BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Шымановіч выйшаў у фінал стомятроўкі брасам на ЧС

У сталіцы Катара горадзе Доха працягваецца чэмпіянат свету па водных відах спорту, удзел у якім у нейтральным статусе бяруць беларускія плыўцы. У вячэрняй праграме нядзелі плыўцы разыгралі чатыры камплекты ўзнагарод, а таксама вызначылі ўдзельнікаў фіналаў. У вырашальны заплыў на дыстанцыі 100 метраў брасам адабраўся Ілля Шымановіч. У сваім паўфінале беларус прыплыў да фінішу пятым, яго вынік у 59.40 секунды апынуўся восьмым сярод 16 удзельнікаў, што дазволіла Іллі “на тоненькага” кваліфікавацца ў фінал. Анастасія Куляшова паказала 14-ы агульны час (59.03 сек.) і засталася за бортам медальнага заплыву. Да траплення ў васьмёрку не хапіла роўна секунды.

«Дынама» чацвёрты раз у сезоне саступіла «Северсталі» і з першай спробы не змагло выйсці ў плэй-оф

Менскае «Дынама» чацвёрты раз у сезоне саступіла «Северсталі» 2:3 і з першай спробы не змагло выйсці ў плэй-оф. У першым перыядзе галоў зафіксавана не было, а на 6-й секундзе другога адрэзка Аляксандр Волкаў адкрыў лік. На 29-й хвіліне Данііл Аймурзін зраўняў лік. На 37-й хвіліне Уладзімір Грудзінін вывеў гаспадароў наперад. Менчане засталіся 3 на 5 на 51-й хвіліне гульні. Спачатку 4 хвіліны штрафу атрымаў Данііл Сатышвілі за гульню высока паднятай клюшкай, а затым Аляксандр Волкаў схапіў 5 хвілін за штуршок на борт. Пад самы канец большасці чарапаўчане рэалізавалі свой шанец, аўтарам гола стаў Ягор Сцяпанаў. За хвіліну і 36 секунд да канца асноўнага часу Раман Гарбуноў адыграў адну шайбу, аднак гэтага не хапіла “зубрам” каб сысці ад паразы. Наступны матч менскае “Дынама” правядзе 13 лютага ў Балашысе супраць “Віцязя”.

Футбалісты “Нёмана” трэці раз выйгралі Winter Cup у Брэсце

Футбалісты гарадзенскага “Нёмана” трэці раз сталі пераможцамі перадсезоннага турніру Winter Cup у Берасці. У заключным паядынку падначаленыя Ігара Кавалевіча абыгралі гаспадароў спаборніцтваў берасцейскіх дынамаўцаў з мінімальнай перавагай – 1:0. У першы дзень спаборніцтваў “Нёман” разышоўся мірам з прадстаўніком першай лігі нацыянальнага чэмпіянату віцебскім “Макслайнам” – 0:0, а потым разграміў наваполацкі “Нафтан” 4:0. Гарадзенцы абышлі віцябчан дзякуючы лепшай розніцы забітых і прапушчаных мячоў.

«Ягелонія» выйграла ў «Відзэва» і выйшла ў лідары ​​Экстракласы

Футбалісты беластоцкай «Ягелоніі» з перамогі пачалі веснавы тур вышэйшай лігі. У нядзельным матчы жоўта-чырвоныя перамаглі «Відзэў Лодзь» з лікам 3:1 і выйшлі ў лідары турнірнай табліцы Экстракласы. На 9-й хвіліне анголец Афіміка Пулулу адкрыў лік. На 11-й хвіліне Бартламей Паўлоўскі ўдарам галавой зраўняў лік. На 33-й хвіліне Дамінік Марчук вывеў “Ягелонію” наперад. Хесус Імаз паставіў кропку ў матчы на 50-й хвіліне.

Беларусы сталі прызёрамі футбольнага Кубка легенд

У Маскве завяршыўся розыгрыш футбольнага Кубка легенд імя Канстанціна Яроменкі. У вырашальным паядынку ветэраны маскоўскага “Спартака” ва ўпартай барацьбе з лікам 7:5 здолелі перайграць зборную свету, у складзе якой выступаў беларускі паўабаронца Аляксандр Глеб. Яшчэ тры беларускія футбалісты сталі ўладальнікамі бронзавых медалёў у складзе маскоўскага “Дынама”. У гульні за трэцяе выніковае месца дынамаўцы ўзялі верх над маскоўскім ЦСКА з лікам 12:7. У розныя гады ў расейскую сталіцу ў якасці ўдзельнікаў і гасцей прыязджалі пераможцы і прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы – Эйсебіа, Кафу, Рывалда, Паола Мальдзіні, Франчэска Тоці, Енс Леман, Рууд Гуліт і многія іншыя зоркі сусветнага футбола.

Беларускія дзюдаісты заваявалі 5 медалёў на турніры ў Тунісе

У Тунісе завяршыўся адкрыты чэмпіянат Афрыкі па дзюдо, удзел у якім таксама бралі беларускія спартоўцы. На спаборніцтвах выступілі амаль 200 атлетаў з 35 краін, якія разыгралі 14 камплектаў узнагарод (па 7 у мужчын і жанчын). Беларускую каманду прадстаўлялі шасцёра дзюдаістаў, пяцёра з іх здолелі заваяваць медалі. Уладальніцай золата ў вагавай катэгорыі да 63 кг стала Яна Макрэцкая, якая па ходу турніру адолела мараканак Хаіме Таібі і Дунію Слімані, а таксама гаспадыню чэмпіянату Унс Ромдхані. У мужчынскай частцы турніру да фіналаў у сваіх катэгорыях дайшлі трое беларусаў, але кожны з іх у выніку задаволіўся срэбранай узнагародай. У вазе да 66 кг Конрад Шока саступіў Нурмухамету Батабаю з Казахстана, у катэгорыі да 73 кг Руслан Галавачоў прайграў брытанцу Ітану Нэйрну, а ў вазе звыш 100 кг Ягор Кухарэнка не справіўся з алжырцам Махамедам Эль-Мехдзі Лілі. Адзіны бронзавы медаль нашай дэлегацыі прынёс Аляксандр Сідорык (у вазе да 90 кг), які ў паядынку за трэцяе месца перамог Абдэльазіза Бэн Амара з Туніса.

Беларускае Радыё Рацыя