У Варшаве на «Нарадовым» стадыёне ўвечары 2 красавіка быў згуляны матч за Суперкубак Польшчы па футболе. У якім сустракаліся дзеючыя – чэмпіён Экстракласы беластоцкая «Ягелонія» ды ўладальнік Кубка кракаўская «Вісла». Дружына з Падляшша перамагла з лікам 1:0. На 14 хвіліне сустрэчы адзначыўся гішпанскі нападнік жоўта-чырвоных Мікі Вілар. І тым самы «Ягелонія» заваявала другі ў сваёй гісторыі Суперкубак Польшчы. Першы раз гэта было ў 2010 годзе, калі ў Плоцку з такім жа лікам быў пераможаны тагачасны чэмпіён – пазнаньскі «Лех». Варта адзначыць, што беларускі брамнік «Віслы» Антон Чычакан у склад кракавякаў на гульню за Суперкубак заяўлены не быў.
Чаго не скажаш пра іншага беларуса, які грае ў Польшчы – Іллю Шкурына. Той у паўфінальнай сустрэчы Кубка Польшчы «Руха» з Хожува і варшаўскай «Легіі» адкрыў лік сваім галам у стане сталічных «армейцаў». Гульня скончылася з лікам 5:0 на карысць «Легіі». Ілля Шкурын выйшаў на поле на 57 хвіліне і забіў пяты камандны гол на 84 хвіліне галавою пасля скідкі серба Радавана Панкава. І такім чынам «Легія» Шкурына 2 траўня згуляе за Кубак Польшчы па футболе са шчэцінскай «Поганю».
Яшчэ адзін беларускі футбольны легіянер паказаў учора паспяховую гульню. Фёдар Лапавухаў, які абараняе браму сафіскайга ЦСКА згуляў «на нуль» у дэрбі Чэмпіяната Балгарыі супраць мясцовага «Лакаматыва», якое скончылся з лікам 1:0. Беларускі брамнік пераможцаў выйшаў у старце і пакінуў сваю браму ў недатыкальнасці, а таксама здзейсніў адзін сейв.
У чэмпіянаце Беларусі па хакеі ў Екстралізе прайшла пятая паўфінальная сустрэча паміж «Віцебскам» і «Гомелем». Гэтым разам гамельчукі перамаглі ў Віцебску з лікам 3:1 і скарацілі лік у паядынках. Зараз гэта 3:2 на карысць віцеблян. Агулам двубой ідзе да чатырох перамог. У фінале іх там чакае менскае «Юнацтва».
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






