Галоўны трэнер зборнай Беларусі Карлас Алос назваў 24 футбалісты, якія атрымалі выклік у каманду на кастрычніцкія матчы Лігі нацый супраць каманд Паўночная Ірландыя і Люксембург. У іх ліку абаронцы гарадзенскага “Нёмана” Сяргей Карповіч і Ягор Пархоменка, нападнік берасцейскага “Дынама” Герман Баркоўскі і форвард польскай “Кароны” Яўген Шыкаўка. Збор працягнецца з 6-га па 16 кастрычніка. 12 кастрычніка каманда згуляе з Паўночнай Ірландыяй, 15-га – супраць Люксембурга. Абодва матчы пройдуць у Венгрыі.
“Атлетыка” на 95-й хвіліне вырваў нічыю ў скандальным дэрбі з “Рэалам”
“Рэал” без траўмаванага Кіліяна Мбапэ на выездзе згуляў унічыю з “Атлетыка” ў мадрыдскім дэрбі ў рамках 8-га тура чэмпіянату Іспаніі — 1:1. Сустрэча была перарваная на 70-й хвіліне з-за таго, што фанаты гаспадароў закідалі брамніка «сметанкавых» Цібо Куртуа рознымі прадметамі, у тым ліку запальнічкамі. Галоўны арбітр Матэа Бускец Ферэр адвёў каманды з поля пры ліку 1:0 на карысць “Рэала”. Характэрна, што галявы пас на Эдэра Мілітаа зрабіў Вінісіус Жуніёр, якога фаны «матраснікаў» правакавалі да і падчас паядынку. Уціхамірваць фанатаў адправіўся галоўны трэнер «Атлетыка» Дыега Сімяонэ – пазней, прыкладна праз 15 хвілін, сустрэча была працягнутая. На 95-й хвіліне выратавальны для гаспадароў мяч забіў Анхель Карэа. “Атлетыка” з 16 ачкамі займае трэцяе месца ў турнірнай табліцы. «Рэал» з 18 баламі на другім радку. У лідыруючай «Барселоны» 21 ачко. “Рэал” і “Атлетыка” застаюцца адзінымі дзвюма камандамі лігі, якія не ведаюць паразаў з пачатку сезона.
33-гадовы Грызман завяршыў кар’еру ў зборнай Францыі
Форвард «Атлетыка» Антуан Грызман абвясціў, што завяршае выступы ў складзе зборнай Францыі. «Закрываю гэты раздзел свайго жыцця. Дзякуй за гэтую выдатную трохкаляровую прыгоду і да новых сустрэч», – напісаў Грызман у інстаграме. 33-гадовы футбаліст правёў 137 матчаў за французскую зборную, у якіх забіў 44 мячы. У складзе каманды нападнік выйграў ЧС-2018, срэбра Еўра-2016 і ЧС-2022, а таксама Лігу нацый 2020/21.
Сабаленка ў 4-м крузе турніру ў Пекіне згуляе з Кіз
Беларуска Арына Сабаленка ў трэцім крузе турніру WTA-1000 у Пекіне абыграла амерыканку Эшлі Кругер 6:2, 6:2. Для яе гэта 39-я перамога на турнірах у Кітаі (пры 9 паразах). Сярод тэнісістак, якія згулялі там найменьш 10 матчаў, яна адзіная ў Адкрытай эры, у каго больш за 80% перамог. У наступным раундзе беларуска сустрэнецца з амерыканкай Мэдысан Кіз.
Коласаў можа правесці два перадсезонныя матчы «Філадэльфіі»
Журналіст Philly Hockey Now Джонатан Бэйлі выказаў здагадку, калі беларускі брамнік Аляксей Коласаў дэбютуе за «Філадэльфію». Камандзе засталося правесці 3 перадсезонныя матчы. – Верагодна, што Коласаў згуляе ў двух з трох апошніх выставачных сустрэч «Флаерз». Гульні супраць «Айлендэрс» і «Нью-Джэрсі» дадуць Коласаву досвед выязнога і хатняга матчу. І паколькі асноўны склад «Дэвілз» у нядзелю адправіўся ў Прагу на 2024 Global Series, гэты матч з «Нью-Джэрсі» будзе для «лётчыкаў» «мяккім» і дасць Коласаву выдатную магчымасць асвоіцца і набрацца досведу з супернікамі ўзроўня НХЛ (ну добра, АХЛ), – напісаў Бэйлі.
Мікіта Крыскін блізкі да завяршэння кар’еры
Беларускі абаронца “Нёмана” Мікіта Крыскін можа павесіць канькі на цвік. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Селівон. Усяго за «Нёман» у чэмпіянатах Беларусі Мікіта згуляў 340 матчаў, набраў 149 (30+119) выніковых балаў, пры 104 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці «+89».
Беларускае Радыё Рацыя