BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вядомыя патэнцыйныя супернікі беларускіх клубаў у кваліфікацыі Лігі канферэнцый

Вызначылася група магчымых супернікаў беларускіх клубаў у першым кваліфікацыйным раўндзе футбольнай Лігі Канферэнцый. На турніры згуляюць «Нёман», «Іслач» і «Тарпеда-БелАЗ», Для нясеяных клубаў з Беларусі ў спіс патэнцыйных супернікаў увайшлі: літоўскі «Жальгірыс», паўночнаірландскі «Лінфілд», фінск КуПС, ісландскі «Брэйдаблік», тбіліскае «Дынама», фарэрскі Б36 Торхсван і эстонская «Левадыя». Усяго ў першы кошык патрапяць 26 каманд. Лёсаванне першага раўнда Лігі канферэнцый адбудзецца 18 чэрвеня. Матчы запланаваны на 11 і 18 ліпеня.

Сабаленка засталася другой, Азаранка ўзнялася на 24-е месца ў рэйтынгу WTA

Арына Сабаленка пасля паразы ў фінале турніру ў Мадрыдзе захавала за сабой другую пазіцыю ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA).
Цяпер у актыве Сабаленкі 7498 ачкоў, а пераможца мадрыдскага турніру полька Іга Свёнтэк набрала ўжо 10 910 рэйтынгавых балаў. Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка паднялася на два радкі і займае 24-е месца, маючы 2024 ачкі, Аляксандра Сасновіч страціла чатыры пазіцыі і знаходзіцца на 113-м месцы.
Рэйтынг Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў па-ранейшаму ўзначальвае серб Новак Джокавіч. Трыумфатар турніру ў іспанскай сталіцы расеец Андрэй Рублёў выйшаў на шостае месца, а фіналіст гэтых спаборніцтваў Фелікс Ожэ-Альясім з Канады падняўся з 35-га на 20-ы радок. Найлепшы з прадстаўнікоў Беларусі Ілля Івашка займае 303-ю пазіцыю.

Зборная Беларусі па хакеі згуляе з Расеяй 25 траўня у Омску

Нацыянальная каманда Беларусі па хакеі сёння правядзе першы з трох матчаў супраць Расеі 25 траўня ў рамках серыі «Ліга Ставок. Вялікі тур зборнай».
Першы паядынак турнэ прыме «G-Drive Арэна» ў Омску. Перад паездкай у Сібір абедзве каманды прынялі ўдзел у турніры Qazaqstan Hockey Open у Астане. Падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава занялі другое месца, абыграўшы ў авертайме гаспадароў лёду 5:4 і пацярпеўшы разгромную паразу ад расейцаў з лікам 0:6. Найлепшым нападнікам турніру быў прызнаны Аляксандр Скарэнаў, а брамнікі Сяргей Бальшакоў і Аляксей Снытко, а таксама абаронца Данііл Ліпскі дэбютавалі за нацыянальную каманду.

У Нацыянальнай хакейнай лізе сталі вядомы ўсе ўдзельнікі другога раўнда плэй-оф

У Нацыянальнай хакейнай лізе вызначыліся ўсе ўдзельнікі другога раўнда плэй-оф Кубка Стэнлі. За апошняе месца ў паўфінале Заходняй канферэнцыі змагаліся найлепшы клуб Захаду па выніках рэгулярнага чэмпіянату «Далас» і леташні чэмпіён НХЛ «Вегас», які прабраўся ў плэй-оф толькі з восьмага месца. Дзве стартавыя гульні серыі забралі «рыцары», затым тры матчы запар выйгралі тэхасцы, але ў шостым паядынку мацней зноў апынуўся калектыў з Невады, перавёўшы высвятленне адносін у сёмы матч. Пасля двух перыядаў вырашальнай гульні на табло гарэлі роўныя лічбы, а ў заключнай 20-хвілінцы перамогу «зоркам» прынёс форвард Радэк Факса – 2:1.
У другім раўндзе плэй-оф «Далас» сустрэнецца з уладальнікам Кубка Стэнлі 2022 года «Каларада», які ў сваёй серыі першага круга выбіў з барацьбы «Вініпег» 4:1. Яшчэ адну пару паўфіналістаў на Захадзе склалі канадскія «Эдмантан» і «Ванкувер»: раней «нафтавікі» ў пяці матчах завяршылі сезон для «Лос-Анджэлеса», а «касаткі» былі мацней за «Нэшвіл» 4:2.
Ва Усходняй канферэнцыі другі раўнд розыгрышу Кубка Стэнлі ўжо стартаваў – мінулай ноччу «Нью-Ёрк Рэйнджэрс» абыгралі «Караліну» з лікам 4:3 і выйшлі наперад у супрацьстаянні.

Італьянскі «Трэнціна» выйграў валейбольную Лігу чэмпіёнаў

У турэцкай Анталіі адбыўся фінальны матч Лігі чэмпіёнаў па валейболе.
Наймацнейшай камандай Еўропы чацвёрты раз у сваёй гісторыі стаў італьянскі клуб «Трэнціна». На групавым этапе калектыў з Паўночнай Італіі святкаваў пяць перамог у шасці матчах і напрамую выйшаў у чвэрцьфінал. Там «бела-сінія» разабраліся з «Берлінам» (3:0, 3:0), а ў паўфінале не без цяжкасцяў прайшлі суайчыннікаў з «Лубе» (3:1, 2:3).
Супернікам «Трэнціна» па фінале стаў дзеючы віцэ-чэмпіён турніру «Ястшэмбскі Венгель» з Польшчы, сустрэча скончылася перамогай італьянцаў у трох партыях (25:20, 25:22, 25:21). Каманда з Трэнта выйграла Лігу чэмпіёнаў упершыню з 2011 года і перапыніла серыю польскіх перамог – да гэтага тры сезоны запар галоўны трафей кантынента забірала ЗАКСА з горада Кендзежын-Козле.

Беларускае Радыё Рацыя