BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Супервалявая перамога “Рэала” над “Барусіяй” у Лізе чэмпіёнаў

Учора позна ўвечары былі згуляныя першыя 9 матчаў трэцяга тура групавога этапу абноўленага фарамату Лігі чэмпіёнаў. Італьянскі “Мілан” на “Сан Сіро” перамог бельгійскі “Бруге” з лікам 3:1, аднайменная каманда з княства Манака ў сябе дома разграміла сербскую “Црвену Звезду” 5:1, лонданскі “Арсенал” мінімальна перамог данецкі “Шахцёр”, дзякуючы аўтагалу галкіпера гасцей Дмітро Різныка (які, праўда, пазней адбіў пенальці). Працягвае здзіўляць “Астан Віла”, якая ў Бірмінгеме здабыла трэцюю запар сухую перамогу ў розыгрышы над італьянскай “Балоньяй” з лікам 2:0 і ў тым самым узначаліла агульную групу, іспанская “Жырона” з такім самым лікам перамагла “Слован” з Браціславы, “Ювентус” у Турыне на апошніх хвілінах матча саступіў 0:1 нямецкаму “Штутгарту”, французскі “ПСЖ” і нідэрландскі “ПСВ” разышліся мірам 1:1. Мадрыдскі “Рэал” на сваім полі дамогся супервалявой перамогі над “Барусіяй” з Дортмунда, саступаючы 0:2, у выніку перамаглі 5:2, у тым ліку дзякуючы хет трыку Вінісіўса Джуніёра. Аўстрыйскі “Штурм” з Граца на сваім полі саступіў “Спортынгу” з Лісабона 0:2.

У перанесенай гульні 6-га тура чэмпіянату Польшчы сярод каманд Першай лігі ўладальнік Кубка Польшчы – кракаўская “Вісла” сустракалася з “Гурнікам” з Лэнчны. Сустрэча завяршылася з лікам 0:1. І такім чынам, беларускі галкіпер Антон Чычкан, які застаўся на лаве запасных, не змог дапамагчы сваёй камандзе. Пасля 11 матчаў у “Віслы” 15 балаў і 11-е месца ў турнірнай табліцы ў другім дывізіёне Польшчы.

Выканкам АБФФ, які прайшоў учора ў сценах Дома футбола ў Менску, палічыў скарачэнне вышэйшай лігі немэтазгодным. Як паведамляе прэс-служба Федэрацыі, адным з пытанняў, якія абмяркоўваліся на пасяджэнні выканаўчага камітэта Асацыяцыі беларуская федэрацыя футбола, стаў колькасны склад удзельнікаў вышэйшай лігі на будучы сезон. У ходзе абмеркавання сябры выканкама прыводзілі розныя аргументы ў падтрымку свайго пункту гледжання. Па выніках дыскусіі пераважная большасць меркаванняў была выказана на карысць захавання бягучай колькасці ўдзельнікаў – 16 каманд. Папярэдні досвед скарачэння Вышэйшай лігі быў прызнаны няўдалым. У суверэннай гісторыі Рэспублікі Беларусь у мацнейшым футбольным дывізіёне на працягу 22 сезонаў гуляла 16 камандаў, 7 разоў — 14 камандаў і на працягу 5 гадоў з 2010 па 2014 колькасць удзельнікаў складала – 12 дружынаў.

Пяройдзем да хакею. У беларускай Экстралізе ўчора былі згуляныя тры матчы. “Брэст” у абласным дэрбі разграміў баранавіцкі “Авіятар” з лікам 7:0, салігорскі “Шахцёр” таксама не пакінуў камня на камені ад смаленскага “Славуціча” і перамог з лікам 4:0, а ва ўсходнім дэрбі “Магілёў” выйграў у “Віцебска” на яго пляцоўцы з лікам 3:2.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя