Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” падвяла вынікі 27-га тура нацыянальнага чэмпіянату.
Найлепшым гульцом мінулага ўік-энду прызнаны Алімардон Шукураў з жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа”. У дэбюце пераможнага хатняга паядынку з футбалістамі “Віцебска” 25-гадовы паўабаронца аўтазаводцаў аддаў галявую перадачу Максіму Мякішу, а ў сярэдзіне другой паловы гульні сам забіў гасцям, усталяваўшы канчатковы лік – 3:0.
Аўтарам самага прыгожага гола мінулага тура стаў адзін з лідэраў гарадзенскага “Нёмана” Павел Савіцкі, які на пачатку другога тайма сустрэчы ў Барысаве эфектным ударам пяткай забіў трэці мяч у браму барысаўскага БАТЭ. Для Савіцкага гэты гол стаў 13-м у сёлетнім першынстве.

Берасцейскае “Дынама” згуляе з расейскім медыяклубам
Зусім хутка “Дынама” з Берасця згуляе з расейскім медыяклубам ФК “10”.
Каманды правядуць сустрэчу падчас лістападаўскай міжнароднай паўзы на матчы нацыянальных каманд. Пра гэта паведамляе Legalbet.
Пасля 27 тураў чэмпіянату Беларусі дынамаўцы займаюць чацвёртае месца з 45 баламі.
Дзевяццю матчамі працягнецца агульны этап Лігі чэмпіёнаў УЕФА
У галоўным футбольным еўракубку сёння адбудуцца дзевяць матчаў чацвёртага тура агульнага этапа. Асноўная стадыя паступова набліжаецца да свайго экватара.
У праграме шмат паядынкаў з яркай афішай. Але адзін матч, мабыць, стаіць асабняком. Размова аб супрацьстаянні “Рэала” і “Мілана”, якія з’яўляюцца двума самымі тытулаванымі камандамі ў гісторыі Лігі чэмпіёнаў. Раней гэтыя іспанскі і італьянскі гранды гулялі адзін з адным у галоўным еўракубку 15 разоў і святкавалі па шэсць перамог, яшчэ тройчы разышліся мірам. На папярэднім турнірным адрэзку “Рэал” і “Мілан” набралі толькі шэсць і тры ачкі адпаведна, а “сметанковыя” да таго ж нядаўна атрымалі ўдар пад дых у гульні Прымеры супраць “Барселоны” 0:4.
Таксама сёння ў Лізе чэмпіёнаў адбудуцца матчы ПСВ – “Жырона”, “Слован” – “Дынама” (Заграб), “Балоння” – “Манака”, “Барусія” (Дортмунд) – “Штурм”, “Ліверпуль” – “Баер”, “Ліль” – “Ювентус”, “Селтык” – “Лейпцыг” і “Спортынг” – “Манчэстэр Сіці”.
Адзін хакеіст пакінуў размяшчэнне маладзёжнай зборнай Беларусі
Як паведамляе афіцыйны сайт ФХРБ, размяшчэнне беларускай каманды (U-20) пакінуў цэнтрфорвард «Дынама-Шынніка» (МХЛ) Ілля Грэчны. Ураджэнец Івацэвічаў правёў у гэтым сезоне ў Маладзёжнай хакейнай лізе ўсяго пяць матчаў, у якіх закінуў адну шайбу і нанёс 6 кідкоў. Нападнік прапусціў пачатак сезона з-за траўмы.
Зборная Беларусі (U-20) пад кіраўніцтвам Андрэя Міхалёва працягвае падрыхтоўку да Кубка будучыні, які пройдзе ў Санкт-Пецярбургу з 7 па 10 лістапада.
Беларускія гандбалісты пачалі падрыхтоўку да турніру ў Магілёве
Гандбалісты мужчынскай зборнай Беларусі пачалі падрыхтоўку да міжнароднага турніру, які пройдзе ў Магілёве 7-9 лістапада. На навучальна-трэніровачны збор, які стартаваў на пляцоўцы мінскага Дома гандбола, галоўны трэнер беларускай каманды Юрый Шаўцоў выклікаў 20 гандбалістаў, у тым ліку «мяшкоўца» Эдуарда Яраша. Заўтра беларуская зборная адправіцца ў Магілёў. У першым матчы на пляцоўцы спарткомплексу “Алімпіец” 7 лістапада каманда Юрыя Шаўцова праэкзаменуе маладзёжную зборную Беларусі, 8 лістапада сустрэнецца з расійскай “маладзёжкай”, а 9 лістапада будзе супернічаць з нацыянальнай зборнай Расеі.
Беларускае Радыё Рацыя