
У Турыне на хардавых кортах працягваецца выніковы тэнісны турнір у АТР.
У групе А 9-я ракетка сусветнага рэйтынгу італьянец Ларэнца Музэці перайграў з лікам 2:1 – 7:5, 3:6, 7:5 па сэтах – 7 ракетку аўстралійца Алекса дэ Мінаўра. І такім чынам, перад заключнымі матчамі групавога раўнда, у гэтай групе лідзіруюць – гішпанец Карлас Алькарас і амерыканец Тэйлар Фрыц.
У групе Б 8 ракетка канадзец Фелікс Ажэ Альясім з лікам 2:1 быў мацнейшым за 5-ю ракетку амерыканца Бэна Шэлтана – па сэтах 4:6, 7:6, 7:5.
2-я ракетка італьянец Янік Сінэр без асаблівых цяжкасцяў цягам паўтары гадзіны разабраўся з 3-й ракеткай прадстаўніком Германіі Аляксандрам Зверавым у двух сэтах з лікам 6:4, 6:3.
У гэтай групе яны ж – Сінэр і Звераў на дадзены момант і лідзіруюць.
Учора быў згуляны апошні, перанесены яшчэ з ліпеня, матч 1/16 Кубка Беларусі па футболе.
Аўтсайдар другога дывізіёна «Слонім-2017» прымаў у сябе на азяблым полі гарадзенскі «Нёман».
Каманды ў асноўны час бадання на слонімскіх купінах не выявілі пераможцу. У дадатковы час слонімцы на 110 хвіліне засталіся ў меншасці, пасля таго як жаночая брыгада арбітраў паставіла 11-метровы ўдар за спрэчнае парушэнне ў штрафной пляцоўцы. Штатны пенальціст гарадзенцаў Павел Савіцкі даў маху, і не змог перайграць на стужцы галкіпера «Слоніма» Дзяніса Міськевіча. Выхаванец гарадзенскай школы брамнікаў, які і так усю гульню ратаваў каманду, нават коштам накаўта форварда нёманцаў – Максіма Краўцова, у серыі пасляматчавых пенальці пацягнуў удар Алега Еўдакімава і вывеў «Слонім» у 1/8 фінала Кубка.
4 снежня апошняя каманда другога дывізіёна згуляе ў Віцебску з першай камандай і верагодна за ўсё – чэмпіёнам Вышэйшага дывізіёна мясцовым «МЛ».
Такім чынам, гарадзенскі «Нёман» – нязменны ўладальнік двух апошніх Кубкаў Беларусі па футболе ўпершыню з 2019 года не трапіў у 1/8 фіналу і такім чынам страціў усе шансы на ўдзел у еўракубках ў наступным сезоне.
А вось «Слонім» упершыню за 15 гадоў прабіўся ў 1/8 фіналу Кубка Беларусі. Такім чынам каманда Сяргея Падрэцкага паўтарыла дасягненне розыгрышу 2010/11.
У тым розыгрышы ў 1/8 «Слонім» саступіў «Белшыне» ў дадатковы час з лікам 1:2.
Галоўны трэнер зборнай Беларусі па міні-футболе Аляксандр Чэрнік анансаваў правядзенне двух таварыскіх матчаў з камандай Славакіі ў рамках падрыхтоўкі да еўрапейскага першынства.
Сустрэчы пройдуць у снежні.
Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе пройдзе з 21 студзеня па 7 лютага 2026 года ў Латвіі, Літве і Славеніі.
Зборная Беларусі на групавым этапе сустрэнецца з камандамі Славеніі, Гішпаніі ды Бельгіі.
Юнацкая зборная Беларусі да 19 гадоў пад кіраўніцтвам Сяргея Сасноўскага правяла свой першы матч групавога этапа кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2026 з равеснікамі з Грэцыі. І саступіла тым з лікам 0:2, прапусціўшы галы на 55 і 97 хвілінах сустрэчы.
У іншай пары нашай групы Турцыя разграміла каманду Ліхтэнштайна з лікам 7:0.
Турнірнае становішча Групы 3:
1.Турцыя – 3 (1)
2.Грэцыя – 3 (1)
3.Беларусь – 0 (1)
4.Ліхтэнштайн – 0 (1)
Дзве найлепшыя каманды групы, а таксама найлепшае трэцяе месца сярод усіх груп (зараз у нас там 11 пазіцыя) далучацца да Гішпаніі ў элітным раўндзе вясной 2026 года.
Гэтая стадыя вызначыць 7 зборных, якія разам з Уэльсам летам згуляюць у фінальным турніры.
У беларускай хакейнай Экстралізе ўчора былі згуляныя першыя матчы 24 тура рэгулярнага чэмпіяната.
Наваполацкі «Хімік» перамог баранавіцкі «Авіятар» з лікам 2:1.
Аршанскі «Лакаматыў» з лікам 3:0 быў мацнейшым за «Гомель».
І «Віцебск» перайграў жлобінскі «Металург» з лікам 4:2.
У рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай Хакейнай Лігі былі згуляныя чарговыя матчы.
«Сэнт-Луіс» абыграў «Калгары» з лікам 3:2.
Беларускі форвард «Калгары» Ягор Шаранговіч правёў на лёдзе 8:21 (з іх 0:54 у меншасці). Ён не набраў дзейсных балаў, зрабіў два кідкі (адзін міма варот), выйграў 50% (1/2) укідванняў і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-2».
У трэцім перыядзе Шаранговіч правёў адну змену.
Ягор у гэтым сезона згуляў 16 матчаў, набраў 4 (2+2) вынiковыя балы, агульны паказчык карыснасці «-10».
Пасля 18 сустрэч «Калгары» замыкае табліцу Заходняй канферэнцыі, набраўшы 10 ачкоў.
«Вашынгтон» абыграў «Караліну» з лікам 4:1.
Беларускі форвард «Вашынгтона» Аляксей Протас вынiковых балаў не набраў.
Хакеіст правёў на лёдзе 16 хвілін 33 секунд (у тым ліку 1:49 у меншасці), выканаў 1 кідок па брамцы, дапусціў 3 страты, заблакаваў 2 кідкі і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «0».
Протас у гэтым сезоне правёў 16 матчаў, набраў 10 (5+5) ачкоў пры паказчыку карыснасці «+6» і 2 хвілінах штрафу.
У апошніх 8 гульнях на яго рахунку адно (1+0) ачко.
Пасля 16 матчаў «Вашынгтон» мае 17 ачкоў і займае 12-е месца ва Усходняй канферэнцыі.
«Каларада» абыграла «Анахайм» – 4:1.
25-гадовы беларускі абаронца «Каларада» Ілля Салаўёў чацвёрты раз запар застаўся па-за складам.
Усяго ў гэтым сезоне Салаўёў правёў 9 матчаў, не набраў ачкоў, пры карыснасці «-4» і 4 хвілінах штрафу.
Агулам у НХЛ на яго рахунку 24 гульні і 4 (0+4) вынiковыя балы.
«Каларада» з 27 ачкамі пасля 17 матчаў лідзіруе ў Заходняй канферэнцыі.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






