BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Тарпеда-БелАЗ» перамог «Маладэчна»

Працягваецца 15 тур чэмпіянату Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе. Учора тым былі згуляныя яшчэ тры матчы. «Тарпеда-БелАЗ» у Жодзіне перамог «Маладэчна» з буйным лікам 4:1.

Берасцейскае «Дынама» нарэшце выправілася перад сваімі заўзятарамі за дзве запар хатнія паразы перад поўным аншлагам трыбунаў. Гэтым разам яно на «Берасцейскім» абыграла з буйным лікам 3:0 «Слуцк». Таксама хатняй перамогай парадаваў сваіх заўзятараў гарадзенскі «Нёман». Забіўшы па мячы на самым пачатку і ў самым канцы гульні «алені» перамаглі з лікам 2:0 сваіх прынцыповых, у плане турнірнай табліцы, супернікаў – «Іслач» з Менскага раёна.

Такім чынам зараз на першым месцы ідзе віцебскі «МЛ» з 39 ачкамі, на другім і трэцім месцах «Тарпеда-БелАЗ» ды менскае «Дынама», у якіх роўна на 10 ачкоў менш.

Першы матч 15 тура быў згуляны і ў Першай лізе беларускага футбольнага чэмпіянату. «Астравец» на сваім полі саступіў «Гомелю-2» і панізіўся яшчэ ніжэй у турнірнай табліцы. Зараз ён займае 10-ы радок.

А тым часам беларускія каманды паціху рыхтуюцца да ўступлення ў барацьбу ў першых раўндах футбольных еўракубкаў. Трэнерскі штаб менскага «Дынама» абвясціў спіс гульцоў у выязным складзе на еўракубкавыя матчы. Туды ўвайшлі 23 футбалісты.

Нагадаем, што ў першым раундзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў каманда сустрэнецца з балгарскім «Лудагорцам». Першы матч адбудзецца ў Разградзе 9 ліпеня на стадыёне «Лудагорац Арэна» і пачнецца ў 20.30. Гульня ў адказ пройдзе 16 ліпеня ў венгерскім Мезекевешдзе, на стадыёне «Гарадскі». Старт – у 21.45. Час пачатку матчаў – беларускі.

А супернік «Тарпеда-БелАЗ» у першым раўндзе Лігі канферэнцый «Работнічкі» не можа атрымаць перамогу ў 9 матчах запар. «Работнічкі» згулялі ўнічыю з «Сілексам» (0:0) у таварыскім матчы.
Каманда з Паўночнай Македоніі не можа выйграць ужо 9 матчаў запар – 5 паражэнняў і 4 нічыі. Апошняя перамога была здабыта 27 красавіка ў чэмпіянаце краіны.
Нагадаем, што «Работнічкі» сустрэнуцца з «Тарпеда»-БелАЗ у першым раўндзе Лігі канферэнцый. Гульні пройдуць 10 і 17 ліпеня.

 Ілля Шкурын вызначыўся забітым мячом у таварыскім матчы варшаўскай «Легіі» супраць «Гурніка» з Ленчны.

Беларускі нападаючы выйшаў у старце варшаўскай каманды і вызначыўся забітым мячом на 42-й хвіліне. Цікава, што спарынг праходзіў у незвычайным фармаце – тры таймы па 45 хвілін.
Нагадаем, у першым раўндзе кваліфікацыі Лігі Еўропы «Легія» згуляе з «Актабэ» беларускага трэнера Вячаслава Ляўчука. Першы матч адбудзецца 10, у адказ – 17 ліпеня.

Ну а гэта былі спартовыя навіны на гэты час. Жадаю вам сёння новых перамог. А аб развіцці падзей у свеце спорту ў наступным выпуску на хвалях Радыё Рацыя.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя