У Даніі ды Швецыі працягваецца 88-ы чэмпіянат свету па хакеі. Учорашні гульнявы дзень прынёс наступныя вынікі. Германія ды Латвія з аднолькавым лікам 5:2 перамаглі, адпаведна, Нарвегію ды Славенію. Канада разграміла Францыю 5:0, а таксама Венгрыя перамагла Казахстан з лікам 4:2.
За акіянам у матчы другога раўнда ў Нацыянальнай хакейнай лізе «Вашынгтон» Аляксея Протаса саступіў «Караліне» з лікам 2:5. Беларус гуляў у першым звяне. Агулам правёў на лёдзе больш за 17 хвілін, але чымсьці выніковым у матчы не адзначыўся. Яго каманда саступае 1:3 ў серыі да 4 перамог.
Міжнародны саюз канькабежцаў дапусціў 13 беларускіх спартоўцаў да ўдзелу ў кваліфікацыйных спаборніцтвах да Зімовых Алімпійскіх гульняў 2026 года, якія пройдуць у Італіі. Як паведамляецца, гэтае рашэнне было прынята «пасля ўважлівага разгляду кожнага канкрэтнага выпадку», уключаючы вывучэнне публічных заяў атлетаў з лютага 2022 года. Беларусы будуць выступаць толькі пад нейтральным сцягам. У спіс дапушчаных, паводле паведамлення Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, увайшлі: канькабежцы: Ягор Дамарацкі, Яўген Балгоў, Віктар Рудэнка, Марына Зуева і Кацярына Гагіева. Шорт-трэк: Мікіта Мігдалёў і Яна Дамброўская. Фігурнае катанне (танцы на лёдзе): Вікторыя Пласконная і Уладзіслаў Сыцік. Фігурнае катанне (адзіночнае катанне): Вікторыя Сафонава, Анастасія Сідарэнка, Васіль Барахоўскі і Яўген Пузанаў. Адбор на Алімпіяду для канькабежцаў павінен прайсці на чатырох этапах Кубка свету гэтага года (у лістападзе-снежні ў амерыканскім Солт-Лэйк-Сіці, канадскім Калгары, нідэрландскім Херэнвене і нарвежскім Хамары).Прадстаўнікі шорт-трэка змогуць выступіць на чатырох этапах сусветнага тура 2025 года (у кастрычніку-лістападзе ў канадскім Манрэалі, амерыканскім Солт-Лэйк-Сіці, польскім Гданьску і нідэрландскім Дордрэхце). Фігурысты пакуль дапушчаныя толькі да кваліфікацыйнага турніру, які адбудзецца 17-21 верасня бягучага года ў Пекіне, паведамілі ў Міжнародным саюзе канькабежцаў. Зімовыя Алімпійскія Гульні пройдуць з 6 па 22 лютага 2026 года ў італьянскіх Мілане і Карціна-д’Ампеца.
У чэмпіянаце Балгарыі па футболе беларускі брамнік сафійскага ЦСКА Фёдар Лапавухаў адыграў чарговы матч «на нуль». Гэтым разам яго каманда ў групе, у якой разыгрываецца выхад у Лігу канферэнцый, разграміла «Спартак» з Варны з лікам 5:0. І зараз ЦСКА застаецца набраць у дзвух апошніх гульнях усяго адно ачко, каб гарантаваць сабе выхад у еўракубкі. Таксама гэта можа адбыца 22 траўня ў фінале Кубка Балгарыі, дзе ЦСКА пазмагаецца за трафей з «Лудагорцам».
Усяго ж Лапавухаў адыграў за «армейцаў» 9 матчаў, з якіх 6 «на суха», у тым ліку апошнія 4 запар.
28 чэрвеня ў Варшаве у 4-ы раз пройдзе футбольны Турнір беларускай салідарнасці — «Кубак Івуліна». У 2022 годзе яго арганізавалі ў знак салідарнасці з тагачасным палітвязнем спартовым журналістам, блогерам Аляксандрам Івуліным і тысячамі іншых палітзняволеных. «Кубак Івуліна» — гэта не проста футбольны турнір. Гэта — супольнасць. Гэта — салідарнасць. Гэта — клопат. Як сведчанне таго, што людзі не забываюцца пра тое, што адбываецца ў Беларусі, людзі збіраюцца зноў, каб згуляць, падтрымаць і сказаць «мы памятаем» – гавораць яго арганізатары. Па іх словах турнір фарматам у адзін дзень збярэ 24 каманды. Яму будуць спадарожнічаць – жывая праграма, дзіцячая зона, а таксама эмоцыі як на фінале Лігі чэмпіёнаў.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя