Стартаваў чарговы сезон асноўнага раўнда футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Учора былі згуляныя першыя 6 матчаў. Лонданскі «Арсенал» у Більбаа перайграў басконскі «Атлетык» з лікам 2:0. Для гэтага «кананірам» спатрэбіліся апошнія 20 хвілін гульні – 72-я і 85-я. Бельгійскі «Роял Юніён» перайграў у Эйндховене нідэрландскі ПСВ з лікам 3:1. Ад буйнай паразы чырвона-белых на апошняй хвіліне матча выратаваў Рубэн ван Бомель.
Ангельскі «Тотэнхэм» з мінімальным лікам перайграў гішпанскі «Вільярэал». Пры чым за лонданцаў усё зрабіў гулец «Вільярэала» Луіз Джуніёр, які ўжо на 4 хвіліне гульні адправіў мяч у свае вароты.
Мадрыдскі «Рэал» на «Санцьяга Бернабеў» перайграў французскі «Марсэль». Пры чым «алімпійцы» лік у гульні адкрылі на 22 хвіліне голам Веа. Затым на 29 хвіліне Кіліян Мбапэ рэалізаваў 11-метровы ўдар. У другім тайме на 72 хвіліне «Рэал» застаўся ўдзесяцёх пасля выдалення Карвахаля, які выйшаў на замену на 5 хвіліне замест Аляксандра-Арнольда. І ўжо ў меньшасці на 81 хвіліне ізноў Мбапэ быў дакладны ў другі раз пры ўдары з кропкі. Вынік – 2:1 на карысць «сметанковых».
Асобна варта засяродзіцца на двух астатніх, фантастычных па сваёй развязцы матчах. За што мы і любім футбол. У Лісабоне «Бенфіка» прымала азербайджанскі «Карабах». 6 і 16 хвіліны – наперадзе партугальцы. Усяго б нічога, але на 30 і 48 хвілінах «горцы» лік раўняюць 2:2. А на 86 хвіліне украінец Аляксей Кашчук забівае «арлам» трэці мяч і здабывае сверхвалявую перамогу «Карабаха» над «Бенфікай» з лікам 3:2 на іх полі. Фантастыка!
Ну і драматычны матч у Турыне з фінальнай вывескай паміж «Ювентусам» і нямецкай «Барусіяй» з Дортмунда стаў той вішанкай, за які мы любім футбольны торт. Усе асноўныя падзеі матча разгортваліся у другой яго палове. Спачатку на 52 хвіліне лік адкрываюць дортмундцы. Пасля на 63 хвіліне турынцы яго раўняюць 1:1. Праз 2 хвіліны немцы выходзяць наперад ізноў 1:2. Аднак роўна праз тыя ж 2 хвіліны на 67-й Душан Влахавіч ізноў лік раўняе, цяпер ужо 2:2. Затым на 74 і 86 чорна-жоўтыя сыходзяць у адрыў, але сваё апошняе слова «старая сеньёра» вырашыла пакінуць на самы канец гэтай сустрэчы. Спачатку на 94 хвіліне усё той жа Влахавіч, які дарэчы выйшаў на поле толькі на 58 хвіліне гульні, скарачае адставанне ў ліку 3:4. І ўсё праз тыя ж праз 2 хвіліны на апошняй 96-й ювелірным пасам знаходзіць у цэнтры штрафной «Барусіі» Лойда Келі, які ўдарам галавой усталёўвае канчатковы нічыйны вынік гэтай перастрэлкі – 4:4.
Агулам жа ў 6-ці першых матчах Лігі чэмпіёнаў было забіта 23 галы. Якім будзе сённяшні дзень, паглядзім увечары. «Алімпіякас» прымае «Пафас», «Славія» ў Празе – «Бодзё/Глімт», «Аякс» – «Інтэр», «Баварыя» – «Чэлсі», «Ліверпуль» – «Атлетыка» Мадрыд і «ПСЖ» – «Аталанта».
У мінулую суботу ў сталіцы Японіі стартаваў чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы. У Токіа вярнулася беларуска Крысціна Ціманоўская, якая зараз выступае за зборную Польшчы. Чатыры гады таму Крысціна пакінула Алімпіяду ў Токіа. У жніўні 2021-га падчас Алімпійскіх гульняў у Японіі афіцыйная беларуская дэлегацыя спрабавала прымусам вывезці спрынтарку пасля таго, як яна публічна паскардзілася на тое, што яе без згоды ўнеслі ў склад няпрофільнай эстафеты 4 па 400 метраў. У аэрапорце Ціманоўская адмовілася сядаць у самалёт, папрасіла абароны ў японскай паліцыі і атрымала гуманітарную візу ў амбасадзе Польшчы.
Сёлета на чэмпіянаце свету Ціманоўская мае выступіць толькі ў жаночай эстафеце 4×100 м. Разам з ёй у каманднай заяўцы фігуруюць Эва Свабода, Магдалена Нямчук, Аляксандра Піятроўская, Магдалена Стэфановіч, Марлена Гранашэўская. Папярэднія забегі пройдуць 20 верасня, фінал жа прызначаны на 21-е. У сезоне-2025 Ціманоўская паказала на стометроўцы найлепшы час падчас чэмпіянату Польшчы. 11,38 секунды дазволілі ўзяць тытул — але не адабрацца на ЧС у індывідуальную праграму. Спартоўка мусіла бегчы і ў фінале на 200 м, але знялася праз дробную траўму. У гэтым сезона яе найлепшы час на такой дыстанцыі складае 23,20 сек.
Беларускія і расейскія каманды на чэмпіянат свету не дапушчаныя.
І завершым навінамі з Філіпінаў, дзе праходзіць чэмпіянат Свету па валейболе. Там учора былі згуляныя астатнія матчы 2 тура групавога этапу. Зборная Украіны пасля крыўднай паразы ад Бельгіі з лікам 0:3, з такім жа лікам, але на сваю карысць, без асаблівых перашкод разабралася са зборнай Алжыра – 25:17, 25:12, 25:11. І заўтра згуляе свой кантрольны матч за выхад у 1/8 фінала са сваімі асноўнымі канкурэнтамі на гэта – грознымі італьянцамі.
Нагадаю, што зборная Польшчы сабе гэтае права заваявала – датэрмінова.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






