У беларускай хакейнай Экстралізе прайшлі першыя матчы 50 тура рэгулярнага чэмпіянату.

Менскае «Юнацтва» абыграла «Дынама-Маладэчна» з лікам 4:2. З лікам 5:2 «Гомель» быў мацнейшым за аршанскі «Лакаматыў». Жлобінскі «Металург» з лікам 2:3 саступіў «Віцебску».
Такім чынам салігорскі «Шахцёр» гарантаваў сабе ўдзел у плэй-оф Экстралігі.
Ён стаў другім удзельнікам плэй-оф услед за «Юнацтвам».
У сезоне Экстралігі салігорскі клуб правёў 49 матчаў, набраў 71 ачко і займае другое месца ў турнірнай табліцы. У мінулым сезоне «Шахцёр» пад кіраўніцтвам Яраслава Чупрыса заняў 11-е месца і ўпершыню ў сваёй гісторыі не патрапіў у плэй-оф.
А таксама «Віцебск», які набраў 71 ачко, стаў трэцім удзельнікам плэй-оф беларускага чэмпіянату па хакеі. У мінулым сезоне «Віцебск» дайшоў да фіналу, дзе саступіў «Юнацтву».
Стаў вядомы склад судзейскай брыгады, якая абслужыць матч за футбольны Суперкубак Беларусі.
Галоўным арбітрам будзе Дзмітрый Дзмітрыеў (Фаніпаль). Асіставаць яму будуць Дзмітрый Жук (Менск), Сяргей Цяслюк (Гомель). Чацвёрты арбітр – Антон Лашук (Менск). Інспектаваць паядынак будзе Аляксандр Чэрнік (Менск).
Сустрэча гарадзенскага «Нёмана» і віцебскага «МЛ» пройдзе 28 лютага на стадыёне «Дынама-Юні» ў Менску. Пачатак – у 15:30 па беларускім часе.
«Нёман» прэзентаваў форму на сезон-2026.
Гарадзенцы будуць выступаць у дзвюх камплектах. Адзін – зялёна-чорны, другі – цалкам чорны.
Каманда з берагоў Нёмана завяршыла ЧБ-2025 на 8-м месцы ў турнірнай табліцы.
«Сан-Дыега» на выездзе саступіў «Ракфарду» з лікам 1:2 у матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ.
21-гадовы беларускі нападаючы Ягор Сідараў у прайграўшай камандзе гуляў на левым фланзе першага звяна. Ён нанёс адзін кідок па варотах і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «-1».
У бягучым сезоне ўраджэнец Віцебска правёў 48 матчаў, у якіх набраў 25 (13+12) ачкоў, зарабіў 32 хвіліны штрафнога часу пры паказчыку карыснасці «-9».
22-гадовы беларускі абаронца «Ракфарда» Дзмітрый Кузьмін гуляў у трэцяй пары абароны. На 58-й хвіліне сустрэчы ён аформіў асіст, набраўшы 1 (0+1) выніковы бал. Таксама Кузьмін нанёс адзін кідок і ў выніку зарабіў паказчык карыснасці «+1».
У гэтым сезоне ён на яго рахунку 37 матчаў, 10 (4+6) ачкоў, паказчык карыснасці «1» і 11 хвілін штрафнога часу.
Беларускі абаронца «Чыкага» Арцём Леўшуноў трэніруецца ў трэцяй пары абароны разам з Мэтам Гжэльчыкам, паведамляе рэсурс BHF (BlackhawksFocus) на сваёй старонцы ў сацсетцы Х.
Нагадаем, што Леўшуноў прапусціў апошнія тры гульні «Чыкага» пасля паразы ў матчы з «Піцбургам», якая скончылася з лікам 2:6, у якім ён зарабіў паказчык карыснасці «–5» і ўсталяваў беларускі антырэкорд у НХЛ па карыснасці «плюс/мінус» за адну гульню.
Таксама паведамлялася, што «Чыкага» можа адправіць беларуса ў фарм-клуб пасля заканчэння міжнароднай паўзы з-за правядзення Алімпійскіх гульняў.
Баскетбаліст «Лэйкерз» Леброн Джэймс дасягнуў дзвюх юбілейных адзнак у матчы супраць «Бостана», у якім яго каманда саступіла з лікам 89:111.
У гэтым матчы, Джэймс афіцыйна запісаў на свой рахунак 1600-ы матч у рэгулярным чэмпіянаце НБА.
Ён з’яўляецца другім гульцом у гісторыі лігі па колькасці згуляных матчаў, саступаючы толькі сябру Залы славы Роберту Пэрышу, у якога 1611 выхадаў на паркет.
А на 6:40 хвіліне трэцяй чвэрці матча лепшы бамбардзір у гісторыі НБА забіў лэй-ап, набраўшы 43 000 ачкоў за кар’еру ў рэгулярным чэмпіянаце. Ён першым у лізе дасягнуў гэтай адзнакі.
У гэтым сезоне ў 37 матчах Джэймс набірае ў сярэднім 21,7 ачка, робіць 7,2 перадачы, 5,7 падбораў і 1,1 перахоп.
З дзеючых гульцоў найменшы адрыў па ачках ад 41-гадовага Леброна, які мае зараз 43 008, у форварда «Х’юстана» Кевіна Дзюрэнта – 31 927 ачкоў у матчах рэгулярнага чэмпіянату.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






