Гарадзенскі «Нёман» другі раз запар стаў уладальнікам Кубка Беларусі па футболе. У вырашальным матчы гарадзенцы перамаглі з буйным лікам 3:0 жодзінскі «Тарпеда-БелАЗ».

Фота: minsknews.by
Усе тры галы былі забітыя ў другім тайме. Спачатку на 56-й хвіліне адзначыўся Іван Садаўнічы, на 59-й поспех замацаваў Сяргей Пушнякоў, а на 80-й рысу падвёў Ягор Зубовіч.
«Нёман» заваяваў Кубак Беларусі трэці раз у гісторыі, прытым сёлетні поспех — другі запар, бо ў мінулым годзе трафей таксама дастаўся гарадзенцам, якія перамаглі ў фінальным матчы з лікам 2:0 «Іслач». А першы раз яны сталі ўладальнікамі гэтага прызу у далёкім 1993 годзе, перамогшы на менскім стадыёне «Дынама» з лікам 2:1 рэчыцкі «Ведрыч».






