На адкрытым чэмпіянаце Францыі па тэнісе вызначыліся першыя ўдзельнікі паўфінальнай стадыі.

У чвэрцьфінале жаночага адзіночнага разраду дзеючая чэмпіёнка “Ралан Гарос” першая ракетка планеты полька Іга Свёнтэк разграміла чэшскую тэнісістку 6-ы нумар рэйтынгу WTА Маркету Вандрушаву – 6:0, 6:2. У паядынку за выхад у фінал Свёнтэк сустрэнецца з амерыканкай Коры Гаўф, якая адолела туніскую тэнісістку Унс Джабір – 4:6, 6:2, 6:3. Сёння адбудуцца яшчэ два чвэрцьфіналы. Другая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка згуляе з расеянкай Мірай Андрэевай, а прадстаўніца Казахстана Алена Рыбакіна будзе супернічаць з італьянскай тэнісісткай Ясмін Пааліні.
У мужчынскіх спаборніцтвах італьянец Янік Сінэр перамог у чвэрцьфінале балгарына Рыгора Дзімітрава. Яшчэ адным паўфіналістам стаў нарвежац Каспер Руўд, якому не давялося змагацца з дзейным пераможцам French Open сербам Новакам Джокавічам, які зняўся з турніру з-за траўмы. Такім чынам, Джокавіч не зможа абараніць свой тытул і з наступнага тыдня саступіць першае месца ў сусветным рэйтынгу Сінэру.
“Вітэн” выйшаў наперад у серыі за бронзу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
На чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе стартавала серыя за бронзавыя ўзнагароды. У стартавым паядынку аршанскі “Вітэн” прымаў на сваёй пляцоўцы спартоўцаў “Мінска” і перамог з буйным лікам 6:1. Хет-трык у складзе гаспадароў аформіў Яўген Балдзін, па адным мячы забілі Уладзімір Разуванаў, Міраслаў Эльяшэвіч і Саркіс Іаргаран, госці змаглі адказаць толькі голам Паўла Рубніковіча. Наступная сустрэча бронзавай серыі да дзвюх перамог адбудзецца 6 чэрвеня ў Менску. Серыя за золата 35-га нацыянальнага першынства стартуе ў Гомелі – срэбраны прызёр мінулага турніру мясцовы ВРЗ прыме дзейнага чэмпіёна “Сталіцу”. Спартоўцы “Сталіцы” бралі золата ў двух апошніх сезонах, для гамяльчан маючы адбыцца фінал будзе восьмым запар, але пакуль яны ні разу не заваявалі чэмпіёнскі тытул.
Казахстанскія арбітры будуць судзіць матч футбалістаў Беларусі і Расеі
Брыгада арбітраў з Казахстана будуць судзіць таварыскі матч футбалістаў нацыянальных зборных Беларусі і Расеі. Галоўным арбітрам прызначаны Рустам Амараў, яго асістэнтамі будуць Сяргей Васюцін і Самат Тэргеўсізаў, рэзервовы суддзя – беларус Антон Лашук. Сустрэча беларускіх і расейскіх футбалістаў адбудзецца 7 чэрвеня на полі менскага стадыёна “Дынама”, пачатак гульні ў 20.00.
Суперкамп’ютар правёў 10 тысяч сімуляцый і даў прагноз, хто выйграе Еўра-2024
Аналітыкі брытанскай кампаніі Opta Sports паспрабавалі даведацца магчымага пераможцу футбольнага Еўра-2024 з дапамогай уласнага суперкамп’ютара. Суперкап’ютар Opta 10 тысяч разоў змадэляваў правядзенне Еўра-2024. У выніку машына на першае месца па шанцах перамагчы ў фінале турніру паставіла зборную Англіі. Англічане перамаглі ў амаль 20% сімуляцый.
Толькі крыху ніжэй (19%) суперкамп’ютар Opta ацаніў верагоднасць перамогі на Еўра-2024 зборнай Францыі. Сярод моцных прэтэндэнтаў на выйгрыш таксама названыя гаспадыня турніру Германія (12%), а таксама Іспанія (амаль 10%) і Партугалія (9%). Найменшая імавернасць перамогі на Еўра-2024, згодна з суперкамп’ютарам, у зборных Грузіі, Албаніі і Славакіі. Чэмпіянат Еўропы па футболе пройдзе з 14 чэрвеня па 14 ліпеня ў Германіі. У фінальнай стадыі турніру возьмуць удзел 24 зборныя.
Беларускае Радыё Рацыя






