16 снежня ў катарскай Досе адбылася цырымонія ўзнагароджання The Best FIFA Football Awards 2025, якую ініцыюе ФІФА.

Вінгер французскага «ПСЖ» Усман Дэмбеле прызнаны лепшым гульцом 2025 года па версіі ФІФА.
Да ўвагі прымаліся выступленні ад 11 жніўня 2024 года да 2 жніўня 2025 года. Пераможцу вызначылі капітаны і трэнеры зборных, балельшчыкі і СМІ шляхам галасавання. Француз сёлета выйграў Лігу чэмпіёнаў, Лігу 1, Кубак Францыі, Суперкубак Францыі і Суперкубак УЕФА.
Сярод іншых намінантаў былі: Ашраф Хакімі («ПСЖ», Марока), Хары Кейн («Баварыя», Англія), Кіліян Мбапе («Рэал», Францыя), Нуну Мендэш («ПСЖ», Партугалія), Коўл Палмер («Чэлсі», Англія), Педры («Барселона»), Махамед Салах («Ліверпуль», Егіпет), Віцінья («ПСЖ», Партугалія) і Ламін Ямаль («Барселона», Гішпанія).
Італьянскі галкіпер Джанлуіджы Данарума атрымаў узнагароду The Best FIFA Men’s Goalkeeper 2025, упершыню ў сваёй кар’еры стаўшы ўладальнікам індывідуальнага прыза. У мінулым сезоне 26-гадовы італьянец выйграў са сваім былым клубам 4 трафеі: Лігу чэмпіёнаў, чэмпіянат Францыі, Кубак краіны і Суперкубак. Акрамя таго, ён дайшоў да фіналу Клубнага чэмпіянату свету 2025 года, дзе «ПСЖ» стаў срэбным прызёрам. Цяпер Джанлуіджы абараняе колеры «Манчэстэр Сіці» ў англійскай Прэм’ер-лізе.
У галасаванні за ўзнагароду ФІФА Данарума апярэдзіў такіх канкурэнтаў як Алісан, Цібо Куртуа, Эміліяна Марцінес, Мануэль Ноер, Давід Рая, Ян Зомер і Войцэх Шчэнсны.
У намінацыі найлепшы трэнер 2025 года прыз атрымаў Луіс Энрыке, які ўзначальвае французскі «ПСЖ». У гэтым годзе пад кіраўніцтвам гішпанца парыжане выйгралі Лігу чэмпіёнаў, Лігу 1, Кубак Францыі, Суперкубак Францыі і Суперкубак УЕФА. Энрыке апярэдзіў Арнэ Слота з «Ліверпуля» і Ханса-Дзітэра Фліка з «Барсэлоны».
Паўабаронца «Барсэлоны» і жаночай зборнай Гішпаніі Айтана Банмаці стала найлепшай футбалісткай свету 2025 года па версіі ФІФА. Банмаці атрымала перамогу ў намінацыі «Найлепшая футбалістка года» трэці год запар. 27-гадовая Айтана разам з «Барселонай» выйграла чэмпіянат, Кубак і Суперкубак Гішпаніі, а таксама стала фіналісткай Лігі чэмпіёнаў 2024/25. У складзе зборнай Гішпаніі яна стала фіналісткай жаночага Еўра-2025. У гэтым годзе Банмаці была прызнаная лепшым гульцом Лігі чэмпіёнаў 2024/25, Еўра-2025, а таксама стала ўладальніцай «Залатога мяча»-2025.
У цэлым гэта пяты раз запар, калі футбалістка «Барселоны» прызнаецца лепшым гульцом года па версіі ФІФА.
У 2021-2022 гадах гэтую ўзнагароду атрымлівала Аляксія Путэльяс.
Паўабаронца аргентынскага клуба «Індэпендзьентэ» Сант’яга Мантыель стаў уладальнікам прэміі Пушкаша ў 2025 годзе. Падчас цырымоніі The Best, якую арганізуе ФІФА, 25-гадовы аргентынец быў аб’яўлены лаўрэатам узнагароды гэтага года. Мантыель стаў другім запар аргентынцам, якія атрымалі гэтую ўзнагароду. Летась яе атрымаў былы паўабаронца «Манчэстэр Юнайтэд», а цяпер гулец «Чэлсі» Алехандра Гарнача. 11 траўня 2025 года Мантыель забіў гол ударам праз сябе з-за межаў штрафной пляцоўкі ў вароты «Індэпендзьентэ Рывадавія».
IFFHS апублікаваў рэйтынг футбольных клубаў свету па гісторыі і статыстыцы.
Лідарам сусветнага рэйтынгу з’яўляецца французскі «ПСЖ». Другое месца за гішпанскім «Рэалам» з Мадырда, а тройку замыкае ангельскі «Чэлсі». Найлепшая беларуская каманда – гарадзенскі «Нёман», які размяшчаецца на 326-й пазіцыі.
Рэйтынг:
1. ПСЖ (Францыя)
2. «Рэал Мадрыд» (Гішпанія)
3. «Чэлсі» (Англія)
4. «Інтэр» (Італія)
5. «Баварыя» (Германія)
6. «Барселона» (Гішпанія)
7. «Арсенал» (Англія)
8. «Фламенга» (Бразілія)
9. «Палмейрас» (Бразілія)
10. «Барусія Д» (Германія)
…
326. (328) «Нёман» (Беларусь)
393. (364) «Тарпеда-БелАЗ» (Беларусь)
425. (430) «Дынама-Менск» (Беларусь)
Па выніках лёсавання матч 1/16 фіналу Юнацкай лігі УЕФА паміж менскім «Дынама» і «ПСЖ» пройдзе ў Францыі. З улікам таго, што беларускія каманды не могуць прымаць супернікаў у Беларусі, намінальнымі гаспадарамі будуць – менчукі, але гульня адбудзецца ў Парыжы 4 лютага на трэніровачнай базе ПСЖ. Ці будуць на матч дапушчаныя заўзятары, пакуль не вядома.
Супрацьстаянне складаецца з аднаго матча. Пераможца выйдзе ў 1/8 фіналу. Нагадаем, у Юнацкай лізе УЕФА прымаюць футбалісты не старэйшыя за 19 гадоў.
У рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай Экстралігі былі згуляныя астатнія матчы 33 тура.
Наваполацкі «Хімік» перайграў аднаго з лідараў – «Дынама-Маладэчна» з лікам 4:2. «Брэст» з лікам 6:3 перамог «Віцебск». З лікам 2:5 «Магілёў» саступіў аршанскаму «Лакаматыву». І «Нёман» у Гародні прайграў свой матч «Гомелю» з лікам 1:4.
Такім чынам пасля 33 тураў на першым месцы ў турнірнай табліцы з 56 ачкамі па-ранейшаму ідзе менскае «Юнацтва», на другім месцы «Ліда», у якой 49 пунктаў і з 45 ачкамі замыкае тройку лідараў – салігорскі «Шахцёр».
Хакейны «Бостан» забраў 24-гадовага абаронцу зборнай Беларусі Уладзіслава Калячонка з драфту адмоваў, куды раней яго 15 снежня выставіў «Далас», паведамляе інсайдэр Sportsnet Эліат Фрыдман. Гулец перайшоў у «Бостан» без якой-небудзь кампенсацыі. У выпадку адсутнасці заявак ён мусіў адправіцца ў фарм-клуб «Даласа». У сезоне НХЛ-2025/26 Калячонак правёў 11 матчаў за «Далас», набраўшы 3 (1+2) дзейсных бала пры паказчыку карыснасці «+3». Усяго ў НХЛ Уладзіслаў Калячонак згуляў 85 матчаў, выступаючы за «Арызону», «Юту», «Піцбург» і «Далас». За гэты час у яго актыве 17 (5+12) ачкоў.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






