Кіраўніцтва футбольнага клуба «Ягелонія» абвясціла пра падпісанне новага кантракту са спартовым дырэктарам клуба Лукашам Маслоўскім. Пагадненне разлічана да чэрвеня 2027 года. Гэтая навіна стала прыемным сюрпрызам для заўзятараў каманды, паколькі да апошняга моманту абмяркоўваліся чуткі пра яго магчымы сыход ў «Відзэв» ці «Ракув». Як адзначаецца, галоўнымі прыярытэтамі пры прыняцці рашэння былі перспектывы развіцця клуба і сямейныя акалічнасці. Новы прэзідэнт клуба Земавіт Дэптула актыўна вёў перамовы з Маслоўскім, каб захаваць яго ў «Ягелоніі». У той жа час клуб рыхтуецца да збору ў Турцыі, які пачнецца 11 студзеня. У планах таксама пошук новых гульцоў для ўзмацнення абароны і паўабароны.
Менскае «Дынама» ўпэўнена абыграла ЦСКА на хатнім лёдзе
На «Менск-Арэне» хакеісты сталічнага «Дынама» адсвяткавалі першую хатнюю перамогу ў 2025 годзе ў рамках рэгулярнага чэмпіянату КХЛ. Падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага сустракаліся з адным з лідараў Заходняй канферэнцыі — маскоўскім ЦСКА. Лік быў адкрыты на 24-й хвіліне: Крыс Тырні, які ўпершыню закінуў з сярэдзіны лістапада, вывеў «Дынама» наперад. Незадоўга да другога перапынку менчукі змаглі скарыстацца большасцю — гол на свой рахунак запісаў Вадзім Мороз. У выніку сустрэча завяршылася з лікам 2:0, а брамнік Васіль Демчанка аформіў «сухар», адбіўшы ўсе 20 кідкоў суперніка. Гэтая перамога стала восьмай для менчукоў у дзесяці апошніх матчах, што дазволіла камандзе падняцца на шостую пазіцыю ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. Наступная хатняя гульня «Дынама» адбудзецца 10 студзеня супраць «Сібіры» з Новасібірска.
Галкіпер «Дынама» — найлепшы гулец КХЛ па выніках трох тыдняў
Васіль Дземчанка, брамнік «Дынама», узначаліў рэйтынг найлепшых гульцоў Кантынентальнай хакейнай лігі па выніках перыяду з 15-га па 17-ы тыдзень рэгулярнага чэмпіянату. Пра гэта паведамляе прэс-служба КХЛ. Дэманструючы выдатную статыстыку, Васіль апярэдзіў форвардаў СКА — Сяргея Плотнікава і Івана Дземідава. З сярэдзіны снежня ён згуляў восем матчаў, у трох з якіх не прапусціў ніводнай шайбы. Яго працэнт адбітых кідкоў перавышае 96%, а сярэдняя колькасць прапушчаных шайбаў складае менш за адну за гульню.
Шаранговіч часта кідаў, але не трапляў: «Калгары» вырваў перамогу ў «Анахайма» ў авертайме
Беларускі хакеіст Ягор Шаранговіч прыняў удзел у гасцявым матчы НХЛ, дзе яго «Калгары» здолеў абыграць «Анахайм» у авертайме з лікам 3:2. На лёдзе нападнік правёў амаль 18 хвілін, зрабіў адзін дакладны кідок з сямі спробаў і выйграў 2 з 5 укідванняў. Заліковыя балы не зарабіў, а яго каэфіцыент карыснасці склаў -1. Тым часам «Філадэльфія» саступіла «Таронта» з лікам 2:3. Беларускага брамніка Аляксея Коласава на лёд не выпусцілі — у браме стаяў расеец Іван Фядотаў, які адбіў 14 з 17 кідкоў суперніка. У гэтым сезоне на рахунку Коласава 15 матчаў, у якіх ён здолеў у 4 святкаваць перамогі з паказчыкам надзейнасці 87%.
Патрык Клюйверт узначаліў нацыянальную зборную Інданезіі
Знакаміты футбаліст з Нідэрландаў Патрык Клюйверт стаў галоўным трэнерам зборнай Інданезіі. Паводле афіцыйнай інфармацыі Футбольнай асацыяцыі Інданезіі, Клюйверт падпісаў кантракт на два гады з магчымасцю падаўжэння. Да працы ў штабе далучацца яго суайчыннікі — Алекс Пастор і Дэні Ландзаат, а таксама два інданезійскія трэнеры. Раней Клюйверт працаваў з турэцкім клубам «Адана Дэмірспор». На новай пасадзе ён змяніў паўднёвакарэйскага трэнера Сін Тхэ Ёна.
Беларускае Радыё Рацыя