Ігар Слесарчук стаў галоўным трэнерам «Смаргоні». Раней спецыяліст працаваў у трэнерскіх штабах «Мінска» і сталічнага «Дынама». Адзначым, што на рахунку Слесарчука пяць матчаў за зборную Латвіі.

БАТЭ перамог “Тарпеда-БелАЗ” на турніры ў Жодзіне
Футбалісты барысаўскага БАТЭ пераможна стартавалі на традыцыйным перадсезонным турніры “Белазавец” у Жодзіне. Барысаўчане абыгралі ўладальніка бронзы чэмпіянату Беларусі жодзінскае “Тарпеда-БелАЗ” з лікам 1:0. Пераможны мяч на 72-й хвіліне сустрэчы забіў Аляксандр Ануфрыеў. У другім паядынку супернікам срэбранага прызёра нацыянальнага першынства гарадзенскага “Нёмана” будзе берасцейскі “Цэнтр футбола”. Перадсезонны турнір у Жодзіне праводзіцца восьмы раз. Пераможцамі двух папярэдніх станавіліся футбалісты “Нёмана”.
Валейбалісткі “Мінчанкі” не здолелі спыніць серыю паразаў у Суперлізе
Валейбалісткі “Мінчанкі” пацярпелі чарговую паразу ў матчы рэгулярнага чэмпіянату жаночай расейскай Суперлігі. У хатнім матчы 18-га тура чэмпіянату беларускі прымалі дзяўчат з краснаярскага “Енісея”, якія вядуць актыўную барацьбу за трапленне ў плэй-оф. Вырашальны пяты сэт, як і чатыры папярэднія, праходзіў на роўных, у нейкі момант бліжэй да поспеху былі беларускія валейбалісткі, але – 12:15 і выніковыя 2:3 на карысць краснаярскага клуба. Гэтая параза стала для “Мінчанкі” адзінаццатым запар у Суперлізе, папярэдні раз беларускі выйгравалі матч чэмпіянату яшчэ ў сярэдзіне лістапада.
Сабаленка засталася на 2-м месцы ў рэйтынгу WTA, Азаранка страціла 11 пазіцый
Пасля перамогі на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі беларуска Арына Сабаленка засталася на другім месцы ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Зараз у актыве Сабаленкі 8905 ачкоў, а ў першай ракеткі планеты полькі Ігі Свёнтэк на 865 балаў больш. Беларуска Вікторыя Азаранка, якая ў Мельбурне выбыла ў 1/8 фіналу, страціла 11 пазіцый, апусціўшыся з 22-га на 33-е месца. Яшчэ адна беларуска Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 95-м радку сусветнага рэйтынгу. У мужчын новаспечаны трыўмфатар аўстралійскага першынства італьянскі тэнісіст Янік Сінэр па-ранейшаму знаходзіцца на чацвёртай пазіцыі, наперадзе Новак Джокавіч, Карлас Алькарас і Данііл Мядзведзеў. Лепшы з беларусаў Ілля Івашка займае 187-е месца ў рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў.
Баранаў застаецца ў БГК імя Мяшкова
“Мяшкоў Брэст” падоўжыў кантракт з правым крайнім Максімам Баранавым. Новае пагадненне набудзе моц пасля заканчэння сезона. 35-гадовы Баранаў – адзін са старажылаў клуба. Яго дэбют у складзе мяшкоўцаў датуецца жніўнем 2010 года. З таго часу правы крайні толькі раз пакідаў Брэст: перыяд з лета 2016-га па люты 2018-га Максім правёў у румынскай камандзе «Адархею-Секуеск». Астатнія без малога дванаццаць гадоў бабруйчанін быў верны БГК, у складзе якога згуляў 486 матчаў і закінуў 1738 мячоў. Баранаў – лепшы бамбардзір у гісторыі клуба. Ён дзевяць разоў выйграваў чэмпіянат Беларусі, шэсць разоў – Кубак краіны, двойчы – Суперкубак, а нядаўна дадаў у калекцыю ўзнагарод перамогу ў SEHA – Gazprom League, – паведамляе прэс-служба клуба.
Баскетбалісты “Мінска” правядуць апошні дамашні матч рэгулярнага сезона
Баскетбалісты “Мінска” правядуць заключны хатні паядынак першага этапа рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ. Сёння мінчане, якія прайгралі ўсе 24 праведзеныя сустрэчы, прымуць на паркеце “Мінск-Арэны” пермскую “Парму”. У паядынку першага круга БК “Мінск” саступіў у Пермі з розніцай на 5 ачкоў – 73:78.
Гарноська стала чэмпіёнкай турніру па мастацкай гімнастыцы ў Іспаніі
У іспанскім Плая-дэ-Ара завяршыўся традыцыйны міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы Winter Queen Cup. Нашу дарослую каманду на спаборніцтвах прадстаўлялі бронзавая медалістка Алімпійскіх гульняў Аліна Гарноська і прызёр чэмпіянатаў свету Анастасія Салос, сярод юніёрак выступала Ніколь Леўта. Як і год таму, абсалютнай пераможцай турніру стала Гарноська, якая паказала найлепшую суму ў шматбор’і, а таксама атрымала найвышэйшыя ачкі ва ўсіх фіналах асобных практыкаванняў. Другой стала Анастасія Салос. У юніёрскіх спаборніцтвах Ніколь Леўта перамагла ў праграмах з мячом, абручом, булавамі і стужкай, а таксама ў шматбор’і. Усяго ў турніры III Winter Queen Cup бралі ўдзел 570 грацый з Беларусі, Іспаніі, Андоры, Бельгіі, Грэцыі, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, Літвы, Румыніі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.
Беларускае Радыё Рацыя






