BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Шымановіч і Змушко ўвайшлі ў топ-10 агульнага заліку Кубка свету па плаванні

Беларускія спартсмены ўвайшлі ў лік наймацнейшых плыўцоў планеты па выніках Кубка свету на кароткай вадзе, які завяршыўся ў Сінгапуры. У топ-10 мужчынскага і жаночага сусветных рэйтынгаў па суме ўсіх трох этапаў трапілі Ілля Шымановіч і Аліна Змушко. Наймацнейшая брасістка краіны Змушко заваявала ў рамках Кубка свету сем медалёў: два срэбраныя ў Шанхаі, срэбра і бронзу ў Інхчоне, а таксама два срэбраныя і адну бронзу ў Сінгапуры. Аліна размясцілася ў агульным заліку сёмай. У мужчынскіх спаборніцтвах таксама сяміразовым прызёрам этапаў Кубка свету стаў Ілля Шымановіч. Менчанін заваяваў золата і срэбра ў Рэспубліцы Карэя, два срэбраныя медалі ў Кітаі, а таксама два срэбраныя і адну бронзу ў Сінгапуры. У генеральнай класіфікацыі Шымановіч размясціўся шостым. Усяго на трох этапах Кубка свету на кароткай вадзе нейтральныя атлеты з Беларусі заваявалі 17 медалёў.

“Барысфен” і “Гродна-93” узначалілі табліцу чэмпіянату Беларусі

Фаварыты мужчынскага чэмпіянату Беларусі па баскетболе cвяткавалі буйныя перамогі ў хатніх матчах чарговага тура. Баскетбалісты “Гродна-93” упэўнена перайгралі дзейнага чэмпіёна краіны “Мінск” з лікам 65:47. Магілёўскі “Барысфен” разграміў сталічны “Імпульс-БДУІР” з перавагай у 52 балы – 106:54. Пасля гэтых перамог у гарадзенцаў і магіляўчан стала па 14 ачкоў, на адзін бал менш у “Мінск”, віцебскі “Рубон” набраў 11 ачкоў, “Імпульс-БДУІР” пацярпеў паразу ва ўсіх васьмі праведзеных паядынках. Турнірную табліцу жаночага першынства ўзначальвае чэмпіён БК “Мінск”, які набраў 16 ачкоў з 16 магчымых, баскетбалісткі “Гарызонта” адстаюць на адно ачко. Заўтра гэтыя каманды сустрэнуцца ў фінальным паядынку розыгрышу Кубка Беларусі.

Беларусы прайгралі ў паўфіналах тэнісных турніраў у Турцыі і Кітаі

Беларуская тэнісістка Алена Фалей не здолела выйсці ў фінал турніру ITF у Стамбуле з прызавым фондам 15 тысяч даляраў. У паўфінале беларуска саступіла ў двух сэтах румынцы Патрыцыі Марыі Ціг – 2:6, 6:7 (4:7). У 1/2 фіналу мужчынскага турніру ў кітайскім Хучжоу беларускі тэнісіст Аляксандр Леаненка прайграў мараканцу Эліёту Беншэтры – 1:6, 4:6.

Сабаленка чацвёрты раз стартуе на выніковым турніры Жаночай тэніснай асацыяцыі

У Эр-Рыядзе пачынаецца падагульняючы турнір Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Першая ракетка планеты Арына Сабаленка ў стартавым паядынку будзе супернічаць з алімпійскай чэмпіёнкай кітайскай тэнісісткай Чжэн Цыньвэнь, якая займае 7-е месца ў сусветным рэйтынгу. У іх чатырох папярэдніх сустрэчах нязменна перамагала беларуска. У іншым матчы гэтай групы італьянка Ясмін Пааліні сустрэнецца з прадстаўніцай Казахстана Аленай Рыбакінай. Сёлета найлепшая беларуская тэнісістка выйграла два турніры серыі “Вялікага шлема” – Australian Open і US Open, а таксама стала пераможцай турніраў у Цынцынаці і Ухане. Арына Сабаленка чацвёрты раз выступіць на выніковым турніры. У 2022 годзе яна саступіла ў вырашальным матчы Каралін Гарсіі з Францыі, год таму прайграла ў паўфінале дзеючай пераможцы гэтых спаборніцтваў польцы Ізе Свёнтэк, а ў 2021 годзе не выйшла з групы.

Беларускае Радыё Рацыя