BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сталі вядомыя супернікі зборнай Беларусі па пляжным футболе ў кваліфікацыі ЧС-2025


Пасля адмовы літоўскай зборнай ад гульні, беларускія “пляжнікі” будуць гуляць у групе А. Супернікамі беларусаў стануць зборныя Даніі, Швейцарыі і Італіі.

Фота: beachsoccer.by.

Нагадаем, федэрацыя футбола Літвы разам са зборнай вырашылі не выходзіць на поле супраць беларусаў: засмучае, што нашы гульцы ў пляжны футбол не змогуць пазмагацца за наступны раунд адбору і праверыць свае сілы з элітай спорту, але іншыя каштоўнасці ў гэтым выпадку застаюцца вышэй за спорт. “Абмеркавалі рашэнне з прадстаўнікамі зборнай і пагадзіліся, што такі крок з нашага боку яшчэ раз належным чынам прадэманструе нашу пазіцыю па гэтым пытанні”, – заявіў прэзідэнт Федэрацыі футбола Літвы Эдгарас Станкявічус.

Матч 1/8 фіналу адборавага этапа паміж зборнымі павінен быў прайсці сёння. У выніку зборнай Літвы залічана тэхнічная параза з лікам 0:3. Каманда Беларусі прайшла ў наступны этап.

Юрген Клоп уладкаваўся на працу ў “Рэд Бул”

Былы галоўны трэнер дортмундскай «Барусіі» і «Ліверпуля» Юрген Клоп афіцыйна зацверджаны на пасадзе кіраўніка па футбольных аперацыях у кампаніі «Рэд Бул». Раней паведамлялася, што працу ў сістэме “Рэд Бул” нямецкі спецыяліст пачне з 1 студзеня 2025 года. Нагадаем, Юрген пакінуў “Ліверпуль” пасля заканчэння мінулага сезона. Як прызнаваўся сам нямецкі спецыяліст, на працягу найбліжэйшага года ён плануе ўзяць перапынак ад любой футбольнай дзейнасці. Прафесійную трэнерскую кар’еру Клоп пачаў у «Майнцы». Сусветную вядомасць Юрген набыў, працуючы ў «Барусіі». З «Ліверпулем» немец выйграваў Лігу чэмпіёнаў, АПЛ і іншыя прэстыжныя трафеі, у тым ліку клубны чэмпіянат свету па футболе.

Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу турніру WTA-1000 ва Ухані

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка пераможна пачала выступы на турніры WTA-1000 у кітайскім Ухані з прызавым фондам 3 мільёны 200 тысяч даляраў. У паядынку 1/16 фіналу другая ракетка планеты абыграла ў двух сэтах чэшскую тэнісістку Кацярыну Сінякаву, у якой 37-я пазіцыя ў сусветным рэйтынгу, – 6:4, 6:4. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 33 хвіліны. У матчы за выхад у чвэрцьфінал беларуска будзе супернічаць з 35-ым нумарам рэйтынгу WTA прадстаўніцай Казахстана Юліяй Пуцінцавай.

Уімблдон з 2025 года заменіць усіх лінейных суддзяў штучным інтэлектам

З наступнага года Уімблдон заменіць усіх 300 суддзяў на лініі штучным інтэлектам і электроннай сістэмай, упершыню за 147-гадовую гісторыю чэмпіянату выключыўшы суддзяў-людзей. Усеангельскі клуб пацвердзіў, што ўсе 18 гульнявых кортаў будуць абсталяваны аўтаматызаванай сістэмай электроннага судзейства (ELC), паведамляе Sky.

Сістэма будзе такой жа, як і тая, што выкарыстоўваецца на US Open з 2020 года, дзе аўтаматычныя галасавыя паведамленні гучаць на працягу дзясятай долі секунды пасля прызямлення мяча.
У выніку зменаў чакаецца, што сістэма праверкі «Ястрабінае вока» на Уімблдоне, уведзеная ў 2007 годзе, калі гульцы маглі праглядаць і аспрэчваць рашэнні лінейных суддзяў, будзе адменена.

Беларускае Радыё Рацыя