
Учора былі згуляныя матчы 5 тура групавога этапа футбольнай Лігі Еўропы.
Па выніках гульнявога дня першую 8-ку мацнейшых камандаў, што дае права на прамы выхад у 1/8 фінала складаюць: французскі «Ліён», дацкі «Мідцьюлан», ангельская «Астан Віла», нямецкі «Фрайбург», гішпанскі «Бетыс», венгерскі «Ферэнцвараш» і партугальскія «Брага» ды «Порту».
А вось у Лізе канферэнцыяў былі згуляныя матчы 4 тура. Спынімся на некаторых з іх.
Славенскі «Цэле» беларускага форварда Віталя Лісаковіча і асістэнта трэнера Івана Маеўскага прайграў чэшскай «Сігме» з лікам 1:2. Віталь выйшаў у асноўным складзе, на 13 хвіліне атрымаў папярэджанне і на 27 хвіліне гульні быў заменены на аўтара адзінага гала славенцаў, які забіў яго праз 2 хвіліны пасля таго, як выйшаў на поле.
Польскі «Лех» у Познані быў мацнейшым за швайцарскую «Лазану» з лікам 2:0.
Іншы польскі прадстаўнік у Лізе «Ракуў» у Чэнстахове з буйным лікам 4:1 перайграў аўстрыйскі «Рапід» з Вены.
Падтрымала пачын польскіх клубаў і «Ягелонія», якая ўчора на зелянюткім полі ў Беластоку абыграла з лікам 1:0 фінскі «КюПС». Перамогу беластачанам на 51 хвіліне гульні прынёс Афіміка Пулулу.
І толькі варшаўская «Легія» выбілася з учорашняга шэрага перамогаў і прайграла на сваім полі «Спарце» з чэшскай Прагі з лікам 0:1.
Палярна ўчора згулялі прадстаўнікі Украіны ў Лізе.
Кіеўскае «Дынама» на Кіпры прайграла «Амоніі» з лікам 0:2.
Ультрас «Амоніі» перад пачаткам матчу вывесілі сцягі Расеі і СССР.
Пасля заўвагі сцюардаў сцяг Расеі прыбралі, але сцяг краіны-трупа СССР застаўся на трыбунах.
А вось данецкі «Шахтар» у Ірландыі перайграў «Шамрок Роверз» з лікам 2:1.
Такім чынам на экватары групавога этапа першая 8-ка камандаў Лігі канферэнцыяў, што дае права згуляць у 1/8 фінала выглядае так: турэцкі «Самсунспор», французскі «Страсбур», славенскі «Цэле», украінскі «Шахтар», нямецкі «Майнц», польскі «Ракуў», кіпрыёцкі «АЕК» і косаўская «Дрыта». «Ягелонія» – дзевятая, «Лех» – шаснацаты, «Дынама» і «Легія» – на 27 і 28 месцах.
Прайшоў шэраг матчаў рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі з удзелам беларускіх гульцоў. Аб іх падрабязней.
«Вашынгтон» Аляксея Протаса прайграў «Вініпегу» з лікам 4:3.
24-гадовы беларускі нападнік «кэпіталз» у канцы быў блізкі да гола ў пустую брамку, але яго кідок здолеў заблакаваць хакеіст гасцей. У выніку Аляксей Протас правёў на лёдзе 17:19 хв, з іх 0:51 хв у меншасці, нанёс 3 кідкі, заблакаваў 1 стрэл суперніка, дапусціў 2 страты, здзейсніў 1 перахоп, выйграў абодва ўкідванні, а таксама завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+1».
У бягучым сезоне Протас правёў 24 гульні, набраў 14 (6+8) ачкоў, мае паказчык карыснасці «+15» і 2 хвіліны штрафу.
«Калгары» Ягора Шаранговіча прайграла «Тампе-Бэй» з лікам 1:5.
27-гадовы беларускі форвард правёў на лёдзе 14:31 хв, з іх 1:52 хв у большасці.
Шаранговіч не набраў выніковых балаў, зрабіў 1 кідок, 1 блокшот, здзейсніў 1 страту, выйграў адзінае ўкідванне і завяршыў гульню з паказчыкам карыснасці «-1».
У бягучым сезоне Ягор правёў 21 матч, набраў 7 (3+4) ачкоў і мае паказчык карыснасці «-10».
Пасля 25 матчаў яго «Калгары» з 19 ачкамі займае перадапошняе месца ў Заходняй канферэнцыі.
«Чыкага» Арцёма Леўшунова ў авертайме прайграла «Мінесоце» з лікам 3:4.
20-гадовы беларускі абаронца у адным з эпізодаў трапіў у штангу, аднак у трэцім перыядзе ён аформіў першую шайбу ў НХЛ.
У выніку Леўшуноў правёў на лёдзе 18:16 хв, з іх 5:32 хв у большасці, забіў 1 гол, нанёс 6 кідкоў (з іх 3 міма), заблакаваў 2 стрэлы суперніка, дапусціў 2 страты, зарабіў 2 хвіліны штрафу і скончыў матч з паказчыкам карыснасці «0».
У гэтым сезоне Леўшуноў правёў 22 матчы, набраў 12 (1+11) ачкоў, мае паказчык карыснасці «0» і 14 хвілін штрафу.
«Чыкага» з 25 ачкамі ў 23 матчах займае 9-е месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі.
Дэбютная шайба Уладзіслава Калячонка прынесла «Даласу» перамогу над «Сіэтлам» з лікам 3:2.
24-гадовы беларускі абаронца «Даласа» Уладзіслаў Калячонак у канцы трэцяга перыяду закінуў сваю першую шайбу за каманду, якая нават стала пераможнай.
У выніку Калячонак згуляў 12:03 хв, з іх 0:23 хв у меншасці, зарабіў 1 (1+0) ачко, зрабіў 1 кідок, 1 сілавы прыём, здзейсніў 1 страту і 1 перахоп, а таксама скончыў сустрэчу з карыснасцю «+2».
«Ванкувер» Мікіты Талапіла перамог «Анахайм» з лікам 5:4.
25-гадовы беларускі галкіпер «Ванкувера» дэбютаваў у бягучым сезоне НХЛ.
Ён правёў на лёдзе 59:45 хв і адбіў 37 кідкоў з 41 – 90,2% выніковасці.
Талапіла правёў свой першы матч у бягучым сезоне і трэці за кар’еру ў НХЛ. На яго рахунку цяпер 2 перамогі.
«Каларада» разграміў «Сан-Хасэ» з лікам 6:0.
25-гадовы беларускі абаронца «Каларада» Ілля Салаўёў зноў не патрапіў у заяўку і прапусціў дзясяты матч запар. Апошні раз ён з’яўляўся на лёдзе 1 лістапада таксама ў гульні супраць «Сан-Хасэ».
У бягучым сезоне Салаўёў правёў 9 матчаў, ачкоў не набраў, мае паказчык карыснасці «-4» і 4 хвіліны штрафу.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя





