BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Шыкаўка дапамог “Кароне” ўратаваць нічыю ў польскім чэмпіянаце

Напружаны матч у польскай Экстракласе завяршыўся нічыёй для “Кароны” з “Заглембе” — 1:1. Беларускі нападнік Яўген Шыкаўка з’явіўся на полі на 78-й хвіліне, калі яго каманда саступала ў ліку.

Фота: pressball.by

І менавіта пасля яго выхаду “Карона” змагла выратаваць матч — на 93-й хвіліне дакладны ўдар нанёс Мілаш Трояк, прынёсшы сваёй камандзе важнае ачко. “Карона” цяпер мае ў сваім актыве 33 ачкі і займае 11-е месца ў турнірнай табліцы. Нагадаю, што па выніках сезону тры апошнія каманды пакінуць польскую Экстракласу, таму для клуба з Кельцэ кожнае ачко мае вялікае значэнне.

Драма на футбольных палях Еўропы: гераічныя камбэкі, сенсацыйныя перамогі і рэкорды

Футбольныя баталіі ў Еўропе на гэтых выходных падарылі сапраўдныя эмоцыі заўзятарам. Галоўнай сенсацыяй стаў фантастычны камбэк “Барселоны” ў гасцях у мадрыдскага “Атлетыка”. Каталонцы саступалі з лікам 0:2, але здолелі пераламіць ход матчу. Левандоўскі распачаў пагоню на 72-й хвіліне, затым Торэс зраўняў лік на 78-й, а 17-гадовы Ямаль на 92-й хвіліне забіў пераможны гол. Торэс паставіў кропку на 98-й хвіліне — выніковыя 4:2 і “Барса” захоўвае першае месца ў Ла Лізе.

У Італіі “Інтэр” працягвае сваё дамінаванне. Перамога над “Аталантай” з лікам 2:0 умацавала пазіцыі міланцаў на чале Серыі А. Карлас Аўгусту адкрыў лік на 54-й хвіліне, а Лаўтара Марцінэс замацаваў поспех на 87-й. “Інтэр” на тры ачкі апярэджвае “Напалі”, які згуляў унічыю з “Венецыяй”.

У Францыі “ПСЖ” без праблем абыграў “Марсэль” — 3:1. Галы на рахунку Дэмбеле, Нуну Мендэша і аўтагол Ліролы. “ПСЖ” упэўнена лідыруе ў Лізе 1, апярэджваючы бліжэйшага пераследніка на 19 ачкоў.

Англія таксама парадавала яркімі гульнямі. “Арсенал” у цэнтральным матчы тура перамог “Чэлсі” дзякуючы дакладнаму ўдару Мерына на 20-й хвіліне. “Кананіры” адстаюць ад “Ліверпуля” на 12 ачкоў. “Ліверпуль”, у сваю чаргу, не змог заваяваць першы трафей пад кіраўніцтвам Арнэ Слота — “чырвоныя” прайгралі “Ньюкаслу” ў фінале Кубка Лігі з лікам 1:2.

“Дынама-БДУФК” стартуе з разгромнай перамогі, “Мінск” уратаваўся ў апошнія хвіліны

Чэмпіёнкі Беларусі з “Дынама-БДУФК” паказалі клас у першым туры жаночага чэмпіянату краіны, разграміўшы на выездзе “Гомель” з лікам 9:0. Ганна Піліпенка адзначылася хет-трыкам. А вось “Мінск”, срэбраны прызёр мінулага сезона, ледзь не страціў ачкі ў сустрэчы з “Віцебскам”. Хатняя каманда павяла ў ліку пасля ўдару Міланы Белавус, але на трэцяй кампенсаванай хвіліне госці выратавалі матч дзякуючы голу Міраславы Зубко — 1:1. Сенсацыяй стала параза “Зоркі-БДУ” ад “Дынама-Брэст” — 1:2. “Днепр” з Магілёва перамог “Белшыну” 2:0, а зборная Беларусі U-19 у напружаным матчы абыграла “Нафтан” — 2:1. Каманда “ДЮСШ-ПалесДУ” прапускала гэты тур. Турнір пройдзе ў тры кругі.

Гандбольны Кубак Беларусі ўпершыню разыграюць у Мазыры

Упершыню ў гісторыі фінальныя матчы Кубка Беларусі па гандболе адбудуцца ў Мазыры. Сустрэчы пройдуць у новым спартовым комплексе «Палессе-Арэна». 5 красавіка першымі на пляцоўку выйдуць жаночыя каманды. Дзеючыя ўладальніцы трафея «БНТУ-БелАЗ» згуляюць супраць «Гарадзенчанкі», а «Гомель» сустрэнецца з «Бярэсцем». Пераможцы паўфіналаў пазмагаюцца за Кубак 6 красавіка. Нагадаем, што летась «БНТУ-БелАЗ» выйграў Кубак у 17-ы раз, перамогшы гомельскую каманду. «Фінал чатырох» у мужчынскай сетцы адбудзецца 26–27 красавіка. Берасцейскі «Мяшкоў», дзеючы ўладальнік Кубка, сустракаецца з магілёўскім «Машэкам», а менскі СКА згуляе з «Гомелем». Летась берасцейская каманда заваявала Кубак 14-ы раз, перамогшы менчукоў, у якіх у актыве дзевяць трафеяў.

Талапіла бліснуў у АХЛ, аформіўшы «сухі» матч

Мікіта Талапіла стаў галоўным героем сустрэчы ў Амерыканскай хакейнай лізе (АХЛ). Беларускі брамнік «Абоцфорда» адбіў усе 30 кідкоў у матчы супраць «Калгары» і прынёс сваёй камандзе мінімальную перамогу — 1:0. Гэта ўжо чацвёрты шатаўт Талапілы ў гэтым сезоне. З 30 сустрэчаў ён у 14 перамог, мае паказчык надзейнасці 2,74 і адбіў 89,6% кідкоў. У іншым матчы «Ліхай Вэлі» саступіў «Уілкс-Барэ» з лікам 3:5. Беларус Алексей Коласаў прапусціў чатыры шайбы пасля 21 кідка, але ў папярэдняй сустрэчы здзейсніў 27 сэйваў і быў прызнаны другой зоркай матчу.

Сабаленка працягвае ўзначальваць сусветны рэйтынг WTA

Арына Сабаленка замацавалася на вяршыні сусветнага рэйтынгу WTA, нягледзячы на паразу ў фінале турніру ў Індыян-Уэлсе. Беларуску цяпер аддзяляе ад другой у спісе Ігі Свёнтэк з Польшчы 2231 ачко. У пераможцы турніру, 17-гадовай расейкі Міры Андрэевай, поспех дазволіў упершыню падняцца на шостае месца ў рэйтынгу. Вікторыя Азаранка займае 32-е месца, а Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 115-й пазіцыі. На гэтым тыдні топавыя тэнісісткі свету пачнуць выступы на турніры ў Маямі.

У мужчынскім рэйтынгу ATP лідыруе італьянец Янік Сінэр. Найлепшы з беларусаў — Ягор Герасімаў знаходзіцца на 394-м месцы.

Беларускае Радыё Рацыя