а за беластачан галы забівалі Марчук, Імас, Пулулу, дублем адзначыўся Нэнэ.
Таксама сёння адзін з пераследнікаў “Ягі” – чанстахоўскі “Ракув” – страціў пункты ў матчы на сваім полі. “Ракув” цягам сустрэчы выйграваў 1:0 у “Руха” з Хожува, але на 95-й хвіліне госкі параўнялі лік – 1:1.
Ня змог выйграць і вроцлаўскі “Шлёнск”, які разышоўся мірам 2:2 у Глівіцах з мясцовым “Пястам”.
Такім чынам “Ягелонія” набрала 51 ачко і ўмацавала сваё лідарства. У “Шлёнска” – 47 пунктаў, у “Ракува” – 45. Познаньскі “Лех” мае 44 ачкі і гульню ў запасе.
“Славія” перамагла футбалістаў “Віцебска”
Мазырская “Славія” здабыла другую вікторыю на старце чэмпіянату Беларусі па футболе. Гасцявая сустрэча з “Віцебскам” пачалася для мазырчукоў вельмі няўдала: ужо на 6-й хвіліне яны саступалі з лікам 0:2.
Аднак да перапынку пасля двух дакладных удараў капітана “Славіі” Паўла Чыкіды вынік зраўняўся – 2:2. У пачатку другой паловы сустрэчы Кірыл Кірыленка прынёс перамогу гасцям – 3:2. Таксама сёння “Нафтан” у Наваполацку разышоўся мірам з барысаўскім БАТЭ – 0:0.
“Вітэн” замацаваўся на першым месцы ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе
Аршанскі “Вітэн” замацаваўся на першым месцы ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Сёння ў гасцявым паядынку 21-га тура аршанцы адолелі “Барысаў-900” з лікам 3:2. Дзеючыя чэмпіёны краіны спартоўцы “Сталіцы” пасля паразы і нічыі дамагліся перамогі, абыграўшы “Ахову-Дынама” – 5:2. У Светлагорску мясцовы ЦКК саступіў гарадзенскаму “УУС-Дынама” з лікам 1:2.
“Металург” абыграў “Гомель” і павёў у паўфінальнай серыі
У Жлобіне адбыўся трэці паядынак паўфінальнай серыі плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі паміж хакеістамі “Металурга” і “Гомеля”. У самым пачатку авертайму гамяльчане схапілі выдаленне, чым гаспадары лёду і скарысталіся: Анціпаў магутна зарадзіў ад сіняй лініі і “прашыў” галкіпера гасцей. Такім чынам, 2:1 на карысць жлобінскага клуба і ў матчы, і ў серыі да чатырох перамог. Чацвёрты паядынак супрацьстаяння “Металурга” і “Гомеля” адбудзецца ў панядзелак таксама ў Жлобіне.
Гандбалісты БДУФК-СКА прабіліся ў паўфінал чэмпіянату Беларусі
Гандбалісты сталічнага БДУФК-СКА сталі апошнімі ўдзельнікамі паўфінальнай стадыі чэмпіянату Беларусі. У вырашальным паядынку 1/4 фіналу менчукі адолелі “Машэку” з мінімальнай перавагай – 24:23. У першай сустрэчы магіляўчане разграмілі супернікаў у Менску з розніцай у 11 мячоў – 38:27, а потым саступілі на сваёй пляцоўцы ў дадатковы час – 42:43. У паўфінальнай серыі супернікам БДУФК-СКА будзе дзейны чэмпіён краіны “Мяшкоў Брэст”. Другую паўфінальную пару склалі менскі СКА і гарадзенскі “Кронан”.
“Гродна-93” выйграў 19-ы матч запар у чэмпіянаце Беларусі па баскетболе
Баскетбалісты “Гродна-93” працягнулі пераможную серыю ў матчах чэмпіянату Беларусі. Сваю 19-ю вікторыю запар падначаленыя Дзмітрыя Кузьміна святкавалі ў Віцебску, упэўнена абыграўшы мясцовы “Рубон” з лікам 102:79. Магілёўскі “Барысфен”, які ідзе другім, адолеў на выездзе рэзервістаў БК “МІНСК” – 73:71. Сталічны “Імпульс-БДУІР” таксама ў гасцях быў мацней за “Гомельскія рысі” – 72:63.
Беларускае Радыё Рацыя