Спартсмены з Беларусі і Расеі не будуць удзельнічаць у зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць з 19 студзеня па 1 лютага ў правінцыі Канвандо (Паўднёвая Карэя). Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міжнароднага алімпійскага камітэта.

“Ніводны асобны нейтральны спартсмен не кваліфікаваны для ўдзелу ў зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульнях 2024 года”, – адказаў прадстаўнік прэс-службы на пытанне, ці возьмуць удзел у спаборніцтвах у Паўднёвай Карэі атлеты з Беларусі і Расеі.
Кваліфікацыйны перыяд на спаборніцтвы завяршыўся ў снежні. Як прыгадвае reform.by, летась у сакавіку Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамендаваў дапускаць расейскіх і беларускіх спартсменаў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах толькі ў якасці нейтральных атлетаў, прычым толькі тых, хто публічна не выказваўся ў падтрымку вайны.






