BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Стартуе Еўра-2024

На футбольных арэнах Германіі сёння, 14 чэрвеня, стартуе 17 чэмпіянат Еўропы. На працягу месяца сустрэчы найлепшых футбалістаў кантынента пройдуць у дзесяці нямецкіх гарадах.


Сёння, 14 чэрвеня, у Мюнхене ў 22 гадзіны паводле беларускага, на гадзіну раней паводле польскага часу, у матчы адкрыцця гаспадары турніру, футбалісты Германіі, сустрэнуцца з камандай Шатландыі. Галоўным арбітрам гэтай гульні прызначаны французскі рэферы Клеман Цюрпэн. Другі паядынак у гэтым квартэце паміж зборнымі Венгрыі і Швейцарыі адбудзецца заўтра ў Кёльне. Дзеючыя чэмпіёны Еўропы, футбалісты Італіі, згуляюць у групе В разам з камандамі Іспаніі, Харватыі і Албаніі. Фіналісты папярэдняга ЧЕ, англічане, выступяць у квартэце С, дзе іх супернікамі будуць зборныя Даніі, Славеніі і Сербіі. Дэбютанты турніру такога рангу, футбалісты Грузіі, згуляюць у групе F і паспрабуюць даць бой віцэ-чэмпіёнам планеты французам, экс-чэмпіёнам Старога Свету партугальцам і турэцкім футбалістам. Зборная Польшчы, нагадаем, стартуе заўтра, 15 чэрвеня, матчам з нідэрландцамі.

“Сталіца” трэці раз запар стала чэмпіёнам Беларусі

“Сталіца” трэці раз запар стала чэмпіёнам Беларусі па міні-футболе. Фінальную серыю ў ВРЗ яна выйграла з лікам 3:0. У першым матчы ВРЗ быў пераможаны на яго полі — 3:2. Пасля “Сталіца” выйграла на хатняй арэне — 2:1. Трэці матч прайшоў напярэдадні ў Гомелі. Менчукі выйгралі з лікам 6:2. “Сталіца” станавілася чэмпіёнам краіны ўжо шэсць разоў. ВРЗ дагэтуль ні разу не выйграў “золата”, хаця восем разоў гуляў у фінале. “Бронза” — у аршанскага “Вітэна”.

Пераход Шчэнснага ў «Аль-Наср» пад пытаннем

Трансфер галкіпера «Ювентуса» Войцеха Шчэнснага ў «Аль-Наср» можа не адбыцца, паведаміў інсайдар Фабрыцыа Рамана. Узніклі праблемы ў перамовах паміж клубамі. Раней паведамлялася, што «Аль-Наср» дамовіўся з гульцом пра ўмовы асабістага кантракту – пагадненне на 2 гады з зарплатай 19 мільёнаў еўра за сезон. Перамовы былі на прасунутай стадыі, але паміж клубамі ўзніклі некаторыя пытанні, і зараз пагадненне пад пагрозай. Пакуль гэты патэнцыйны трансфер пастаўлены на паўзу, сітуацыя павінна высветліцца пазней. Кантракт паляка з «Ювентусам» дзейнічае да 2025 года. За «Ювентус» ён выступае з 2017-га.

“Мінск” стаў чэмпіёнам Беларусі па хакеі на траве

“Мінск” стаў чэмпіёнам Беларусі па хакеі на траве сярод мужчынскіх каманд. Фінальная серыя ў брэсцкага “Будаўніка” выйграная з лікам 3:1.

Першыя два матчы прайшлі ў Берасці. Спачатку выйгралі гаспадары 3:1, пасля — госці 3:2. Далей каманды гулялі ў сталіцы. У трэцім паядынку ў сераду “Мінск” абыграў “Будаўнік” — 4:0, а ў чацвёртым у чацвер — 2:1.

Летась чэмпіёнам стаў “Будаўнік”, які абыграў сталічную каманду. Сёлета “Мінск” вярнуў сабе чэмпіёнства. “Бронза” — у “Гомеля”.

У папярэднім спісе дапушчаных да Алімпіяды тэнісістак — трое беларусак

У папярэднім спісе дапушчаных да Алімпіяды тэнісістак — трое беларусак. Гэта Арына Сабаленка, Вікторыя Азаранка і Аляксандра Сасновіч, паведамляе тэлеканал “Беларусь 5”. Паводле рэйтынгу былі дапушчаныя і дзевяць расейскіх тэнісістаў. Канчатковы спіс Міжнародная федэрацыя тэніса апублікуе ў пачатку ліпеня. Рашэнне па допуску беларусаў і расейцаў да Алімпіяды цяпер будзе прымаць камісія Міжнароднага алімпійскага камітэта па адпаведнасці нейтральнаму статусу. Міжнародная федэрацыя тэніса дапусціла беларускіх і расейскіх тэнісістаў да Алімпіяды ў Парыжы ў індывідуальным нейтральным статусе ў сакавіку. Але тэнісісты павінны адпавядаць “патрабаванням адбору і допуску”, а таксама прынцыпам Міжнароднага алімпійскага камітэта. Іх могуць адхіліць, напрыклад, за падтрымку вайны Расеі супраць Украіны. Гульні ў Парыжы пройдуць з 26 ліпеня па 11 жніўня.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: uefa.com