Футбалісты менскага “Дынама” правядуць трэці паядынак асноўнага этапа Лігі канферэнцый. Сёння чэмпіёны Беларусі згуляюць у Варшаве з польскай “Легіяй” (пачатак сустрэчы ў 20.45 па беларускім часе). Гэты паядынак рассудзіць турэцкая брыгада арбітраў, якую ўзначаліць Атыла Карааглан. У дзвюх папярэдніх сустрэчах Лігі канферэнцый менскія дынамаўцы пацярпелі паразы – ад шатландскага “Хартса” з Эдынбурга 1:2 і фінскага ХІКа 0:1. Футбалісты “Легіі” стартавалі з дзвюх перамог – на хатняй арэне над іспанскім “Бецісам” 1:0 і на выездзе над сербскім клубам “Бачка-Тапола” 3:0.
“Ягелонія” згуляе ў Беластоку з “Молдэ”
«Ягелонія» з Беластока выдатна выступае ў Лізе канферэнцый. Пасля дзвюх перамог надышоў час трэцяга матчу. Наступным супернікам чэмпіёна Польшчы стане ўладальнік Кубка Нарвегіі футбольны клуб «Молдэ». Цікава, што букмекеры з невялікай перавагай лічаць фаварытам гульні – нарвежцаў. Пачатак сустрэчы ў 21.00 па польскім часе.
Беларускія футбалісткі даведаліся суперніц у Лізе нацый
У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне адбылося лёсаванне групавога этапа другога розыгрышу жаночай Лігі нацый. Футбалісткі зборнай Беларусі згуляюць у групе 3 лігі В разам з камандамі Фінляндыі, Сербіі і Венгрыі. Матчы групавога этапа пройдуць з 16 лютага па 3 чэрвеня 2025 года. Пераможцы чатырох квартэтаў лігі В атрымаюць прамыя пропускі ў лігу А.
Менскія дынамаўцы працягваюць хатнюю серыю матчам супраць “Салавата Юлаева”
Хакеісты менскага “Дынама” сёння правядуць другі паядынак у рамках бягучай хатняй серыі ў рэгулярным чэмпіянаце КХЛ. Супернікам падначаленых Дзмітрыя Квартальнава будзе ўфімскі “Салават Юлаеў”.
Вынікі менскага “Дынама” апошнім часам прыкметна горшыя: усяго дзве перамогі за шэсць гульняў. У 22 матчах у рэгулярным чэмпіянаце “зубры” набралі 23 балы і зараз замыкаюць васьмёрку на Захадзе. Перад сустрэчай з “Салаватам Юлаевым” са спісу траўмаваных гульцоў сталічнага клуба быў выведзены канадскі форвард Дылан Дзюбэ, па-ранейшаму ў лазарэце знаходзяцца капітан Андрэй Стась і асноўны галкіпер Андрэй Карэеў.
Швёнтэк разграміла Касаткіну
Расейская тэнісістка дзевятая ракетка свету Дар’я Касаткіна пацярпела разгромную паразу ад другой ракеткі свету полькі Ігі Швёнтэк у матчы 3-га тура Выніковага турніру ВТА. Расейская тэнісістка Дар’я Касаткіна атрымала магчымасць згуляць пасля таго, як амерыканка Джэсіка Пегула атрымала траўму калена і знялася са спаборніцтваў. Сустрэча завяршылася з лікам 1:6, 0:6. Матч працягваўся 52 хвіліны. Другая ракетка свету выйдзе ў паўфінал Выніковага турніру, калі Коры Гаўф абыграе Барбару Крэйчыкаву.
Беларускае Радыё Рацыя