BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Амстэрдаме збівалі ізраільскіх футбольных заўзятараў

Увечары 7 лістапада ў Амстэрдаме адбылася футбольная сустрэча Лігі Еўропы паміж галандскім «Аяксам» і «Макабі» з Тэль-Авіву. Яна завяршылася разгромнай перамогай «Аяксу» 5:0, а пасля гульні ізраільскіх прыхільнікаў чакалі праблемы. Не ад ультрас «Аяксу», якія маюць прыяцельскія адносіны з імі, а ад мясцовай арабскай моладзі.

Як найменей 10 чалавек атрымалі траўмы пры нападах арабаў па выхадзе са стадыёну. Адзначаецца, што галандская паліцыя проста пакінула заўзятараў «Макабі» без суправаджэння, і тыя адправіліся ў свае гатэлі, аднак на іх пачалі нападаць.

Галандская паліцыя заявіла пра 57 затрыманых за агрэсіўныя паводзіны. Ізраільскія журналісты адзначаюць, што за некаторымі прыхільнікамі клубу з Тэль-Авіву нападнікі ганяліся з нажамі. Выданне Maariv паведаміла пра адну спробу выкрадання чалавека, некаторыя іншыя ізраільцяне забарыкадаваліся ў крамах і іншых установах, каб пазбегнуць расправы.

Звычайна пасля футбольных паядынкаў прыхільнікаў гасцявой каманды суправаджае паліцыя, каб не дапусціць падобных здарэнняў. Але ў Амстэрдаме гэтага не адбылося, пры тым, што ў горадзе пражывае багата арабаў, настроеных супраць Ізраілю.

Прэм’ер-міністр Ізраіля Нетаньяху заклікаў паліцыю Амстэрдама “дзейнічаць супраць бунтаўшчыкоў рашуча і хутка”. Таксама Ізраіль плануе накіраваць 2 самалёты ў Нідэрланды, каб забраць сваіх грамадзян.

Лідар найбуйнейшай у парламенце Нідэрландаў правай «Партыі свабоды» Герт Вілдэрс назваў тое, што адбылося на вуліцах Амстэрдама, пагромам. «Мы сталі Газай Еўропы. Мусульмане з палесцінскімі сцягамі палююць на габрэяў. Улады будуць прыцягнутыя да адказнасці за сваю няздольнасць абараніць грамадзян Ізраіля», — заявіў ён.