BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У фінале чэмпіянату свету па хакеі сустрэнуцца ЗША і Швайцарыя

У суботу 24 траўня вызначыліся фіналісты хакейнага чэмпіянату свету. У абодвух матчах гаспадароў першынства спасцігла фіяска.

Першымі выйшлі на лёд дружыны ЗША і Швецыі. Скандынавы лічыліся фаварытамі, але на справе ўсё выйшла іначай. Два перыяды дамінавалі амерыканцы і пасля іх былі наперадзе – ажно 4:0. У трэцяй тэрцыі інтрыга ўзрадзілася на кароткі час, калі шведы цягам 40 секундаў закінулі дзве шайбы ў брамку супернікаў. Але паўночнаамерыканцы хутка астудзілі запал супернікаў выніковай контратакай, ну а потым каманда Раяна Варсоўскага закінула яшчэ ў аспусцелую брамку – выніковыя 6:2 на карысць амерыканцаў. Такім чынам упершыню за 65 (!) гадоў ЗША можа стаць чэмпіёнам свету. Апошні тытул быў здабыты ў далёкім 1960 годзе.

Супернікам каманды ЗША стане Швайцарыя, якая літаральна разграміла сенсацыйную зборную Даніі – 7:0. Швайцарцы, якія летась узялі сярэбраныя ўзнагароды, упершыню могуць стаць чэмпіёнамі свету.

У нядзелю пройдзе фінальны матч. Перад тым бронзу разыграюць суседзі – Швецыя і Данія.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя