Пасля перамогі над аршанскім «Лакаматывам» салігорскі «Шахцёр» гарантаваў сабе месца ў плэй-оф хакейнай Экстралігі. За 14 тураў да канца клуб лідзіруе ў табліцы з актывам 70 ачкоў у 41-м матчы. У бягучым сезоне «краты» святкавалі 35 перамог. Пачатак плэй-оф запланаваны на 9-10 сакавіка.
Сасновіч прайграла ў першым крузе Australian Open
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч прайграла ў першым раундзе адзіночнага разраду адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. Беларуска, якая займае 81-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіла ў дзвюх партыях прадстаўніцы Іспаніі Рэбецы Машаравай, у якой 91-я пазіцыя ў рэйтынгу WTA, – 3:6, 4:6. У 1/32 фіналу Машарава сустрэнецца з украінскай тэнісісткай Лесяй Цурэнкай.
Хаслаханаў перамог на міжнародным турніры ў Харватыі
У сталіцы Харватыі Заграбе завяршыўся міжнародны турнір па барацьбе Zagreb Open 2024, удзел у якім пад нейтральным сцягам бралі беларускія спартоўцы. Zagreb Open – першы турнір 2024 года, які ўваходзіць у Рэйтынгавую серыю Аб’яднанага свету барацьбы. У заключны дзень спаборніцтваў шэсць камплектаў медалёў разыгралі прадстаўнікі грэка-рымскага стылю. Пераможцам у вагавай катэгорыі да 97 кг стаў беларускі барэц Абубакар Хаслаханаў. У фінале Хаслаханаў быў мацней за Арві Савалайнена з Фінляндыі. Такім чынам, за пяць дзён спаборніцтваў прадстаўнікі беларускай дэлегацыі заваявалі на Zagreb Open чатыры ўзнагароды – 1 золата, 1 срэбра і 2 бронзы.
Гандбалісты Венгрыі і Германіі выйшлі ў асноўны этап ЧЕ
На мужчынскім гандбольным чэмпіянаце Еўропы вызначыліся яшчэ два ўдзельнікі асноўнага этапа. У матчы другога тура папярэдняй групы А гаспадары турніру нямецкія гандбалісты ўпэўнена перайгралі паўночнамакедонцаў – 34:25 і заваявалі пропуск у наступную стадыю. А вось алімпійскія чэмпіёны французы нечакана не змаглі адолець швейцарцаў 26:26 і пакуль афіцыйна яшчэ не аформілі выхад у другі групавы этап. Гэтага дамагліся венгры, якія ва ўпартай барацьбе перамаглі сербаў – 28:27. Акрамя сербаў на другую пуцёўку таксама прэтэндуюць ісландцы, якія адолелі чарнагорцаў – 31:30. У квартэце С іспанцы пасля стартавага правалу ў гульні з харватамі 29:39 разграмілі румын – 36:24. Харвацкія гандбалісты не здолелі ўтрымаць перамогу над аўстрыйцамі, задаволіўшыся толькі нічыёй – 28:28. Сёння ў трох групах адбудуцца сустрэчы заключнага тура. Зборная Польшчы пазмагаецца з Фарэрскімі выспамі.
Сёння ФІФА назаве найлепшага гульца года
Сёння ў Лондане пройдзе штогадовая цырымонія The Best FIFA Football Awards. На званне найлепшага футбаліста прэтэндуюць Леанэль Месі, Кіліян Мбапэ і Эрлінг Холанд. На цырымоніі будуць таксама названыя найлепшы жаночы гулец, найлепшыя брамнікі, трэнеры, стане вядомы аўтар найлепшага гола, які атрымае прэмію Пушкаша.
Беларускае Радыё Рацыя