BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Стартаваў клубны чэмпіянат свету па футболе

На выходных пачаўся Клубны чэмпіянат свету па футболе — спаборніцтва, у якім бяруць удзел пераможцы еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў, паўднёваамерыканскага Кубка Лібертадорэс, аналагаў у Паўночнай Амерыцы, Афрыцы, Азіі ды Акіяніі, а таксама некаторыя клубы з найлепшым рэйтынгам.

Упершыню ў турніры, што пройдзе ў ЗША з 14 чэрвеня па 13 ліпеня бяруць удзел 32 каманды – пераможцы такіх турніраў з 2021 года. Яны падзеленыя на восем групаў па 4 каманды. З якіх па дзьве лепшыя выйдуць у 1/8 фінала.

Ад Еўропы бяруць удзел «Манчэстэр Сіці», «Чэлсі», «Рэал», «Атлетыка», ПСЖ, «Баварыя», «Барусія», «Ювентус», «Мілан», «Порту», «Бенфіка», «Рэд Бул Зальцбург».
Першыя матчы чэмпіяната прынеслі наступныя вынікі. Егіпецкі «Аль Ахлі» згуляў 0:0 з амерыканскім «Інтэр Маямі». Нямецкая «Баварыя» не пакінула камня на камні 10:0 ад аматарскай каманды з Новай Зеландыі «Оклэнд Сіці». А французскі ПСЖ перамог гішпанскі «Атлетыка» з лікам 4:0.

У Славаччыне працягваецца 25-ы моладзевы чэмпіянат Еўропы па футболе. Выходныя прынеслі там наступныя вынікі. У суботу Гішпанія перамагла Румынію з лікам 2:1. Францыя Грузію 3:2. Партугалія разграміла Польшчу з лікам 5:0. А Італія з мінімальным лікам 1:0 перамагла каманду гаспадароў турніра. А ў нядзелю дзеючы чэмпіён зборная Англіі згуляла ўнічыю са Славеніяй 0:0. Украіна перамагла Фінляндыю 2:0. Германія Чэхію 4:2. І Данія Нідэрланды 2:1.

Завяршыліся матчы 12 тура ў Вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе. Учора мазырская «Славія» перамагла 1:0 наваполацкі «Нафтан». «Віцебск» адолеў «Смаргонь» 2:1. А ў заключным матчы тура іншая віцебская каманда «МЛ» мінімальна перайграла «Іслач» з лікам 1:0.
Такім чынам «МЛ» працягвае сваю серыю без паразаў і ідзе на першым месцы ў турнірнай табліцы. На другім «Славія». На трэцім менскае «Дынама». Замыкае табліцу «Маладэчна» з нулём ачкоў.

У Першай лізе беларускага футбола каманды згулялі 11 тур. З цікавых вынікаў выдзелім матч пры самой беларуска-польскай мяжы ў камянецкім Далбізне, дзе «Ніва» мінімальна перайграла «Ліду» з лікам 1:0. І тым самым узнялася ў турнірнай табліцы на другі радок. На першым застаецца магілёўскі «Дняпро», які мае на адно ачко болей. А на трэцім – бабруйская «Белшына», у якой на адно ачко меней.

У пятым матчы розыгрыша Кубка Стэнлі Нацыянальнай хакейнай лігі «Фларыда» перамагла «Эдмантан» з лікам 5:2 і тым самым выйшла наперад у серыі 3:2.

У фінальнай серыі Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі быў згуляны 4 матч. Там «Аклахома» перамагла «Індыяну» 111:104 і параўняла лік у серыі 2:2.

Працягваецца розыгрыш Лігі нацый у сусветным валейболе. Зборная Польшчы, якая свае матчы праводзіць у Кітаі, на выходных згуляла два матчы. У суботу яна абыграла Турцыю з лікам 3:0 (28:26, 25:23, 25:21), а ў нядзелю з такім сама лікам і Сербію (25:21, 25:20, 25:23). І зараз зборная Польшчы, колеры якой абараняе гарадзенец, атакуючы нумар адзін у камандзе Аляксей Насевіч, са 100% вынікам адзінаасобна займае першы радок у турнірнай табліцы.

У чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе былі згуляныя некалькі матчаў. Так у серыі за трэцяе месца «Мінск» перамог гомельскі ВРЗ па пенальці 4:3. І тым самым павёў у серыі да трох перамог 2:1.
А ў фінальнай серыі менская «Сталіца» перамагла аршанскі «Вітэн» і таксама павяла 2:1 у серыі да трох перамог.

Працягваюць збіраць міжнародныя трафеі беларускія пляжныя футбалісты. Чэмпіён Беларусі магілёўскі ЦОР па пенальці 3:2 перайграў чэмпіёна Гішпаніі «Марбэлью» і стаў уладальнікам трэцяга месца ў розыгрышы Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў па пляжным футболе.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя