Наталля Качмарэк і Войцэх Навіцкі – спартоўцы з Беластока ўвайшлі ў першую дзясятку 89-га плебісцыту Przegląd Sportowy на лепшага спартоўца Польшчы ў 2023 годзе. Віцэ-чэмпіёнка свету з Будапешта ў бегу на 400 м заняла чацвёртае месца ў галасаванні заўзятараў, а віцэ-чэмпіён свету ў кіданні молата – таксама з Будапешта – шостае. Іга Свёнтэк была абраная найлепшай польскай спартоўкай у 2023 годзе. Летась 22-гадовая тэнісістка выйграла, у тым ліку, турнір Вялікага шлема “Ралан Гарос” у Парыжы і заключны турнір WTA ў Канкуне. Другое месца заняў чэмпіён свету па спідвэі Барташ Змаржлік, трэцяе — чэмпіён Еўропы па валейболе і пераможца Лігі чэмпіёнаў Аляксандр Сліўка. Сюрпрызам стала адсутнасць у першай дзясятцы Роберта Левандоўскага.
“Мінчанка” пацярпела 8-ю паразу запар у чэмпіянаце Расеі
“Мінчанка” на выездзе саступіла “Ленінградцы” ў матчы жаночага чэмпіянату Расеі — 1:3. Сталічныя валейбалісткі прайгралі восьмы паядынак запар і ідуць перадапошнімі ў табліцы з шасцю ачкамі, апярэджваючы толькі “Атам-Курск”, у актыве якога адзін набраны бал. 14 студзеня “Мінчанка” прыме “Туліцу”, якая займае сёмае месца ў табліцы пасля 15 тураў.
Шкурын падпісаў кантракт са «Сталлю» да 2025
Беларускі нападнік Ілля Шкурын падпісаў кантракт са «Сталлю». Новы кантракт будзе дзейнічаць да 30 чэрвеня 2025 года з опцыяй падаўжэння на адзін год. У бягучым сезоне польскага чэмпіянату Шкурын адзначыўся 8 галамі і 5 выніковымі перадачамі.
Ігнацьеў заключыў кантракт з БАТЭ
Брамнік Уладзіслаў Ігнацьеў працягнуў кантракт з БАТЭ. Гульцом барысаўскай каманды футбаліст з’яўляецца з 2021 года. Першыя два сезоны ён выступаў за дублюючы склад. У першай палове мінулага сезону Ігнацьеў быў часткай першаліговага «Астраўца», а ў другой папоўніў шэрагі «Гомеля» і правёў за яго 14 матчаў, з якіх у пяці не прапусціў галоў. Новае пагадненне Уладзіслава з БАТЭ разлічана на два гады.
Садаўнічы працягнуў кантракт з «Нёманам»
Беларускі абаронца Іван Садаўнічы працягнуў кантракт з «Нёманам». У мінулым сезоне 36-гадовы футбаліст правёў 21 матч, забіў два мячы. Садаўнічы пачне новы сезон з 5-матчавай дыскваліфікацыі.
«Дняпро», «Нёман», мінскае «Дынама» і «Гомель» прымуць удзел у турніры Mogilev Cup-2024
«Дняпро», «Нёман», мінскае «Дынама» і »Гомель« прымуць удзел у турніры Mogilev Cup-2024, які пройдзе з 23-га па 27-га студзеня. Матчы турніру пройдуць на полі Магілёўскага футбольнага манежа.
Памёр двухразовы ўладальнік «Залатога мяча» Франц Бекенбаўэр
Нямецкае інфармацыйнае агенцтва (DPA) паведаміла пра смерць былога абаронцы «Баварыі» і зборнай Германіі Франца Бекенбаўэра ва ўзросце 78 гадоў. Пра гэта крыніцы паведаміла яго сям’я. У апошнія гады ў Бекенбаўэра былі сур’ёзныя праблемы са здароўем: праблемы з сэрцам, пашкоджанне вачэй і хвароба Паркінсона, а таксама дэменцыя. На працягу гульнявой кар’еры ён выступаў за «Баварыю», «Гамбург» і «Космас» Нью-Ёрк. На рахунку былога абаронцы таксама 14 галоў у 103 матчах за зборную Германіі. Да таго ж, немец двойчы станавіўся ўладальнікам «Залатога мяча». Як трэнер Бекенбаўэр працаваў са зборнай ФРГ, «Баварыяй» і «Марсэлем».
Беларускае Радыё Рацыя