Сталі вядомыя ўсе ўдзельніцы Выніковага турніру WTA 2024 года.

На турнір кваліфікаваліся такія майстрыхі вялікай ракеткі як Іга Свёнтэк з Польшчы, Арына Сабаленка з Беларусі, амерыканкі – Коры Гаўф і Джэсіка Пегула, Ясмін Пааліні з Італіі, Алена Рыбакіна з Казахстана, кітаянка Чжэн Цыньвэнь і прадстаўніца Чэхіі Барбора Крэйчыкава. У гэтым годзе выніковы турнір WTA будзе праходзіць у саудаўскім Эр-Рыядзе з 2 па 9 лістапада.
У беларускай хакейнай Экстралізе ўчора прайшлі тры матчы. Жлобінскі “Металург” дома перамог гарадзенскі “Нёман” з лікам — 5:3 (3:3, 2:0, 0:0) па перыядах. Гаспадары двойчы саступалі ў ліку па ходзе паядынку, але здолелі дабіцца валявой вікторыі. “Металург” з 16 ачкамі ў турнірнай табліцы ідзе – пятым, у “Нёмана” – 14 балаў і 11-я пазіцыя. Астанія дзьве сустрэчы выглядаюць наступным чынам. «Авіятар» Баранавічы дома прайгралі «Гомелю» 0:3. Пры чым усе тры шайбы прапусцілі ў заключным трэцім перыядзе. А менскае «Юнацтва» на сваёй пляцоўцы перамагло ў бліжэйшага канкурэнта, лідара экстралігі – «Дынама-Маладэчна» з лікам 5:1. І тым самым спыніла 13-матчавую серыю без паразаў для маладэчанцаў.
Галоўнага трэнера зборнай Казахстана расейца Станіслава Чарчэсава аштрафавалі на 738,4 тыс. тэнге, гэта каля 1650 даляраў, з-за ягонай няўдалай спробы пажартаваць пра казахскую мову. Зрабілі гэта «ў рамках этычнага рэгламенту». Станіслаў Чарчэсаў пасля апошняга пройгрышу ад зборнай Славеніі ў Лізе нацый з лікам 0:1 адказаў журналісту ў футболцы клуба «Пары Сен-Жэрмен», які задаў пытанне на казахскай, ці не на французскай мове ён гаворыць. На гэты інцыдэнт адрэагавала Міністэрства турызму і спорту краіны, якое запатрабавала тлумачэнняў. У Федэрацыі футбола Казахстана патлумачылі, што гэта, маўляў, быў жарт, а Чарчэсаў нібыта з вялікай павагай ставіцца да казахскай мовы і актыўна яе вывучае. Тым не менш, штраф на яго наклалі: «Ёсць памылкі, мы толькі ўчора пра гэта гаварылі з журналістамі. Гумар Чарчэсава, вядома, выходзіць за рамкі. Я асабіста перагаварыў з ім, патлумачыў актуальнасць і прыярытэт дзяржаўнай мовы. Мы правялі з ім гутарку, працу. Яму выстаўлены штраф», — сказаў кіраўнік Казахстанскай федэрацыі футболу Адлет Барменкулаў.
Капітан зборнай Аргентыны і “Інтэра” з Маямі Ліянэль Мэсі лічыць, што яго партнёр па нацыянальнай камандзе Лаўтара Марцінэс варты ўзнагароды “Залаты мяч” у 2024 годзе. «Ён правёў надзвычайны сезон. Стаў лепшым бамбардзірам Кубка Амерыкі, забіў пераможны гол у фінале. Марцінэс заслугоўвае «Залаты мяч» больш, чым хто-небудзь іншы», – прыводзіць словы Месі выданне La Gazzetta dello Sport. Цырымонія ўручэння “Залатога мяча” адбудзецца 28 кастрычніка ў Парыжы ў тэатры Шатле.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






