BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Свёнтэк стала першай фіналісткай адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе

На адкрытым чэмпіянаце Францыі па тэнісе дзеючая пераможца «Ралан Гарос», лідар сусветнага рэйтынгу полька Іга Свёнтэк у паўфінале абыграла ў двух сэтах трэцюю ракетку планеты амерыканку Коры Гаўф – 6:2, 6:4. У другім паядынку за выхад у фінал італьянская тэнісістка Ясмін Пааліні (15-ы нумар рэйтынгу WTA) перамагла з лікам 6:3 6:1 расейку Мірай Андрэевай, якая выбіла з турніру дзвюх прадстаўніц Беларусі Вікторыю Азаранку і Арыну Сабаленку. Пасля паразы ў чвэрцьфінале Сабаленка перамесціцца на трэцюю пазіцыю ў сусветным рэйтынгу, а другое месца зойме Коры Гаўф.

Беларус Капытаў выйграў бронзу на Чэмпіянаце свету па муай-тай

У грэчаскіх Патрах працягваецца чэмпіянат свету па тайскім боксе 2024 года, на якім выступаюць беларускія спартоўцы. У чацвер на турніры адбыўся першы паўфінал з беларускім удзелам – за месца ў фінале ў вазе да 91 кг у мужчын змагаўся Валянцін Капытаў, які прабіўся ў топ-4 пасля перамогі над іракцам Махдзі Фартузі. Беларус сустракаўся з украінцам Алегам Прымачовым і пацярпеў паразу, стаўшы тым самым уладальнікам бронзавай узнагароды, паколькі баі за трэцяе месца на планетарным першынстве не прадугледжаны. Акрамя таго, на грэцкі рынг выходзіў Арцём Варывацкі, які выступае ў вазе да 57 кг сярод моладзі. Ён аўтаматычна прайшоў у паўфінал пасля зняцця аўстралійца Бэна Уілсана з-за траўмы. Сёння супрацьстаяць Варывацкаму будзе Альбара Аламудзі з Саудаўскай Аравіі.

Беларускі барэц Цютрын стаў трэцім на рэйтынгавым турніры ў Венгрыі

Беларускія барцы вольнага стылю выступілі на рэйтынгавым турніры «Мемарыял Імрэ Паяка і Яноша Варгі» ў Будапешце. Нашу мужчынскую каманду па вольнай барацьбе на спаборніцтвах прадставілі ўладальнікі алімпійскіх ліцэнзій у Парыж Арыян Цютрын, Аляксандр Гуштын і Дзяніс Храмянкоў. Далей за ўсіх па турнірнай сетцы прайшоў Цютрын, які выступае ў вагавай катэгорыі да 57 кг. Супернікам Арыяна ў паядынку за бронзу быў грузін Роберці Дынгашвілі – сутычка скончылася разгромнай перамогай беларускага барца з лікам 10:0.

Пасол Беларусі ў Расеі назваў сённяшні таварыскі матч паміж зборнымі галоўнай гульнёй года

Пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Круты ў размове са «Спорт-Экспрессом» адказаў на пытанне аб стаўленні да таварыскага матчу паміж зборнымі дзвюх краін. «Таварыская гульня Расеі і Беларусі? Гэта галоўны матч года. У нас да яго такое стаўленне», – сказаў Круты «СЭ» ў кулуарах ПМЭФ-2024.
Матч паміж Расеяй і Беларуссю пройдзе сёння на стадыёне «Дынама» ў Менску. Пачатак а 20.00 па менскім часе. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў лютым 2022 года на беларускіх і расейскіх футбалістаў наклалі санкцыі. Расейскі футбол – зборныя і клубы наогул адхілены ад міжнародных спаборніцтваў: еўракубкаў і адборавых турніраў зборных. Беларусь абышлася малой крывёй, у міжнародных спаборніцтвах пакінулі, але хатнія паядынкі зборныя і клубы вымушаныя праводзіць на нейтральным полі. Таму гульня супраць Расеі – першая на сваім полі з восені 2021 года.

Мінінфарм Беларусі дазволіў паказваць матчы Лігі Нацый без дазволу УЕФА

У пералік спартовых спаборніцтваў, якія ў Беларусі лічаць магчымым паказваць без згоды праваўладальнікаў, унесены змены. У спіс дададзеныя Ліга чэмпіёнаў і таварыскія матчы з удзелам зборнай Беларусі па футболе. Пастанова Міністэрства інфармацыі была падпісаная 5 чэрвеня, а напярэдадні апублікаваная на Нацыянальным прававым партале. Раней у гэты пералік былі ўключаныя чэмпіянат свету па пляжным футболе і чэмпіянат Еўропы па футболе 2024 года. Нагадаем, групавы этап Лігі чэмпіёнаў пройдзе восенню. Беларуская зборная трапіла ў групу з разам з камандамі Люксембурга, Балгарыі і Паўночнай Ірландыі. Першы матч супраць зборнай Балгарыі адбудзецца 5 верасня.

Беларускае Радыё Рацыя