
214-ы нумар рэйтынгу ВТА беларуска Ірына Шымановіч выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў мексіканскім Ірапуата. У матчы 1/16 фіналу наша суайчынніца перайграла прадстаўніцу ЗША
Хейлі Баптыст — 6:4, 6:3. 228-ы нумар рэйтынгу ВТА Яна Каладынска на гэтым жа турніры ў матчы 1/16 фіналу перайграла прадстаўніцу Сербіі.
Ніну Сцяпанавіч – 6:1, 6:2
Прызавы фонд спаборніцтваў складае 100 000 даляраў.
Беларусь трапіла ў 4-ы кошык лёсавання новага сезона Лігі нацый УЕФА
Футбольная зборная Беларусі трапіла ў чацвёрты кошык лёсавання новага сезона Лігі нацый УЕФА. Разам з беларусамі ў 4-м кошыку знаходзяцца каманды Латвіі, Эстоніі і будучы пераможца матчаў Літва – Гібралтар, якія адбудуцца ў канцы сакавіка. У мінулым сезоне Лігі нацый зборная Беларусі выступіла няўдала, заняўшы 4-е, апошняе месца ў групе 3 лігі С. Гэты турнір праводзіцца з 2018 года, яго пераможцамі станавіліся футбалісты Партугаліі, Францыі і Іспаніі.
Футбалісты “Нёмана” згулялі ўнічыю са “Славіяй” у хатнім спарынгу
Беларускія футбольныя клубы правялі чарговыя перадсезонныя кантрольныя паядынкі. Срэбраныя прызёры чэмпіянату Беларусі футбалісты гарадзенскага “Нёмана” ў сваім крытым манежы згулялі ўнічыю з мазырскай “Славіяй” – 2:2. Пасля першага тайма гаспадары вялі 2:0, але ў другой палове сустрэчы гасцям удалося адыграцца.
У Салігорску мясцовы “Шахцёр” з мінімальнай перавагай 1:0 адолеў дзяржынскі “Арсенал”, які вярнуўся ў вышэйшую лігу. Футбалісты “Слуцка” на сваім полі разграмілі прадстаўніка першай лігі нацыянальнага першынства пінскую “Хвалю” 6:1.
Новы футбольны сезон у Беларусі афіцыйна адкрыецца 2 сакавіка ў Салігорску матчам за Суперкубак паміж чэмпіёнам менскім “Дынама” і ўладальнікам Кубка краіны жодзінскім “Тарпеда-БелАЗам”.
У фінале Кубка Афрыкі па футболе згуляюць суперарлы супраць сланоў
У сераду на Кубку Афрыканскіх нацый прайшлі паўфіналы, якія вызначылі фіналістаў. Спачатку зборная Нігерыі перамагла каманду з Паўднёвай Афрыкі. Асноўны і дадатковы час скончыліся — 1:1, а ў серыі пенальці нігерыйцы перамаглі — 4:2. Затым Кот д’Івуар, гаспадар спаборніцтваў, перамог зборную Дэмакратычнай Рэспублікі Конга — 1:0.
Такім чынам у матчы за 3-е месца ў суботу згуляюць ПАР і ДР Конга, а ў фінале ў нядзелю Кот д’Івуар з Нігерыяй. Кот д’Івуар мае мянушку «сланы», а нігерыйскія футбалісты — «суперарлы»
Зборная Францыі выйграла змешаную эстафету на ЧС-2024 па біятлоне ў Нове-Места
Зборная Францыі ў складзе: Эрыка Перо, Кентэн Фіён Мае, Жусцін Брэза-Бушэ і Жульі Сімон святкавала перамогу ў змяшанай эстафеце першай дысцыпліны чэмпіянату свету па біятлоне, які стартаваў у чэшскім Нове-Места. Срэбраныя ўзнагароды змяшанай эстафеты заваявалі нарвежскія спартоўцы ў складзе: Братоў Бё, Каралін Офігстад Кнотэн і Інгрыд Тандрэвальд. Нарвежская зборная фінішавала на другім месцы, прайграўшы пераможцу эстафеты 45.2 секунды.
Тройку прызёраў замкнуў шведскі квартэт у складзе: Себасцьяна Самуэльсана, Марціна Пансілуома і сясцёр Эберг.
Зборная Украіны фінішавала на сёмым месцы з 25. Чэмпіянат свету працягнецца заўтра жаночым спрынтам на дыстанцыю 7,5 км, а на наступны дзень мужчыны паспаборнічаюць у спрынце на 10 км.
Беларускае Радыё Рацыя






