BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Смаргонь” змагаецца за права быць у вышэйшай лізе

футбол

У Смаргоні быў згуляны першы пераходны матч за права ў наступным годзе згуляць у Вышэйшай лізе.
Аднайменная каманда прымала бабруйскую «Белшыну» з другога дывізіёна і перамагла з лікам 1:0. Адзіны гол у матчы на 10 хвіліне забіў паўабаронца «мядзведзяў» – Аляксей Дайнэка. Да таго ж смаргонцы заканчвалі гульню ўдзесяцёх.
Па выніках сезона «Смаргонь» заняла 14-ы радок у турнірнай табліцы Вышэйшай лігі, а «Белшына» фінішавала на 4-м месцы ў Першай лізе.
Другая сустрэча адбудзецца 6 снежня ў Бабруйску.

Менскае «Дынама» і «Віцебск» згулялі матч 1/8 фінала Кубка Беларусі па футболе.
У асноўны час каманды згулялі «на нуль». У дадатковы час абмяняліся галамі на 108 і 115 хвілінах. А ў серыі пасляматчавых пенальці мацнейшымі былі мінчукі з лікам 4:2.
Апошні чвэрцьфіналіст вызначыцца сёння ў Віцебску, дзе чэмпіён краіны «МЛ» прыме сенсацыю Кубка, дружыну ўжо самага ніжэйшага трэцяга дывізіёна – «Слонім-2017».

У працяг кубкавай тэмы.
Учора былі згуляныя і некаторыя матчы таксама 1/8 фінала Кубка Польшчы.
У Глівіцах «Пяст» беларускага форварда Германа Баркоўскага прымаў познаньскі «Лех».
Герман выйшаў на поле на 63 хвіліне пры ліку 0:1, але не здолеў дапамагчы сваёй камандзе, якая па выніку прайграла 0:2 і вылецела з кубка.
А сёння «ГКС» іншага беларускага форварда Іллі Шкурына ў Катавіцах прыме прадстаўніка ад Падляшша – беластоцкую «Ягелонію».

І ў працяг тэмы беларускіх легіянераў.
Учора ў матчы 18-га тура чэмпіянату Балгарыі па футболе сафійскі ЦСКА абыграў «Лакаматыў» Плоўдзіў з лікам 2:1.
Гэтая перамога для ЦСКА стала 7-й запар у чэмпіянаце.
Галкіпер Фёдар Лапавухаў выйшаў у старце ЦСКА і прапусціў адзін мяч.
На рахунку беларускага брамніка 12 матчаў у чэмпіянаце (4 з іх – «на нуль» і 8 – прапушчаных мячоў).
Пасля 18 тураў ЦСКА займае трэці радок у турнірнай табліцы чэмпіянату Балгарыі, маючы ў актыве 31 ачко.

У рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай Хакейнай Лігі былі згуляныя шэраг матчаў каманд, у якіх гуляюць беларусы.

«Вашынгтон» у выязным матчы абыграў «Лос-Анджэлес» з лікам 3:1.
24-гадовы беларускі форвард пераможцаў Аляксей Протас пачаў сустрэчу на левым фланзе другога звяна разам з Джасцінам Сурдыфам і Томам Уілсанам.
Пад канец гульні беларус здолеў агадаць пустую браму суперніка, паставіўшы кропку і зрабіўшы лік 3:1.
Усяго ён правёў на лёдзе 19:51 хв (з іх 1:36 хв у меншасці), нанёс 5 кідкоў, здзейсніў 3 страты і 1 перахоп, а таксама скончыў матч з паказнікам карыснасці «+1». У 9 апошніх гульнях на яго ліку 7 ачкоў (3+4).
На рахунку віцебчука зараз 17 (8+9) бамбардзірскіх балаў і найвышэйшы ў камандзе паказнік карыснасці «+20» у 27 матчах сезона.
Пасля 27 сустрэч яго «Вашынгтон» набраў 34 ачкі і займае 3-е месца ва Усходняй канферэнцыі. Каманда здабыла пятую перамогу запар.

«Далас» у гасцях саступіў «Рэйнджэрс» у авертайме з лікам 2:3.
24-гадовы беларускі абаронца прайграўшых Уладзіслаў Калячонак дапамог камандзе зарабіць адзін выніковы бал. Усяго ён правёў на лёдзе 11:37 хв, нанёс 3 кідкі (2 з іх міма), зрабіў адзін сілавы прыём, заблакаваў 1 стрэл суперніка і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «0».
У бягучым сезоне на рахунку Калячонка сем матчаў за «Далас», 2 (1+1) выніковыя балы і паказчык карыснасці «+2».
Параза ад «Рэйнджэрс» перапыніла серыю «Даласа» з чатырох перамог запар, але падоўжыла серыю з набранымі выніковымі ачкамі да шасці гульняў. Пасля 27 матчаў клуб займае другое месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі, набраўшы 39 ачкоў.

«Чыкага» Арцёма Леўшунова саступіў па булітах «Вегасу» з лікам 3:4.
Беларускі абаронца правёў на лёдзе 20:50 хв, уключаючы 6:09 хв у большасці, не набраў дзейсных ачкоў, зрабіў 3 кідкі, здзейсніў 1 блокшот і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «0».
У бягучым сезоне Леўшуноў згуляў 25 матчаў, набраў 13 (1+12) ачкоў, мае паказчык карыснасці «-2» і 16 штрафных хвілін.
«Калгары» Ягора Шаранговіча прайграў «Нэшвілу» з лікам 1:5.
Беларускі нападнік правёў на лёдзе 16:17 хв (з іх 1:51 хв у большасці і 0:09 хв у меншасці), зрабіў 3 кідкі (1 міма варот), прайграў адзінае ўкідванне і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «-1». Ён не набірае ачкі ў апошніх чатырох матчах.
У бягучым сезоне Шаранговіч правёў 24 матчы, набраў 7 (3+4) ачкоў і мае паказчык карыснасці «-9».
«Ванкувер» Мікіты Талапіла прайграў «Каларада» Іллі Салаўёва з лікам 1:3.
Салаўёў зноў застаўся па-за заяўкай і прапусціў 13-ы матч запар. У бягучым сезоне ён правёў 9 матчаў, ачкоў не набраў, мае паказчык карыснасці «-4» і 4 хвіліны штрафу. Усяго ў НХЛ на яго рахунку 24 сустрэчы і 4 (0+4) балы.
Галкіпер «Ванкувера» Мікіта Талапіла таксама не быў заяўлены на матч, бо адлучыўся дадому да жонкі, якая нараджае. У бягучым сезоне ў яго 2 гульні, 1 перамога, каэфіцыент надзейнасці 3.56 і працэнт адбітых кідкоў 89,23%.

На Кубку свету па біятлоне ў шведскім Эстэрсундзе адбылася першая мужчынская індывідуальная гонка першага этапу.
Дэбютную перамогу ў кар’еры атрымаў нарвежац Ёхан-Олаў Ботн.
1. Ёхан-Олаў Ботн (Нарвегія) – 46.49,4
2. Марцін Ульдаль (Нарвегія) – +57,7
3. Себасцьян Самуэльсан (Швецыя) – +1.00,0
4. Сіверт Гутарм Бакен (Нарвегія) – +1.41,2
5. Стурла Хольм Легрэйд (Нарвегія) – +2.10,5
6. Еспер Нелін (Швецыя) – +2.18,7

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя