Беларусы сталі прызёрамі трэцяга этапа Кубка свету па плаванні на кароткай вадзе, які праходзіць у Сінгапуры. У другі дзень спаборніцтваў за прызы этапу змагаліся чацвёра беларускіх плыўцоў, двое з якіх паказалі вынікі ў тройцы наймацнейшых. На 50 метраў брасам у мужчын другім фінішаваў Ілля Шымановіч з вынікам 25,53 секунды, усяго шэсць сотых секунды мянчук саступіў кітайцу Ціню Хаяну. Напярэдадні Ілля выйграў срэбра на дыстанцыі ўдвая даўжэйшай, сёння Шымановіч выступіць на 200-метроўцы.
На жаночай стомятроўцы таксама срэбранай медалісткай стала Аліна Змушко – беларуска паказала час 1 хвіліна 4,11 секунды, на секунду адстаўшы ад кітаянкі Тан Цянцін. Напярэдадні Аліна была другой у фінале на 200 метраў, сёння Змушко выйдзе на старт 50-метроўкі.
Берасцейскае “Дынама” разграміла “Днепр”
Магілёўскі “Днепр” прайграў берасцейскаму “Дынама” ў хатнім паядынку 27-га тура чэмпіянату Беларусі. Ужо да перапынку сустрэчы ў Магілёве берасцейцы вялі 3:0 пасля дакладных удараў Ягора Карцова, Мікіты Бурака і Германа Баркоўскага. У другім тайме вынік не змяніўся.
Усе галоўныя фаварыты свае сустрэчы 27-га туру правядуць сёння. Лідэр першынства менскае “Дынама” згуляе са “Слуцкам”, гарадзенскі “Нёман” у Барысаве сустрэнецца з БАТЭ, а “Тарпеда-БелАЗ” прыме ў Жодзіне футбалістаў “Віцебска”. Таксама “Мінск” сустрэнецца з гасцямі з мазырскай “Славіі”. Астатнія матчы адбудуцца 3 лістапада.
Хакеісты „Нёмана”, “Юнацтва” і «Маладзечна» святкавалі перамогі ў чэмпіянаце Беларусі
У пятніцу ў Гародні, Салігорску і Оршы адбыліся чарговыя паядынкі ў рамках рэгулярнага чэмпіянату беларускай хакейнай экстралігі. Лідыруючае ў турнірнай табліцы “Дынама-Маладзечна” гасцявала ў Салігорску ў “Шахцёра” і перамагло 4:3. Паралельна ў Гародні мясцовы “Нёман” прымаў смаленскі “Славуціч”. Да экватара сустрэчы супернікі падышлі пры роўнасці на табло 2:2, але пасля гэтай адзнакі гаспадары лёду закінулі адразу пяць безадказных шайбаў. Паядынак завяршыўся перамогай “Нёмана” з лікам 7:2, двума галамі за пераможцаў вызначыўся Мікіта Цітоў. Гэты поспех стаў для гарадзенцаў чацвёртым у пяці апошніх гульнях, каманда зараз знаходзіцца ў адным бале ад шасцёркі найлепшых. “Лакаматыў” сустракаўся з “Магілёвам” і прайграў 1:5. Дубль за гасцей аформіў Максім Аскараў. Паядынак “Юнацтва” і “Металурга” завяршыў гульнявую праграму пятніцы. Сустрэча самага тытулаванага клуба краіны і дзейнага чэмпіёна Беларусі адбылася ў сталічнай “Чыжоўка-Арэне”. „Юнацтва” разграміла «Металург» 4:0. Галкіпер менчукоў Георгій Кузняцоў адбіў усе 27 кідкоў суперніка. “Юнацтва” працягнула серыю з набранымі ачкамі да дзесяці матчаў, а жлабінчане пацярпелі паразу пасля пяці перамог запар.
«Калгары» Шаранговіча перамог былую каманду беларуса
У рамках рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Калгары» Ягора Шаранговіча на хатнім лёдзе абыграў былую каманду беларуса – «Нью-Джэрсі» з лікам 3:0. Беларускі форвард не вызначыўся выніковымі дзеяннямі.
Ягор правёў на лёдзе 19 хвілін 35 секунд, здзейсніў два кідкі, выйграў 5 з 11 укідванняў і зарабіў паказчык карыснасці «+1».
Сёння дзень нараджэння легенды беларускага хакея Руслана Салея.
Сёння, 2 лістапада, негалосна найлепшаму хакеісту ў гісторыі Беларусі споўнілася б 50 гадоў. Рэкардсмен сярод беларусаў па колькасці матчаў у НХЛ, фіналіст Кубка Стэнлі-2003 у складзе “Майці Дакс оф Анахайм”, капітан зборнай Беларусі. Менскае “Дынама” збіраецца правесці тэматычны матч у гонар юбілею славутага абаронцы. Руслан трагічна загінуў 7 верасня 2011 года ў выніку авіякатастрофы пад Яраслаўлем.
Беларускае Радыё Рацыя






