Праца албанскага парламента апынулася паралізаваная пасля таго, як большая частка дэпутатаў ад кіроўнай партыі адправілася ў Германію глядзець матчы чэмпіянату Еўропы па футболе.

Пленарнае пасяджэнне Кувенда (так завецца албанскі парламент), у які ўваходзяць 140 дэпутатаў, было перанесена з чацвярга на сераду, пасля чаго вялікая група народных абраннікаў паехала на футбол падтрымаць зборную Албаніі. Многія дэпутаты едуць у Германію на асабістых аўтамабілях, таму дарога зойме больш за суткі.
15 чэрвеня ў Дортмундзе албанцы, якія ўдзельнічаюць у топ-турніры толькі другі раз у гісторыі, згуляюць са зборнай Італіі. Як чакаецца, на хатнім стадыёне «Барусіі» збяруцца каля 50 тысяч албанцаў. Сярод іх будуць і многія дэпутаты парламента. Больш за тое, заканадаўцы плануюць застацца і на астатнія матчы групавога этапу з удзелам зборнай Албаніі. Па гэтай прычыне парламент Албаніі не будзе працаваць 10 дзён, а пленарнае пасяджэнне на наступным тыдні не адбудзецца. Гэта выклікала палітычны скандал і абурэнні з боку апазіцыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: report.az