BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Сталіца” другі раз перамагла “Вітэн”

Спартоўцы “Сталіцы” выйгралі ў “Вітэна” у другім матчы паўфінальнай серыі чэмпіянату Беларусі. Пасля нядаўняга выйгрышу ў Воршы “сталічнікі” перамаглі і на пляцоўцы спарткомплексу “Уручча” – 4:2. На 3-й хвіліне найлепшы бамбардзір рэгулярнага першынства Уладзімір Разуванаў вывеў гасцей наперад, аднак яшчэ да перапынку гаспадары выйшлі наперад пасля дакладных удараў Максіма Осіпава і Алега Яроміна. У другой палове сустрэчы Ігар Шчарбіч і Эдзімар яшчэ двойчы забілі варшанцам, на што тыя адказалі голам Паўла Рагавіка. У гасцях дзейныя чэмпіёны святкавалі валявую вікторыю з лікам 2:1 і зараз у выпадку перамогі 24 траўня ў Оршы выйдуць у фінал нацыянальнага першынства. У іншай паўфінальнай пары срэбраны прызёр гомельскі ВРЗ двойчы абыграў уладальнікаў бронзы “Менск”. У першай сустрэчы гамельчукі выйгралі з сухім лікам 2:0, а напярэдадні на выездзе адолелі мінчан у серыі пасляматчавых пенальці. Трэці паядынак за трапленне ў фінал супернікі правядуць 23 траўня ў Гомелі, і калі ВРЗ пераможа, то стане ўдзельнікам серыі за чэмпіёнскі тытул.

Нападнік берасцейскага “Дынама” Ягор Карцоў прызнаны найлепшым гульцом дзявятага тура вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па версіі АБФФ.

Расейскі форвард Ягор Карцоў знайшоў сябе ў берасцейскім «Дынама» – забівае стабільна і прыгожа. Два найпрыгажэйшыя галы ў браму «Слуцка» — цудоўны перфоманс нападніка. Ідэальная рэалізацыя момантаў, 100% выйграных адзінаборстваў, ну і прыгажосць забітых мячоў – неацэнны ўклад у агульны разгром случчан. Ягор Карцоў – найлепшы ў 9-м туры Вышэйшай лігі, – сказана ў прома-роліку федэрацыі.

Вызначаны пары 1/4 фіналу жаночага Кубка Беларусі па футболе

У менскім Доме футбола адбылося лёсаванне чвэрцьфінальнай стадыі розыгрышу Кубка Беларусі сярод жаночых каманд. Цяперашні ўладальнік трафея сталічнае “Дынама-БДУФК” сустрэнецца з футбалісткамі “Смаргоні”. Фіналісткі мінулага кубкавага турніру спартоўкі ФК “Менск” будуць супернічаць з “Бабруйчанкай”. Сталічная “Зорка-БДУ” паспрачаецца з берасцейскім “Дынама”, а магілёўскае “Дняпро” у барацьбе за трапленне ў паўфінал згуляе з “Віцебскам”. Чвэрцьфінальныя сустрэчы запланаваны на 19 чэрвеня.

Шымановіч прайграла ў кваліфікацыі “Ралан Гарос”

На парыжскіх кортах “Ралан Гарос” працягваюцца матчы кваліфікацыі другога ў сезоне турніру серыі “Вялікага шлема” – адкрытага чэмпіянату Францыі. Беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч у стартавым паядынку прайграла чэшцы Ліндзе Фрухвіртавай у дзвюх партыях – 4:6, 2:6. Першай з прадстаўніц Беларусі свой паядынак правяла Аляксандра Сасновіч, якая ў першым кваліфікацыйным раўндзе ўпэўнена перайграла прадстаўніцу Францыі Джэні Лім – 6:4, 6:2.

Беларуска Церах выйграла велагонку ў італьянскім Мірана

Беларуская велагоншчыца Ганна Церах стала пераможцай гонкі італьянскага нацыянальнага календара GP Citta di Mirano. Дыстанцыю ў 100 км беларуска-пераможца, якая выступае за славенскую каманду BTC City Ljubljana, пераадолела за 2 гадзіны, 24 хвіліны і 53 секунды, апярэдзіўшы італьянак Джорджыю Барыяні і Эмануэлу Дзанэці. Гэтая перамога на дарогах Італіі стала для Церах ужо трэцяй у цяперашнім сезоне.

Брамнік зборнай Латвіі ў матчы са Славакіяй схуднеў на 7 кілаграмаў

Галкіпер зборнай Латвіі Крыстэрс Гудлеўскіс схуднеў на сем кілаграмаў за час матча групавога этапу чэмпіянату свету са зборнай Славакіі, які яго каманда выйграла 3:2. Пра гэта паведамляе журналіст Улвіс Брожэ ў сацыяльных сетках. Па брамцы 31-гадовага Гудлеўскіса ў матчы са славакамі было нанесена 43 кідкі. Крыстэрс стаў адным з галоўных герояў сустрэчы, упэўнена паказаўшы сябе і ў булітнай серыі, прапусціўшы толькі адзін раз пасля сямі кідкоў. Латвія набрала дзевяць ачкоў і займае пятае месца ў табліцы групы B. Для выхаду ў плэй-оф латвійцам неабходна ў апошнім матчы групавога этапу абыгрываць у асноўны час зборную ЗША і спадзявацца на паразу Славакіі гэтак жа ў асноўны час у матчы са Швецыяй.

Беларускае Радыё Рацыя