Пасля міжнароднай паўзы адновяцца матчы чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі. У стартавым паядынку 21-га тура футбалісты “Слуцка” прымаюць на сваім полі салігорскі “Шахцёр”. Сустрэча першага круга сёлетняга першынства ў Салігорску завяршылася перамогай слуцкай дружыны з лікам 2:1. У мінулым туры “Слуцк” у гасцях разышоўся мірам з “Іслаччу” 0:0, а “Шахцёр” нечакана буйна прайграў на сваёй арэне дзяржынскаму “Арсеналу” 0:3. Заўтра лідар чэмпіянату гарадзенскі “Нёман” згуляе на сваім полі з “Іслаччу”, футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа”, якія ідуць другімі, сустрэнуцца на выездзе са “Смаргонню”, а ў Барысаве “Арсенал” будзе супернічаць з мазырскай “Славіяй”.
“Уфа” арандавала паўабаронцу зборнай Беларусі
«Уфа» і екацярынбургскі «Урал» дамовіліся аб арэндзе 24-гадовага апорнага паўабаронцы Валерыя Бачарова. Пра гэта паведамляюць сацсеткі ўфімцаў. Бачароў – выхаванец акадэміі менскага “Дынама”. У Беларусі гуляў за “Слуцк”, “Смалявічы” і БАТЭ. Правёў 85 матчаў у вышэйшай лізе, мае еўракубкавы вопыт. Прымаў удзел у кваліфікацыйных гульнях Лігі чэмпіёнаў, Лігі Еўропы і Лігі канферэнцый. У студзені перайшоў ва “Урал”. За нацыянальную зборную Беларусі згуляў 14 матчаў, за маладзёжную зборную правёў 8 сустрэч.
Хюрцэлер стаў самым маладым уладальнікам узнагароды найлепшага трэнера месяца АПЛ у гісторыі
Галоўны трэнер «Брайтана» Фабіян Хюрцэлер прызнаны найлепшым спецыялістам жніўня ў АПЛ. 31-гадовы немец трэнер узначаліў «Брайтан» летам. На гэтай пасадзе ён замяніў Раберта Дэ Дзербі, які сышоў з каманды пасля заканчэння папярэдняй кампаніі. Па выніках галасавання фанатаў і адзнак экспертнай групы, Хюрцэлер атрымаў узнагароду найлепшага трэнера жніўня ў АПЛ. Іншымі прэтэндэнтамі на ўзнагароду былі: Пеп Гвардыёла, Арнэ Слот і Мікель Артэта.
У першых 3 турах АПЛ «Брайтан» перамог у 2 гульнях і згуляў унічыю з «Арсеналам» 1:1. Каманда знаходзіцца на трэцяй пазіцыі ў турнірнай табліцы чэмпіянату. Хюрцэлер паўтарыў дасягненне галоўнага трэнера «Тотэнхэма» Энджа Пастэкаглу, які ў мінулым сезоне атрымаў узнагароду найлепшага трэнера ў першы месяц матчаў у Прэм’ер-лізе. Таксама ён стаў самым маладым галоўным трэнерам каманды, якому ўдалося выйграць гэты прыз.
Хакеісты менскага “Дынама” згуляюць з “Барысам” у Астане
Хакеісты менскага “Дынама” сёння правядуць трэці матч першай выязной серыі ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Пасля гульняў у Маскве і Балашысе падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава адправіліся ў сталіцу Казахстана, дзе прыняць “зуброў” рыхтуецца “Барыс”. На дадзены момант гэтая каманда з’яўляецца аўтсайдэрам Усходняй канферэнцыі, клуб з Астаны – адзіны ў КХЛ, які пакуль не святкаваў ніводнай перамогі ў сезоне. Адзінае ачко “Барыс” зарабіў 4 верасня, прайграўшы ў авертайме “Нафтахіміку” 1:2. “Дынама” пачало чэмпіянат значна лепш: у менчан чатыры ачкі ў трох гульнях і пятая пазіцыя ў табліцы Захаду. У папярэднім паядынку “зубры” абыгралі “Віцязь” з лікам 5:1.
Крысціна Дзмітрук прабілася ў чвэрцьфінал турніру ў Славеніі
Беларуская тэнісістка Крысціна Дзмітрук перамагла Сару Бэйлек з Чэхіі ў матчы 1/8 фіналу грунтавога турніру ў Славеніі — 6:4, 6:3. Сустрэча працягвалася адну гадзіну і 27 хвілін. Наступнай суперніцай Дзмітрук стане 182-я ракетка планеты швейцарка Жыль Тайхман.
Беларускае Радыё Рацыя