Сёння адбыліся першыя матчы плей-оф у жаночым першынстве. Па выніках рэгулярнага чэмпіяната склаліся наступныя чвэрцьфінальныя пары: “Мінск” – “Гарызонт”-2, “Мінск”-м – РГУАР, “Алімпія” – “Гомельскія рысі”, “Гарызонт” – “Вікторыя”.
На гэтай стадыі ідзе розыгрыш да дзвюх перамог. Па выніках трох апошніх сезонаў уладальнікам тытула быў “Гарызонт”. Дзяўчыны з гэтага клуба ў снежні здолелі заваяваць і Кубак Беларусі, а вось у цяперашнім чэмпіянаце краіны пацярпелі ўжо 5 паразаў. Прычым ні разу не змаглі абыграць галоўнага канкурэнта – жаночую каманду “Мінска”.
Пухаў прызнаны лепшым іграком 3-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе
Цімур Пухаў прызнаны найлепшым гульцом і аўтарам самага эфектнага гола 3-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У гасцявым паядынку з барысаўскім БАТЭ 25-гадовы расейскі паўабаронца “Гомеля” быў адным з лідараў сваёй каманды, аформіўшы галявы дубль. Акрамя таго, яго першы гол быў прызнаны самым прыгожым у мінулы ўік-энд. У сярэдзіне першай паловы гульні ў Барысаве Пухаў эфектна забіў гаспадарам поля прамым ударам са штрафнога. У выніку гамяльчане выйгралі 3:1, святкаваўшы першую вікторыю ў сёлетнім першынстве. Пасля трох тураў лідзіруюць гарадзенскі “Нёман” і мазырская “Славія”, якія набралі па 9 ачкоў з 9 магчымых, на два балы менш у берасцейскага “Дынама”. Спіс лепшых бамбардзіраў узначальвае Павел Чыкіда са “Славіі”, які забіў 4 мячы.
Вадзім Скрыпчанка на мяжы адстаўкі з менскага “Дынама”?
Як паведамляе тэлеграм-канал “Вуха”, пасля сустрэчы з “Мінскам”, якая завяршылася з лікам 0:0, спецыялісту далі тры матчы на выпраўленне сітуацыі. Кіраўніцтва “бела-сініх” заклапочана гульнёй і вынікамі каманды на старце сезона. Першы з трох матчаў завяршыўся няўдала – нічыя з наваполацкім “Нафтанам” 2:2. Наступныя – “Гомель” у чэмпіянаце і “Нёман” у Кубку. Пры гэтым вядома, што кіраўніцтва клуба наводзіла даведкі па сітуацыі Аляксандра Сяднёва ў “Ардабасы”.
Аляксандр Гутар блізкі да завяршэння кар’еры
34-гадовы галкіпер Аляксандр Гутар схіляецца да таго, каб павесіць буцы на цвік. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал “Спорт Беларусі”. Апошнім клубам футбаліста быў барысаўскі БАТЭ, які ён пакінуў у сёлетнім студзені. Гутар — васьміразовы чэмпіён Беларусі ў складзе БАТЭ, берасцейскага “Дынама” і салігорскага “Шахцёра”.
Прэзідэнт УЕФА растлумачыў, чаму Беларусь не была адхілена ў адрозненне ад Расеі
Аляксандр Чаферын пракаменаваў сітуацыю вакол адхілення Беларусі ад турніраў пад эгідай УЕФА. “Перш за ўсё, ніводзін палітык не будзе ўказваць нам, што рабіць. Мы не будзем прыслухоўвацца ні да аднаго палітыка. Я супраць байкотаў, мне не падабаюцца байкоты ці забароны. Але ў выпадку з Расеяй проста не было іншага выйсця. Мы ўсе павінны паспрабаваць дапамагчы спыніць вайну, гэта вар’яцтва. Што да Беларусі, то некалькі палітыкаў напісалі нам, што ўсе, хто дапамагаў Расеі, павінны быць адхіленыя. Цяпер я спытаю: ці дапамагаюць Расеі тыя, хто купляюць газ? Ці павінны мы адхіліць усе еўрапейскія краіны, нават самыя буйныя, якія працягваюць купляць газ? Геастратэгічныя праблемы павінны вырашаць палітыкі. Патрабаваць ад спартовых арганізацый выканання іх працы — гэта папулізм і не больш за тое”, — сказаў Чаферын.
Беларускае Радыё Рацыя